Працаваць — на Захад! Топ-10 краін для працоўнай міграцыі беларусаў у 2022 годзе
Польшча пасунула Расію з першага месца ў спісе краін, куды беларусы выехалі працаваць. У 2022 годзе для працоўнай міграцыі беларусы часцей выбіраюць краіны Захаду, чым Расію і ўсходні рэгіён.
![map_man_walking.jpg map_man_walking.jpg](/img/v1/images/map_man_walking.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле статыстыкі Дэпартамента міграцыі і грамадзянства МУС Беларусі, Польшча стала галоўным кірункам для беларусаў, якія выехалі з краіны на падставе працоўных кантрактаў. Упершыню за дзесяць гадоў гэтая краіна выглядае найбольш прывабна для працаўладкавання, абышоўшы традыцыйнага лідара — Расію, пішуць «Белнавіны».
Па афіцыйных даных, за дзевяць сёлетніх месяцаў у Польшчу выехалі працаваць 1893 беларускіх грамадзяніна. У такі самы час на заробкі ў Расію адправіўся 1671 чалавек. У 2021 годзе расійскі працоўны рынак абралі 2063 беларуса, а польскі — толькі 1319. Літва была на трэцім месцы, туды паехалі працаваць 1235 чалавек.
Расце таксама папулярнасць Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Фінляндыі і Славакіі. Плынь працоўнай міграцыі на Захад пашыраецца, а на Усход — звужаецца.
Скарачэнне патоку працоўных мігрантаў на расійскім напрамку звязана перш за ўсё з тым, што Расія пачала ў гэтым годзе вайну ва Украіне. Экспертка даследчага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна кажа, што гэта перш за ўсё адлюстроўвае настрой беларусаў, большасць якіх негатыўна ставяцца да расійскай «вайсковай аперацыі».
«Вайна павышае рызыкі. Расія цяпер не з'яўляецца бяспечным месцам. Пагаршаецца і эканамічны стан, што звязана з санкцыямі, растуць рызыкі працы на гэтым рынку працы. Таму мы і бачым такі паварот», — тлумачыць Наста Лузгіна.
Лузгіна адзначае, што ў гэтым годзе на вынікі працоўнай міграцыі, хутчэй за ўсё, уплывае актыўнасць ІТ-спецыялістаў, якія з'язджаюць за мяжу па працоўных кантрактах.
![222_2_1.jpg 222_2_1.jpg](/img/v1/images/222_2_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яшчэ адзін важны аспект працоўнай міграцыі з Беларусі на Захад — змянілася кваліфікацыя мігрантаў. Лузгіна адзначае, што раней людзі часта ехалі на сезонныя заробкі, пераважна ў Расію. Тады як на Захад едуць людзі з больш высокім узроўнем адукацыі і кваліфікацыі. Паводле яе інфармацыі, акрамя айцішнікаў едуць лекары і іншыя спецыялісты высокага ўзроўню, і яны даюць для заходняй эканомікі значна большы прырост.
Пры гэтым паток працоўнай міграцыі ў саму Беларусь усё яшчэ перавышае паток беларусаў, якія паехалі працаваць за мяжу. За 9 месяцаў 2022 года ў Беларусь на працу прыехалі 7973 чалавекі. У тройцы лідараў па пастаўцы працоўных рэсурсаў па-ранейшаму Расія, Кітай і Украіна, але ў параўнанні з мінулым годам паток работнікаў з гэтых краін паменшыўся. У той жа час сталі больш уладкоўвацца на працу ў Беларусі госці з Туркменістана і Таджыкістана, хоць прырост з гэтых кірункаў не кампенсуе страт міграцыйнага патоку з тройкі лідараў.
Галоўныя трэнды працоўнай міграцыі сёння не вельмі спрыяльныя для Беларусі: паток на Захад пашыраецца і напоўнены спецыялістамі высокай кваліфікацыі. Тады як паток працоўных мігрантаў, якія прыязджаюць у Беларусь, памяншаецца вялікімі тэмпамі. Пры гэтым растуць патокі працоўнай міграцыі з краін Сярэдняй Азіі і Каўказа.