Прагноз. Долар смела возьме планку ў тры рублі
Ці з’яўляецца рост свабодна канвертаваных валют сезоннай з’явай, выкліканай набліжэннем працяглых навагодніх свят? Як павядуць сябе долар і еўра ў наступным годзе?
Увесь гэты тыдзень долар і еўра заўважна даражэлі. 22 снежня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара вырас на 1,65% — да 2,737 рубля, а еўра падаражэў на 1,68% — да 2,9135 рубля. Курс расійскага рубля ўпаў на 0,77% — да 3,7985 рубля за 100 расійскіх рублёў.
Пагаварылі з эканамістам Львом Марголіным і доктарам эканамічных навук Віктарам Цярэшчанкам.
Леў Марголін: Беларускі рубель працягне прасядаць
— Рост еўра і долара — не сезонная з’ява, а заканамерны адказ бізнесу на ўведзеную з 6 снежня столь цэн на расійскую нафту, і нават не толькі на гэта, бо расійская нафта патаннела сама па сабе. Адпаведна, рэзка скараціўся прыток валюты ў Расію. Імпарт паступова пракладае новыя дарожкі, а экспарт, наадварот, паступова затухае.
Паколькі беларуская эканоміка сёлета дэманструе надзвычайную залежнасць ад расійскай, то следам за расійскім рублём падае і беларускі.
Магчыма, перад новым годам адбудзецца невялікі адкат назад, бо бізнес працуе з пэўным запасам. 20-ыя чыслы — гэта час выплаты падаткаў, а як падаткі плацяцца не ў доларах, а ў рублях, то расійскі рубель, а следам за ім і беларускі трохі падцягнуцца ды ўмацуюць свае пазіцыі.
—З вобласці фантастыкі, але можна хаця з нейкай доляй верагоднасці спрагназаваць паводзіны «варожых» валют у наступным годзе?
— Так, гэта з вобласці футурызму. Але, мяркую, нас чакае далейшае прасяданне і расійскага, і беларускага рубля па дзвюх прычынах.
Па-першае, усе меры, якія можна было задзейнічаць для ўтрымання рубля, ужо задзейнічаны сёлета: і паралельны імпарт, і пошук шляхоў абыходу санкцый, і многія іншыя — яны ўжо вычарпаныя.
Па-другое, з 6 снежня ўведзена столь цэн на расійскую нафту, а ў лютым чакаецца ўвядзенне цэнавых абмежаванняў і на расійскія нафтапрадукты.
Так што можна прагназаваць, што долар працягне свой рост і планкі ў тры рублі, як мінімум, дасягне.
— А што з еўра?
— Еўра, як вядома, з валютнага кошыка выкінуты, таму цяпер курс еўра, як заяўляюць чыноўнікі з Нацбанка, будзе вызначацца апасродкавана, праз курс долара: долар да рубля расце — значыць, будзе расці і курс еўра, падае — будзе падаць і еўра.
Але вернемся да тэмы. Калі ўрад не будзе рабіць непрыхавана нярыначных крокаў (як гэтай восенню з утрыманнем цэн), то варта чакаць плаўнага росту долара: мяркую, цягам года долар можа вырасці на 10-15%. А калі кіраўніцтва будзе рабіць яўна антырынкавыя крокі, то спрагназаваць паводзіны валют надзвычай цяжка.
Віктар Цярэшчанка: Патрэба ў свабодна канвертаванай валюце будзе нарастаць
— Улады Беларусі і Расіі ўсяляк супраціўляюцца падзенню рублёў, але нічога парабіць не могуць. Звычайна перад новым годам адбываецца аслабленне рубля: ідуць пакупкі, плацяцца падаткі.
Долар жа працягне свой рост — і ў снежні, і ў наступным годзе. Патрэба ў свабодна канвертаванай валюце будзе нарастаць, бо адсутнічае легальны імпарт (імпарт існуе, але так званы «паралельны»).
Рабіць прагнозы пры такой турбулентнасці як у рэгіёне, так і ў свеце — усё адно як гадаць на кававай гушчы. Але эканаміст перакананы, што «ў наступным годзе долар смела дойдзе да 3 рублёў, і гэта мінімум». Курс валюты шмат у чым будзе залежаць ад вырашэння нафтагазавых пытанняў, таго, як павернецца вайна ва Украіне, ці не здарацца ў свеце новыя канфлікты (Тайвань, Сербія). Але рубель будзе таннець.