Права на топлес

У Вялікабрытаніі новы этап незвычайнай вайны паміж флагманам жоўтай прэсы і рухам феміністак. 



media_page_3_3d_the_sun.jpg

У цэнтры канфлікту — так званая «Трэцяя старонка», або Page 3. Гэта фірмовая фішка брытанскай бульварнай газеты «The Sun», якую з часам пазычылі шматлікія аналагічныя СМІ, у тым ліку ва Усходняй Еўропе. На трэцяй старонцы газеты, якая нале­жыць славутаму медыя-алігарху Руперту Мэрдаку, штодня публікуецца топлес якой-небудзь гламурнай мадэлі. Рубрыка з’явілася ў лістападзе 1970 года і стала настолькі вядомай, што выданне нават з часам зарэгістравала гандлёвую марку пад назвай «Трэцяя старонка».

Безумоўна, сваім з’яўленнем Page 3 абавязаная культурнай рэвалюцыі 1960–1970-х гадоў на Захадзе, што зняла шматлікія табу, звязаныя з тэмай эротыкі. Праўда, спачатку выявы дзяўчат без адзення наклікалі на выданне гнеў рэтраградаў. Публічныя бібліятэкі ў камунах, якія кантраляваліся кансерватарамі, пачалі масава адмаўляцца ад падпіскі на «The Sun». Некаторыя культуролагі лічаць, што менавіта такая скандальная практыка зрабіла газету вядомай шырокаму чытачу і дазволіла з часам стаць лідарам на рынку жоўтай прэсы. Не дарма канкурэнты «The Sun» таксама хуценька завялі ў сябе нешта падобнае на Page 3.

Паступова кансерватары супакоіліся, тым больш, што «The Sun», як правіла, падтрымлівае торы. Затое паўстаў больш небяспечны для Мэрдака рух. Тая ж самая культурная рэвалюцыя прывяла да фармавання жаночага руху, які разглядае Page 3 як варыянт софт-парнаграфіі, якая ў дадатак даступная для дзяцей. Ужо напрыканцы 1970-х гадоў фемінісцкая грамадскасць пачала патрабаваць прыбраць са старонак бульварных газет гэты раздзел, або як мінімум не друкаваць жанчын топлес. У 1980 годзе феміністкі дабіліся першага буйнога поспеху — жоўтая «Daily Mirror» (галоўны канкурэнт «The Sun») адмовілася ад выяваў мадэляў топлес.

Нягледзячы на крытыку, Page 3 «The Sun» стабільна лашчыла вока аматараў эротыкі. Пазіцыя газеты не змянілася, нават калі пасаду галоўнага рэдактара зай­мала жанчына.

Пералом адбыўся ў 2012 го­дзе, калі паўстала ініцыятыва «The No More Page 3» (англ.: «Больш не існуе трэцяй старонкі»). Яе ўзначаліла пісьменнік Люсі-Анн Холмс, па словах якой, Page 3 «увекавечвае састарэлыя сэксісцкія нормы, адлюстроўвае жанчын як сэксуальныя аб’екты, адмоўна ўплывае на вобраз цела дзяўчат і жанчын, а таксама спрыяе фармаванню культуры сэксуальнага гвалту».

Ініцыятыва «The No More Page 3», лозунг якой гучаў як: «Грудзі — гэта не навіны», аказалася дастаткова шумнай, у тым лік дзякуючы падтрымцы шэрагу дэпутатаў ад усіх партый, якія прадстаўленыя ў парламенце. У рамках кампаніі яны прапанавалі ўвогуле забараніць публікаваць у брытанскіх СМІ напаўаголеных мадэляў. Праект рэзалюцыі пра забарону Page 3 «The Sun» абмяркоўваўся на нацыянальнай канферэнцыі ўрадавай партыі ліберал-дэмакратаў. Далей за ўсіх пайшла Кэралайн Лукас, дэпутат парламенту ад «зялёных». Яна парушыла парламенцкі дрэс-код, заявіўшыся на пасяджэнне Палаты абшчынаў у майцы з лагатыпам «The No More Page 3». У сваім выступе Лукас заклікала забараніць продаж газеты ў сценах парламента. Паралельна ў сеціве было сабрана каля 200 тысяч подпісаў супраць Page 3.

Спачатку «The Sun» успрыняў пратэсты як дзяжурны наезд і спрабаваў рэагаваць з дапамогай іроніі. Неяк на той самай трэцяй старонцы апублікавалі фатазды­мак адной з дэпутатак, якая хацела забараніць топлес.

wide_page31_620x349.jpg

Аднак паступова феміністкі перайшлі ў наступ. У жніўні 2013 года ім удалося дабіцца, каб зачыніла скандальную рубрыку ірландская версія «The Sun». Праз год выкінуў белы сцяг і сам уладальнік праекту. У верасні 2014-га Руперт Мэрдак прызнаўся, што фармат 3-й старонкі «састарэў». 20 студзеня 2015 года ў адным з інтэрв’ю Мэрдак паведаміў, што ёсць рашэнне зачыніць Page 3. Дзяўчыны на 3-й паласе «The Sun» сапраўды зніклі, што дазволіла арганізатарам «The No More Page 3» заявіць пра «грамадскую рэвалюцыю годнасці».

Аднак у нумары «The Sun» за 22 студзеня рэдакцыя ў духу былых часоў змясціла эратычную фотасесію нейкай Ніколь. Рэакцыя феменістак не прымусіла сябе чакаць. Кэралайн Лукас ужо збіраецца патрабаваць увогуле забароны выдання Мэрдака.

Адначасова прыхільнікі Page 3 прапануюць свае аргументы. Перш за ўсё, сцвярджаецца, што Page 3 за 45 гадоў існавання стала часткай народнай брытанскай культуры. Page 3 — гэта шанс на кар’еру для дзяўчат, якія вырашылі стаць мадэлямі. Сапраўды, у свой час Page 3 дала пуцёўку ў жыццё вядомым пазней мадэ­лям, накшталт Саманты Фокс. Цікава, што некаторыя сур’ёзныя выданні падтрымалі жоўты СМІ ў супрацьстаянні з актывістамі «The No More Page 3». На іх думку, падобная кампанія — не што іншае, як форма цэнзуры.

Чарговы раунд барацьбы за і супраць Page 3 адбываецца сінхронна з парламенцкай кампаніяй. Вялізарная папулярнасць «The Sun» (5,4 мільёна асобнікаў штодня) дазваляе выданню ўплываць на рэйтынгі партый. Магчыма, менавіта таму Мэрдак дэманстратыўна ўзяўся за старое, спадзеючыся, што ніводная ўплывовая палітычная сіла не будзе канфліктаваць з-за фота напаўголых дзяўчат.