Прыгонная мадэрнізацыя
Аляксандр Лукашэнка, каб паскорыць мадэрнізацыю лесаапрацоўчай галіны пачаў «зачыстку» яе кіраўнікоў. Напрыклад, супраць былога дырэктар ААТ «Магілёўдрэў» і трох яго падначаленых заведзеная крымінальная справа. А работнікаў дрэваапрацоўчай галіны загадана вярнуць да часоў прыгону.
Навошта гэта зроблена, адказу адназначнага няма. Быццам бы магілёўскія цесляры гналі на экспарт круглы лес замест таго, каб прадаваць за мяжу піламатэрыялы, ці гатовую мэблю. Як удакладняе БелТА, выдзеленыя ў 2009 годзе «Магілёўдрэву» грошы на «мадэрнізацыю вытворчасці» не былі выкарыстаныя па прызначэнню, таму прадпрыемства зведала сур’ёзныя эканамічныя страты.
Але што тут гадаць. Лукашэнка да тэхналагічных хібаў ці эканамічных стратаў сваіх падначаленых ставіцца як Папандопула з «Вяселля ў Малінаўцы», абяцаючы адкруціць галаву кожнаму, быццам бы яе і не было. Бывае, што і адкручвае таму-сяму...
Хто цяпер адкажа за тое, што на прадпрыемстве гналіся за падвышэннем аб’ёмаў, а не развівалі вытворчасць? Мусіць, зноў тыя ж дырэктары, кожны з якіх меў абавязковы план вытворчасці, што і быў прыярытэтам.
Але ці можа сумяшчацца мадэрнізацыя з прыгонам? Не здольныя пад выключным адміністратыўным прыгнётам і ў стане рабоў людзі выпускаць якасную прадукцыю. Людзі не маюць магчымасці працаваць на сябе, а працу на пана ўжо ненавідзяць.
Да пачатку Першай сусветнай вайны правесці мадэрнізацыю паспелі толькі некалькі краін, больш выразна гэта атрымалася ў ЗША. Пасля Другой сусветнай вайны да іх далучыліся некалькі еўрапейскіх краін, дзякуючы, перш-наперш, тым жа ЗША. Лічыцца, што ўзорную мадэрнізацыю з апірышчам на амерыканскую фінансавую і палітычную дапамогу правяла Заходняя Германія — дэнацыфікацыю, палітычную лібералізацыю, стварэнне сацыяльнай эканомікі. Усё гэта дало плён у выглядзе так званага нямецкага эканамічнага цуда.
На ўсходзе Еўропы краіны, што патрапілі ў хаўрус да савецкіх будаўнікоў камунізму, былі вымушаныя ажыццяўляць мадэрнізацыю па ўзору сталінскай індустрыялізацыі і калектывізацыі. Пачыналі, як патрабавала таго савецкая практыка, са знішчэння прыватнай ўласнасці. Таму постсавецкія краіны былі вымушаныя распачынаць мадэрнізацыю з аднаўлення былых (буржуазных) грамадзянскіх і гаспадарчых нормаў. Гэта былі радыкальныя крокі, але яны дазволілі хутка пазбавіць грамадства ад камуністычных спакусаў. Найбольшага поспеху у гэтым плане дасягнулі Польшча і Чэхія.
Але ў Беларусі свой шлях: тут спрабуюць адбудаваць будучыню на савецкім фундаменце, дзеля чаго не прыдумалі нічога лепшага як вярнуцца да прыгоннага ладу.