Мадэрнізацыя. Місія невыканальная

Слова «мадэрнізацыя» вельмі спадабалася беларускаму правадыру. Зараз з ягонай падачы «мадэрнізуецца» ўсё, што можна, і нават тое, што нельга, але хочацца. Але якім чынам гэта зрабіць рэальна, ніхто не ведае.



str_1_2_logo.jpg

Шчыльная ўвага слову «мадэрнізацыя» была нададзена Аляксандрам Лукашэнкам пасля таго, як за правал гэтай мадэрнізацыі ён раскрытыкаваў дрэваапрацоўчую сферу. І пасля гэтага пачалося.
На адной з прэс-канферэнцый Лукашэнка паведаміў, што марудна ідзе мадэрнізацыя паветранай абароны Беларусі. Нядаўна сказаў, што  наспела неабходнасць карэннай мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і навуковай сферы
Але гэтая мадэрнізацыя выглядае дзіўна. «Мы не можам дазволіць сабе распыляць сродкі дзеля задавальнення чыста акадэмічнай цікаўнасці. Беларуская навука павінна быць «заточаная» пад патрэбы нашай суверэннай дзяржавы і стаць больш кампактнай па сваёй структуры», — заявіў Лукашэнка.
Тут Аляксандра Рыгоравіча падлавіў акадэмік Вайтовіч, узгадаўшы, што тое самае Лукашэнка казаў напачатку 2000-х гадоў, і з тае пары нічога зроблена не было. Гэта і не дзіўна: яшчэ тады прэзідэнту адмыслоўцы казалі, што аснова ўсяго — фундаментальная навука, а яна і палягае ў тым, каб задаволіць «чыста акадэмічную цікаўнасць» чалавека за дзяржаўныя грошы. Ужо з гэтага фундамента вырастаюць практычныя і новыя тэхналагічныя рашэнні, інавацыйныя вынаходніцтвы.
Літаральна днямі было заяўлена, што да 2015 года плануецца цалкам завяршыць мадэрнізацыю ўстаноў аховы здароўя. 
У мінулым годзе Лукашэнка заяўляў, што ім дадзена даручэнне да канца года завяршыць усе арганізацыйныя працы па комплекснай мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Сёлета, па яго словах, распрацоўваецца план на 12–15 сур’ёзных праектаў мадэрнізацыі.
Але ж ці магчымая мадэрнізацыя ў Беларусі? Калі мадэрнізацыю разумець як замену састарэлага абсталявання вытворчасці на новае, то яна складаная, але мажлівая. Былі б грошы.
Лукашэнка спадзяецца на крэдыты і інвестараў. Што тычыцца крэдытаў, то пры цяперашніх адносінах з Захадам чакаць адтуль шчодрых крэдытных ліній не выпадае. Нават МВФ не дае грошай без структурных рэформаў. Калі чакаць інвестараў, то для гэтага павінен быць створаны спрыяльны бізнэс-клімат. Але ж пасля таго, як прэзідэнт «па сваім жаданні» фактычна нацыяналізаваў «Камунарку» і «Спартак», ні пра які прыход інвестараў марыць не даводзіцца. 
Халера з ім, з Захадам. Можа, Масква нам дапаможа? Але такія планы выклікаюць больш смеху, чым сур’ёзных роздумаў. Па-першае, Масква зацікаўлена ў тым жа, што і Захад — у змене правілаў гульні і прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, нават крэдыты Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭс абумоўлены пачаткам прыватызацыі. Да таго ж, як слушна кажа правадыр, Расія зацікаўлена ў банальнай скупцы прадпрыемстваў. Па-другое, як Расія можа мадэрнізаваць беларускія прадпрыемствы, калі яна не можа мадэрнізаваць нават свае?
Чаму Расія так нервова ставіцца да экспарту беларускіх нафтапрадуктаў з расійскай нафты? Ды проста таму, што сама не здолела вывесці свае нафтаперапрацоўчыя заводы на ўзровень беларускіх і рабіць свой якасны бензін. І з гэтай краіны мы марым атрымаць сучасныя тэхналогіі?
Магчыма, і можна было б грошы ад продажу адных прадпрыемстваў накіраваць на мадэрнізацыю іншых, але Лукашэнка з гэтым нязгодны. «Нават калі б мы прадалі на 2–3 мільярды долараў уласнасць, гэтыя грошы былі б пакладзены ў золатавалютныя рэзервы. Гэта нам не належаць грошы, і вам не належаць — гэта дзецям нашым належаць грошы. Таму яны павінны быць у золатавалютных рэзервах для падтрымання стабільнасці і незалежнасці нашай дзяржавы», — сказаў Лукашэнка.
У свеце ёсць адзін прыклад мадэрнізацыі «з апорай на ўласную моц». Гэта таварыш Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, які, як кажуць ягоныя прыхільнікі, «прыняў Расію з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай». Але ж гэтая мадэрнізацыя каштавала мільёны чалавечых жыццяў з ГУЛАГам, «шарашкамі» і Сусветнай вайной. Хто не лічыць вайну фактарам мадэрнізацыі, хай паглядзіць на Урал: уся тамтэйшая прамысловасць вырасла з эвакуяваных туды напачатку вайны ў тым ліку і беларускіх прадпрыемстваў.
Лаўры Іосіфа Вісарыёнавіча не даюць спакою Аляксандру Рыгоравічу. Беларускаму правадыру таксама хочацца дамагчыся звання «эфектыўнага менеджара». Вось і выходзіць сумнавядомы Дэкрэт прэзідэнта, які забараняе працоўным дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў звальняцца з працы на перыяд мадэрнізацыі. Але Беларусь, — не СССР. У Беларусі няма «жалезнай заслоны» з Захадам і мяжы з Расіяй. Беларусу ніхто не забароніць банальна кінуць працу і з’ехаць працаваць за мяжу. На «сталінскую мадэрнізацыю» тут не стае ані турмаў, ані тэрыторыі, ані насельніцтва.
Як вынік, для эканамічнай мадэрнізацыі патрэбная, найперш, лібералізацыя эканомікі, якая цягне за сабой лібералізацыю заканадаўства. Наданне большых свабод, хай і ў гаспадарчай дзейнасці, прыводзіць да большай самастойнасці ўласнікаў, што цягне за сабой і палітычныя пераўтварэнні. Украінскі Майдан быў магчымы толькі пры падтрымцы прадпрымальнікаў і бізнэсоўцаў, а «арабская вясна» пачалася з самаспалення «вольнага гандляра» Махамеда Буазізі ў Тунісе.
Таму сапраўдная мадэрнізацыя прыводзіць да страты ўлады. Беларуская ж ўлада, якая не здольная на «самастрачванне» і перадачу яе камусьці, проста вырачаная на правал любых мадэрнізацыйных працэсаў. Пра мадэрнізацыю можна толькі размаўляць, а не праводзіць яе. Такім чынам — місія невыканальная.