Прыватызацыя — гэта добра ці дрэнна?

Спытайся ледзь не кожнага, і ён адкажа, што настроі прасунутай часткі грамадства не адпавядаюць прынцыповым меркаванням уладаў. Прыкладам, прыватызацыя, якая пагражае раскраданнем фамільнага срэбра беларусаў.  



c30ad5ee_66a4_49ce_a1f5_056e7e090365_mw1024_n_s.jpg

Канстанцін Скуратовіч

Пра яе небяспечнасць цвердзяць літаральна ўсе апазіцыйныя партыі на чале з іх лідарамі, ім дапамагаюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і СМІ. Узнікае пачуццё, што гэта далікатнае пытанне быццам толькі пачынае абмяркоўвацца. Быццам толькі зараз, з імпэтам і настойлівасцю, улада прыступае да канчатковага раскрадання дзяржаўнай маёмасці. Але на самай справе гэта цягнецца гадамі. Гадамі пакрыху раскрадаецца наша з вамі дзяржаўная маёмасць. Раскрадаецца па кішэнях і распрадаецца па знаёмствах.

І гадамі чуецца тая ж рыторыка. Вось Лукашэнка ладзіць чарговы разгон міністэрскім клеркам, якія абвясцілі пра неабходнасць прадаць амаль тысячу дзяржаўных і паўдзяржаўных прадпрыемстваў, якія замест прыбыткаў прыносяць бюджэту толькі страты. Маўляў, не прададзім радзіму за капейку. Але калі зараз не прадаць, то пазней не атрымаеш і ломанага грошыку.

Як гэта адбылося з ваеннымі гарадкамі, з калгаснымі фермамі і вытворчымі памяшканнямі, ад якіх адмаўляліся былыя фармальныя ўласнікі, бо з гэтага дабра ім насамрэч нічога не належала. Таму ніхто не хацеў бараніць «сваё», а поле бітвы захапілі марадзёры, наладзілі распродаж неліквіду, які прыносіў хоць і невялікія, але хуткія грошы. Бо медны грош у кішэні памножаны на прыроднае нахабства дазваляюць нажыць натуральны капітал і аб’явіць сябе гаспадаром краіны. Такім маленькім, але самаствораным, падобным да вялікіх самадзяржаўнікаў.

Але вось што цікава: чаму маёмасць належыць усёй грамадзянскай супольнасці, а права распараджацца ёй мае толькі чыноўніцтва?

Беспрынцыповасць асобных чыноўнікаў у гэтым сэнсе даведзеная да прафесійнай кваліфікацыі. І гэта ўжо другое «прафесіён дэ фуа», згодна з якім розніца паміж уласных свіронкам і казённым свірнам існуе толькі колькасная. Дыялектычныя спробы павялічыць памеры ўласнага коштам дзяржаўнага псіхалагічна зразумелыя.

Незразумела толькі, прыватызацыя 800 беларускіх прадпрыемстваў — добра ці дрэнна. Здаецца, добра. Бо ўласнік заўсёды клапоціцца пра маёмасць, пра тых, дзякуючы каму гэта маёмасць будзе прыносіць яму грошы. Такія сур’ёзныя эканамічныя зрухі павінны пацягнуць за сабой і зрухі палітычныя. І вось тут — стоп. Якраз палітычныя зрухі нікому і не патрэбныя. Таму эканаміст Леанід Злотнікаў просіць не спяшаць з высновамі. Ужо колькі разоў чыноўнікі складалі розныя спісы для продажу размаітага яшчэ савецкага ламачча. І зараз атрымаецца тое ж самае. Бо толькі дурань стане набываць тое, што ў любы момант у цябе экспрапрыююць. Памятаеце «Балтыку», кандытарскія прадпрыемствы?

Атрымліваецца, што прыватызацыя ў нашых умовах — гэта дрэнна? Ёсць тыя, хто лічыць прыватызацыю «працэсам раздзелу грамадскай уласнасці! Ад’ёмам уласнасці ў беларускага народа і ператварэнне 95% беларусаў у наёмных рабочых.

Для мяне асабіста прыватызацыя — гэта добра, але толькі калі яна праводзіцца празрыста, адкрыта і справядліва. Калі смачныя кавалкі не раздаюцца па знаёмых і надзейных кішэнях, калі не дораць гаспадарам цэлыя вёскі, калі для ўсіх ахвочых да дзяржаўнай маёмасці складаюцца роўныя ўмовы. Але пра якія роўныя ўмовы мы тут гаворым…