Раманчук патлумачыў, чаму ўлады не ўключылі грашовы друкаваны станок
На думку эканаміста, галоўны стрымальны фактар — стан дзяржаўнага і краінавага доўгу.
— Дэвальвацыя BYN-рубля, якая непазбежна рушыла ўслед за змякчэннем манетарнай палітыкі, уштурхнула б Беларусь і значную частку камерцыйных арганізацый у чырвоную зону дэфолту — мяркуе Яраслаў Раманчук.
Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізэса нагадвае, што сукупны дзяржаўны доўг на пачатак 2021 года склаў 51,9% ВУП або $31,2 млрд.
— Нават дэвальвацыя і рост дзяржаўнага доўгу на ўзроўні 2020-га года наблізіць Беларусь да неабходнасці прыняцця вельмі балючых для насельніцтва і бізнесу рашэнняў. Для пераходнай эканомікі, якая развіваецца, такой якасці інстытутаў як Беларусь, перавышэнне сукупнага дзяржаўнага доўгу 60% ВУП — гэта прамая пагроза яе эканоміцы.
Эканаміст адзначае, што ў пачатку 2021-га года пазыковая пазіцыя ўрада і камерцыйнага сектара пагоршылася.
— Размясціць еўрабонды сёння немагчыма. Кітай круціць носам і не схільны да крэдытных авантур. Крэмль і так расшчодрыўся і адклаў пачатак абслугоўвання крэдыту на БелАЭС, знізіўшы кошт гэтых рэсурсаў.
Разлічваць на прыток замежных інвестыцый ва ўмовах АМАПаэканомікі і АМАПаправа — пустое. Значыць, беларускія ўлады будуць разлічваць... толькі на кішэні насельніцтва і рэшткі рэсурсаў прыватнага малога бізнэсу.
Мінфін ужо заявіў, што не выключае павышэння падаткаў. Магчыма змяненне рэжыму адносін паміж укладчыкамі і банкамі. Будуць чухацца рукі абмежаваць валютныя магчымасці насельніцтва.
Каб закрыць даўгавыя дзіркі, на парадак дня рызыкуе ўстаць пытанне прадаць або закласці пад новыя крэдыты нейкія каштоўныя дзяржаўныя актывы. Калі ў такой вельмі далікатнай, высока рызыкоўнай сітуацыі прыхільнікі ўключэння грашовага друкаванага станка (тыпу Пракаповіча) вакол Лукашэнкі перамогуць тых, хто гучна і люта паказваюць на праблему даўгоў і дэградацыі мадэлі савок/Дзяржплан, нас чакае чарговая сацыяльна-эканамічная вакханалія, — прагназуе Яраслаў Раманчук.