Расія настойвае на рэалізацыі пагадненняў сумеснай аховы межаў Мытнага саюза

Пра гэта ў кулуарах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму заявіў кіраўнік ведамства Андрэй Белавусаў.



ottok.jpeg

Такім чынам ён прапанаваў вырашаць праблему адтоку капіталу з Расіі праз схемы фіктыўнага імпарту з краін Мытнага саюза, піша РБК.

«Я не думаю, што тут патрэбныя нейкія заканадаўчыя абмежаванні, таму што пагадненні на ўзроўні Мытнага саюза падпісаны амаль усе. Патрабуецца вырашыць арганізацыйныя пытанні, таму што мытная абарона на мяжы Мытнага саюза пакуль не дапрацаваная. Вялікім крокам наперад была б наяўнасць расійскіх мытнікаў на ўсёй мяжы Мытнага саюза, у тым ліку на той частцы, што належыць да Казахстана і Беларусі. Наколькі я ведаю, падобныя дамовы падпісаныя, але арганізацыйна пакуль іх патрабуецца рэалізаваць, расейскія мытнікі павінны выйсці на агульны контур мяжы», — адзначыў міністр.

Паводле яго слоў, чальцам Мытнага саюза ў першую чаргу неабходна наладзіць абмен інфармацыяй руху таварных патокаў.

Нагадаем, нядаўна Цэнтральны банк Расіі апублікаваў дадзеныя, паводле якіх адток капіталу праз схемы фіктыўнага імпарту з краін Мытнага саюза, склаў $ 25 млрд у 2012 годзе. «Беларуская схема» забяспечыла адток блізу $ 15 млрд. Яе сутнасць у тым, што расійскія рэзідэнты пераводзяць сродкі па знешнегандлёвых кантрактах, па якім «увоз» тавараў «здзяйсняецца» з Беларусі, а сродкі пералічваюцца на рахункі «прадаўцоў» у замежных банках за межамі гэтых краін.

Праверыць такія пастаўкі на фіктыўнасць перашкаджае адсутнасць мытнага кантролю на межах Расіі, Беларусі і Казахстана. У рамках Мытнага саюза імпарт у Расею афармляецца не грузавымі мытнымі дэкларацыямі (дакладнасць і сапраўднасць якіх можна праверыць па базе ФМС), а таварна-транспартнымі накладнымі, што не кантралююцца мытняй.

charter97.org