Замежныя СМІ пра Беларусь: 22–28 чэрвеня

Беларусь — маленькая брудная таямніца Еўропы. З-за яе існавання еўрапейцам варта было б адчуваць сорам, а ЕС — мець пачуццё віны. Інстытуцыя, якая захапляецца прамовай высокіх словаў пра агульнае маральнае прызначэнне ў галіне правоў чалавека, мала што робіць, каб навесці парадак каля ўласнага парога. «Foreign Policy» (ЗША)



smi4.jpg

З’яўленне Украіны за еўразійскім сталом нават у статусе назіральніка рэзка змяніла пазіцыі Беларусі. Зразумела, што Мінск імгненна аказваецца на перыферыі інтэграцыйных прыярытэтаў Расіі, якая ў дадзеным выпадку, не лічачыся з рэсурсамі, прыкладзе максімум намаганняў для ўцягвання Кіева ў інтэграцыйны праект. А за гэтым стаіць доступ да расійскіх рэсурсаў, якія ў Мінску даўно лічаць сваімі. …Аднак у беларускага кіраўніцтва няма якіх-небудзь пераваг і рэсурсаў, каб прыцягнуць Украіну да сябе. Хутчэй, наадварот. Імідж рэспублікі і яе кіраўніцтва на постсавецкай прасторы выключна негатыўны. Варта нагадаць, што адсутнасць А. Лукашэнкі ў Бішкеку толькі паглыбіла агульны недавер і непрыманне Мінска ў рэгіёне СНД.

politoboz.com

Вынікі сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Украіны сведчаць, што Мінск і Кіеў вядуць «сваю гульню», выкарыстоўваючы магчымасць палітычнага манеўру паміж ЕС і Еўразійскім саюзам. І ў гэтай абумоўленасці і для Кіева, і для Мінска — падабенства перспектыў далейшага развіцця адносінаў з Еўрасаюзам, калі кіраўніцтва абедзвюх краін спрабуе «ўсядзець на двух крэслах» і выгандлеваць для сябе найбольшыя дывідэнды з дапамогай звыклага палітычнага лавіравання паміж Брусэлем і Масквой. Пры гэтым відавочна, што Украіна і Беларусь ідуць кожная сваёй дарогай. Нягледзячы на адзіныя праблемы ў галіне правоў чалавека і ў рэфармаванні эканомікі, Мінск і Кіеў адрозніваюцца хуткасцю руху ў еўрапейскім кірунку. Прычым беларускія ўлады нібы не заўважаюць, што ў перамоўным працэсе з ЕС і пошуку кансенсусу па розных пытаннях удзельнічае не толькі Украіна, але і Расія, і Казахстан. Так што пагроза застацца за бортам Еўропы застаецца рэальнай толькі для Беларусі.

«Deutsche Welle» (Германія)

Стварэнне Мытнага саюза зрабіла даступным расійскі рынак працы, дзе таксама хутка палюбілі працавітых беларусаў. Нежаданне беларусаў працаваць за капеечныя заробкі фіксуюць і кадравыя агенцтвы. Іх спецыялісты адзначаюць, што суіскальнікі працоўных месцаў хутчэй аддадуць перавагу выдаткаваць паўгода на пошук працы, чым пагодзяцца працаваць за капейкі. Не знайшоўшы прымальны ўзровень аплаты працы, яны накіроўваюцца ў суседнюю Расію. «Саша, аднойчы ты прачнешся, а нас няма», — пішуць беларусы на форумах, прысвечаных пытанням працоўнай міграцыі. Ва ўмовах адкрытага рынку, мяркуюць эксперты, ніякія артыкулы за дармаедства не спыняць гэты працэс.

«Независимая газета» (Расія)

Знешнепалітычная пазіцыя Вільні мае простае тлумачэнне: амаль 30% мясцовага бюджэту фарміруецца за кошт беларускага транзіту, спыненне якога наўрад ці будзе кампенсавана ЕС. Таму літоўскае старшынства не прынясе ніякіх сур’ёзных узрушэнняў ва ўзаемаадносінах з Беларуссю. Адзінай магчымай праблемай для Літвы як краіны, якая ўзначальвае ЕС, можа стаць патрабаванне з боку буйных еўрапейскіх дзяржаў змяніць сваё адносіны да Беларусі ў сувязі з неабходнасцю правядзення паслядоўнай еўрапейска-амерыканскай палітыкі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым выпадку Вільні давядзецца альбо цягнуць час да заканчэння свайго старшынства, або ісці на прытоеную дамоўленасць з Мінскам.

«Newsbalt» (Расія)

Адзін з самых гучных шпіёнскіх працэсаў у Беларусі можа скончыцца канфузам для КДБ, які адрапартаваў у мінулым годзе пра затрыманне «здрадніка». Ім аказаўся слесар з Наваполацка, які, на думку чэкістаў, супрацоўнічаў з замежнай выведкай. Спроба «судзіць шпіёна» выклікае ў людзей толькі сумны смех. Смех з-за таго, наколькі ўсё неразумна і па-бутафорску зроблена. Сумны — бо шкада хлопца, што патрапіў у жорны, з якіх цэлымі людзі не выходзяць. Перафарматаванне справы ў іншую плоскасць паказала: довады чэкістаў не пераканалі нават закрыты і цалкам падкантрольны ўладам суд.

«Газета.ру» (Расія)