Замежныя СМІ пра Беларусь: 14 — 21 чэрвеня

Культурна-палітычны бэкграўнд для крыміналізацыі гомасэксуалізму ў Беларусі ёсць. Але ісці ў разрэз з агульнасусветнымі тэндэнцыямі, якіх прытрымліваліся нават у Расіі, Лукашэнка не адважваўся.



luka.jpg

А цяпер Пуцін даў калегу выдатную медыянагоду. У тое, што ў Беларусь вернецца артыкул за гомасэксуалізм, сёння тут вераць амаль што ўсе. Зрэшты, не варта блытаць матывы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Бо, робячы «адну справу», яны пераследуюць розныя мэты... Антыгомасэксуальную істэрыю ў публічнай палітыцы РФ варта разглядаць у агульным кантэксце з нацыяналістычным і рэлігійным цемрашальствам — як спробу накіраваць сацыяльную незадаволенасць у бяспечнае для алігархіі рэчышча. У Беларусі алігархаў няма. Так што матывы Лукашэнкі наўрад ці аналагічныя пуцінскім. Здаецца, Бацька проста знайшоў удалы момант для рэалізацыі сваіх персанальных комплексаў.

 

«Росбалт» (Расія)

 

 

Для Лукашэнкі гэты візіт у Кіеў важны як вялікая знешнепалітычная акцыя, з улікам таго факту, што беларускае кіраўніцтва не можа наведваць тыя краіны, якія хоча. З гэтага пункту гледжання яго візіт у любую вялікую дзяржаву, у тым ліку ва Украіну, вельмі значны. Пры гэтым кіраўніцтва Беларусі падчас любых візітаў трымае галоўную для сябе стратэгічную мэту — пашырэнне збыту і пошук рынкаў для сваёй прадукцыі.

 

«Час пик» (Украіна)

 

 

Грамадскасць не давярае абяцанню старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка пра тое, што пасля абвяшчэння прысуду ўсе, хто меў сумненні ў вінаватасці Гайдукова, зменяць сваё меркаванне. Беларускія сілавікі не раз абяцалі сенсацыі з раскрыццём падрыхтоўкі ўзброеных дзяржаўных пераваротаў, з атручваннем сістэмы водазабеспячэння здохлымі пацукамі або ў сувязі са знаходкай гранатамёта з дыстанцыйным кіраваннем на школьнай клумбе, якім нібыта павінны былі скарыстацца моладзевыя актывісты. Заўважана, што асаблівую актыўнасць КДБ выяўляў тады, калі намаганняў па раскрыцці канспіратыўнай дзейнасці апазіцыі патрабаваў асабіста прэзідэнт.

 

«Deutsche Welle» (Германія)

 

 

Мытны саюз відавочна знаходзіцца ў крызісе. У крызіс жа яго завяла непаслядоўнасць усіх яго сябраў, Лукашэнка не можа арганізаваць збыт тавараў, што вырабляюцца ў Беларусі, таму яго арыенцір — знешнія рынкі. Плюс Лукашэнка сутыкнуўся з праблемай плацежнага балансу, які ён зачыніў шляхам продажу стратэгічных актываў расіянам. Несумненна, гэта разгойдвае дзяржаўную мадэль у Беларусі, якая склалася ў 90-я гады, і пагражае для яе крызісам ужо ў недалёкай перспектыве. Уласна, першыя сімптомы былі падчас дэвальвацыі 2011 года.

 

«Хвиля» (Украіна)

 

26 лютага ў Мінску паміж партыяй «Самаабарона Рэспублікі Польшча» і Беларускім рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Белая Русь» было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Арганізацыя і афіцыйныя ўлады Беларусі сёння маюць вялікую патрэбу ў сваёй легітымізацыі за межамі краіны. Аднак партнёраў, гатовых іх у гэтым падтрымаць, у Еўрасаюзе практычна няма. У сітуацыі, якая склалася, нават такая, здавалася б, вельмі неадназначная палітычная арганізацыя Польшчы, як «Самаабарона», успрымаецца афіцыйным Мінскам як рэальны прарыў ва ўзаемаадносінах з Еўропай. Тут ужо становіцца ўсё роўна, з кім было падпісана пагадненне, з нацыяналістычна настроенай і маргінальнай партыяй у Польшчы, кампартыяй ЗША ці Партыяй міру і працвітання Бутану. На жаль, галоўнае сёння для беларускіх чыноўнікаў — даць справаздачу перад прэзідэнтам аб праведзенай працы, што, на іх думку, і з’яўляецца адным з асноўных паказчыкаў «вялікай палітыкі» ў Беларусі.

 

«NewsBalt» (Латвія)