Расійскі рубель і кошык валют

Ад 1 лістапада Нацыянальны банк Беларусі павялічыў прысутнасць расійскага рубля ў айчынным кошыку валют. Дзеля чаго? Ці паўплывае гэта на курс беларускага рубля?

Помнік рублю ў Томску

Помнік рублю ў Томску


Як паведамляецца на сайце рэгулятара, “Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб змяненні ад 1-га лістапада 2016 года вагаў валют у кошце кошыку замежных валют і ўстанаўленні іх на наступных узроўнях: для расійскага рубля — 50%, для долара ЗША — 30% і для еўра — 20%”. Да лістапада суадносіны расійскага рубля, амерыканскага долара і еўра ў кошыку валют Нацбанка складалі 40%, 30% і 30% адпаведна. Сітуацыю ў інтэрв’ю “Новаму Часу” тлумачыць старшы аналітык брокерскай кампаніі “Альпары” Вадзім Іасуб.

— Для ўжывання  падобных кошыкаў валют выкарыстоўваюць валюты асноўных гандлёвых партнёраў, і вага кожнае валюты прапарцыянальная долі той ці іншай краіны ў агульным знешнім тавараабароце. У нас доля Расіі ў знешнім гандлі скаладае амаль 50%, таму і валютны кошык быў прыведзены ў адпаведнасць з той вагою, якую ў нашым знешнім гандлі займае Расія.

— Ці адлюструецца гэта на курсах долара і еўра ў адносінах да беларускага рубля?

— Абсалютна ніяк. У курсаўтварэнні нічога не змянілася, курсы па-ранейшаму будуць вагацца ў адпаведнасці з попытам і прапановаю, і гэтая мера ні да ўмацавання беларускага рубля ці ягонага аслаблення да любых валютаў не прывядзе.

— А чаму расійскі рубель нават псіхалагічна займае ўжо палову ў беларускім кошыку валют?

— Менавіта таму, што ёсць факт: Расія займае палову знешняга гандлю Беларусі. Ніякіх іншых прычынаў альбо тэорыяў змовы тут шукаць не варта, як і не варта фармуляваць, як гэта робяць некаторыя, што беларускі рубель прывязалі да расійскага. І раней курс расійскага рубля штодня мяняўся знізу ўверх і наадварот, гэтаксама і надалей ён будзе мяняцца. Ні пра якую штучную прывязку гаворка не вядзецца.

Кошык валют — гэта абсалютна разліковая рэч, і ад таго, што крыху памянялі формулу, як вылічваць гэты кошык, ніякага ўплыву на курс валютаў не будзе.

— Калі раздадуцца меркавання скептыкаў, што і тут умяшалася Расія, павялічыўшы ў беларускім кошыку валют долю свайго рубля, што можна на гэта адказаць?

— Расія нічога адмысловага з курсам рубля не робіць. Курс свайго  рубля ў Расіі шмат у чым залежыць ад сусветных коштаў на нафту. Калі нафта ўмацоўвалася, дык і расійскі рубель рос. Да прыкладу, ад пачатку мінулай пятніцы, калі краіны АПЕК не дамовіліся пра зніжэнне здабычы нафты, кошты на яе пачалі зніжацца, таму і расійскі рубель працягвае падаць. То бок, у Расіі ніякіх спецыяльных махінацыяў з курсам свайго рубля не робіцца.

А наша ступень залежнасці ад расійскага рубля і ад расійскай эканомікі ў прыватнасці акурат і вызначаецца тым, што Расія ёсць наш найбуйнейшы эканамічны партнёр, а не тым, які адсотак расійскі рубель будзе займаць у нашым кошыку валют. То бок, тут не трэба блытаць прычыны і наступствы. Гэтая залежнасць аб’ектыўная, і яна вельмі вялікая — 50% знешняга гандлю даводзіцца на Расію, таму і справа ў долі Расіі ў нашым знешнім гандлі, а не ў тым, які адсотак расійскага рубля будзе ў нашым кошыку.