Развіваем узнаўляльную энергетыку ў межах магчымага

«Зялёная энергетыка» можа працаваць на сістэму, але пакуль не можа ствараць сістэму. Такім меркаваннем падзяліўся эксперт у галіне энергетыкі Аляксандр Малькоў.

aes_malkov.jpg


Пачнём з дэфініцый: да аб’ектаў узнаўляльнай энергетыкі адносяць энергакрыніцы, якія выпрацоўваюць электрычнасць за кошт энергіі ветру, сонца, вады і біямасы. Аляксандр Малькоў кажа, што на сённяшні дзень з РУП «Белэнерга» заключана 19 дамоваў на пакупку энергіі з ветраўстановак (на 48 МВт усе разам), 33 дамовы на сонечныя станцыі (супольна 13 МВт). А ў межах «Белэнерга» самым буйным аб’ектам узнаўляльнай энергетыкі з’яўляюцца ветрапарк у Грабніках (9 МВт) і Гродзенская ГЭС (17 МВт). З прыватных праектаў найбольш буйныя сонечныя станцыі ў Брагінскім (20 МВт) і Мядзельскім (5,7 МВт) раёнах.

У Беларусі ёсць закон аб узнаўляльных крыніцах энергіі, які стымулюе развіццё «зялёнай энергетыкі» — прадугледжвае больш высокія тарыфы на закупку такой энергіі. Але разам з тым, у адпаведнасці з леташнімі ўказам №209 і пастановай Савета міністраў № 662, стварэнне новых, мадэрнізацыя, рэканструкцыя дзеючых установак па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі кватуецца. Чым тлумачыцца такое кватаванне?

Па словах эксперта, квоты вырашаюць праблему таго, што закон пра ўзнаўляльную энергетыку стварыў празмерна моцныя прэферэнцыі для развіцця гэтага сектара, і ў сувязі з гэтым атрымаўся вялікі вал заявак на падключэнне.

«То бок, гэты кірунак зрабіўся не проста выгадным, а вельмі моцна выгадным для прыватных інвестараў. І вал заявак быў прыстойны, супастаўны па магутнасці з буйным энергаблокам ЦЭЦ — больш за 600 МВт», — тлумачыць Аляксандр Малькоў.


Аляксандр Малькоў

Аляксандр Малькоў


Паводле эксперта, у Беларусі магутнасцяў хапае, уводзіцца атамная станцыя, і таму «такая колькасць узнаўляльнай энергетыкі ў энергабалансе пакуль не запатрабаваная». «Нерацыянальна яе ўключаць у баланс, бо для яе адаптацыі ў балансе таксама патрабуюцца затратныя мерапрыемствы — станцыі па рэгуляцыі, гідраакумуляцыі, назапашвальнікі таго або іншага тыпу», — кажа Аляксандр Малькоў.

Ён звяртае ўвагу, што ўведзеныя нарматыўнымі актамі квоты не распаўсюджваюцца на выпрацоўку для ўласнага спажывання. «Гэта квоты толькі для тых, хто будуе аб’екты ўзнаўляльнай энергетыкі з мэтай продажу энергіі», — падкрэсліў ён.

Трэба зазначыць, што рэгулятар (Мінэканомікі, Саўмін) усталявалі для ДВА «Белэнерга» больш высокія тарыфы на закупку «зялёнай энергіі», чым традыцыйнай, што вядзе да перакрыжаванага субсідавання. Акрамя таго, энергазабеспячальныя арганізацыі абавязаныя закупляць «зялёную энергію» ў вытворцаў у сярэднім па 40 цэнтаў ЗША / кВт-г., у той час як адпускны тарыф для спажыўцоў складае прыкладна 6 цэнтаў ЗША / кВт-г.

Цяжар выдаткаў ад розніцы тарыфаў на пакупку і продаж такой электрычнасці кладзецца на арганізацыі «Белэнерга», і яны вымушаныя з гэтай прычыны скарачаць нейкія свае праграмы рамонту, пераабсталявання і інш.

У Беларусі, у адрозненне ад некаторых іншых краін, не прадугледжваецца магчымасць куплі «зялёнай энергіі» ад фізічных асоб (не індывідуальных прадпрымальнікаў, не юрыдычных асобаў). Пры гэтым прыватная асоба мае права ў сябе на даху дома або на падвор’і размясціць магутнасці, якія вырабляюць энергію, для таго, каб пакрыць патрэбы сваёй гаспадаркі, а таксама скараціць выдаткі на аплату (парады, як гэта зрабіць, ёсць на сайце ДВА «Белэнерга».

Чаму грамадзянам у Беларусі не дазволілі вырабляць «зялёную энергію» на продаж, Аляксандр Малькоў дакладна не ведае. На яго думку, гэта можа быць звязана з тым, што ў нашай краіне пакуль няма канкурэнцыі збытавых энергакампаній, уласна кажучы, няма вольнага рынку ў гэтай сферы. Таксама эксперт сумняваецца, што прыватная асоба наўрад ці можа гарантаваць якасць і аб’ём пастаўкі электраэнергіі. «Калі чалавек хоча так прагрэсіўна свой дом абсталяваць устаноўкай па вырабу электраэнергіі з дапамогай ветру або сонца, то ён можа гэта зрабіць», — пераконвае эксперт.

Што ж тычыцца спробаў прадставіць «зялёную энергетыку» альтэрнатывай «атамнай», то тут Аляксандр Малькоў выказваецца вельмі скептычна. На яго думку, усе акумуліруючыя магутнасці сонечных і ветравых станцый даюць праект для энергасістэмы больш дарагі, чым АЭС, бо патрэбна вырашаць праблему зніжэння колькасці вырабу энергіі ноччу або калі будзе сціхаць вецер.

«Прыклад Крыма, калі ён быў адрэзаны ад энергасістэмы Украіны, паказаў, што пры наяўнасць 300 МВт ветра-сонечных установак (яны маглі вырабляць 1/4 усёй электраэнергіі Крыма), не атрымалася захаваць энергасістэму без працы ЦЭЦ. Яны (аб’екты ўзнаўляльнай энергетыкі. — рэд.) могуць працаваць на сістэму, якая стабільна працуе. Яны могуць дадаваць энергію ў сістэму, але самі сістэму стварыць не могуць. Крым даказаў, што вецер і сонца не з’яўляюцца крыніцай энергабяспекі», — кажа Аляксандр Малькоў.

Што тычыцца значэння АЭС для нацыянальнай энергабяспекі Беларусі, то, як адзначае эксперт, тут няма рубільніка, які можа імгненна адключыць пастаўшчык газу, — прыгадайма беларуска-расійскія «газавыя войны».

«Многія эксперты кажуць, што ў нас паліва для атамнай энергетыкі таксама расійскае, але паліва загружаецца і дзейнічае пэўны працяглы перыяд часу — паўтара года да перазагрузкі. За гэты час можна вырашыць шматлікія перагаворныя пытанні, гэта значыць, яно валодае вялікім часовым лагам, чым не валодаюць іншыя крыніцы энергіі», — кажа Аляксандр Малькоў.

Паводле яго слоў, асноўны ўпор у развіцці «зялёнай энергетыкі» ў Беларусі зроблены на гідраэлектрастанцыі. Але ў нас няма горных рэк, таму ёсць абмежаванні па магчымасці вырабу электраэнергіі з вады — 400 МВт тэхнічна магчымыя, і каля 200 МВт — эканамічна абгрунтаваныя.

Да плюсаў гідраэлектрастанцый можна аднесці прадказальнасць іх працы і стабільную выпрацоўку энергіі — у адрозненне ад «зялёнай энергетыкі», заснаванай на энергіі сонца або ветру.

Адна з праблем развіцця «зялёнай энергетыкі» (за выключэннем ГЭС і біягазавых установак) у тым, што не вырашанае пытанне з акумуляцыяй электраэнергіі. Аляксандр Малькоў лічыць, што галоўным тэхнічным прарывам нашага стагоддзя будзе вынаходніцтва меганакапляльніка, які за долю секунды будзе мегават-гадзіны энергіі назапашваць і за тыя ж долі секунды аддаваць.

«Калі такі накапляльнік будзе вынайдзены — гэта сапраўды істотна пераверне становішча спраў у энергетыцы. Тады тыя краіны, хто развівалі ўзнаўляльную энергетыку калі не ў шкоду эканоміцы, то прэферэнцыйныя, — яны ў гэты момант выйдуць наперад. Гэта з галіны фантастыкі, але я як энергетык бачу такую тэндэнцыю. Тады гэты меганакапляльнік зможа працаваць з ветра- і сонцастанцыямі, і тады, мне здаецца, яны створаць сістэму разам».

Існуе меркаванне, што ў Беларусі «зялёную энергетыку» не тое, каб глушаць, але ёй не даюць развівацца. Аляксандр Малькоў не згодны з такой пастаноўкай пытання. На яго думку, «зялёнай энергетыцы» даюць развівацца роўна ў той ступені, наколькі наша краіна з яе ўзроўнем развіцця тэхнікі і тэхналогій можа спажыць. «Маленькімі крокамі, у межах нашых магчымасцяў, але мы яе таксама развіваем», — кажа эксперт.