Рост эканомікі па большасці рэгіёнаў намацаў столь магчымасцяў
Планка росту ВУП у 3,8%, якую ўсталявалі ўраду на 2023 год, аказалася нават трохі перавышаная. Але калі паглядзець на рост эканомікі скрозь прызму асобных рэгіёнаў, то высвятляецца, што падстаў для радасці не так шмат.

Па даных Белстата, аб'ём ВУП за 2023 год у бягучых цэнах склаў 216,1 млрд рублёў або, у супастаўных цэнах, 103,9% да ўзроўню студзеня – снежня 2022 года, піша тэлеграм-канал «Вашы грошы». Ураду ўсталёўвалі планавы паказчык у 3,8%.
Лідарам па выніках 2023 года стала Мінская вобласць, дзе рэгіянальная эканоміка павялічылася на 9,8%. Тут фармуецца аснова росту беларускай эканомікі, бо на долю рэгіёну прыпадае 19% ВУП, а разам са сталіцай — 43,9%. Калі паглядзець на дынаміку росту на працягу 2023 года, то відавочна, што вобласць дасягнула мяжы і далейшых высокіх тэмпаў чакаць не прыходзіцца.
Мінск паказаў рост усяго на 0,9% і ледзь змог выйсці «ў плюс» у канцы года.
Глядзіце таксама

З'яўляючыся буйным мегаполісам, завязаным на сектары паслуг і шматлікіх замежных партнёрах, Мінск у якасці драйвера перадавога росту цяпер амаль страчаны. Прынамсі, да нармалізацыі міжнародных адносін. Да гэтага моманту сталіца калі і будзе расці, то за кошт унутраных крыніц як самы вялікі і багаты спажывецкі рынак у краіне.
У астатніх абласцях рост эканомікі за год знаходзіцца ў дыяпазоне ад 1,6% у Магілёўскай вобласці да 6,6% у Гродзенскай.
У IV квартале 2023 года стала відавочным, што рост эканомікі па большасці рэгіёнаў намацаў столь магчымасцяў і прытрымліваўся яго, наколькі магчыма, перад пачаткам перыяду зніжэння. Калі ўрад будзе штучна падтрымліваць паказчыкі ў 2024 годзе, то на ўзроўні рэгіёнаў можна будзе назіраць назапашванне макраэканамічных дысбалансаў.
Гэта, урэшце, яшчэ больш нашкодзіць беларускай эканоміцы.
Глядзіце таксама
