Справа не толькі ў ІТ. Чаму ў Мінску падаюць заробкі?
Паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальныя заробкі ў Мінску адчувальна паменшыліся. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» паглядзеў, у якіх сферах даходы сталічных жыхароў упалі больш за ўсё.
«Статыстыка ніяк не жадае радаваць прапагандыстаў, сухія лічбы паказваюць, што люты прынёс у цэлым бязрадасную карціну заробкаў у беларускай эканоміцы», — канстатуе тэлеграм-канал, прысвечаны беларускай эканоміцы.
Эксперты звяртаюць увагу, што сярэдні ўзровень намінальнай заработнай праты па краіне склаў 1.688
рублёў, і з папраўкай на гадавую інфляцыю гэта аказалася ніжэй на 3,4%, чым у
тым жа месяцы мінулага года. Але пры гэтым
падзенне ў рэальным выражэнні адзначаецца толькі ў сталіцы.
«Першае, што прыходзіць на розум — адток ІТ-спецыялістаў і
релакацыя высокатэхналагічных кампаній. Аднак, калі разгледзець сталічны рынак
працы больш дэталёва, высветліцца, што адчувальныя страты ў заробках нясе зусім
не толькі ІТ», — адзначаюць «Нашы грошы».
Мінск — гэта не толькі эканоміка, якая абслугоўвае саму
сябе, але і месца, дзе размяшчаюцца галаўныя офісы буйных кампаній, падкрэсліваецца ў нататцы. «Гэтым можа
тлумачыцца зніжэнне заробкаў у такой «не гарадской» галіне, як
горназдабыўная прамысловасць. Гэтак жа характэрна, што фармкампаніі сталіцы праселі ў заробках істотна мацней, чым у сярэднім па краіне, — мінус 8,0% у Мінску
супраць мінус 1,7% у цэлым», — піша тэлеграм-канал.
Цяжкасці перажывае беларуская дрэваапрацоўка, прычым
сталічныя мэбельшчыкі падзенне адчуваюць мацней сярэдняга па рэспубліцы, гаворыцца ў паведамленні.
«Цікава, што будаўнікі ў сталіцы моцна адчулі на сабе
падзенне заробкаў (-6,1% у рэальным выражэнні), у той час як у сярэднім па
краіне па гэтай галіне рэальная заработная плата паказала ў лютым рост (+0,8%). Падаюць сталічныя заробкі ў гандлі і рамонце аўто. Па ўсёй бачнасці, мінскі
рынак адчувае не сабе зніжэнне пакупніцкай здольнасці насельніцтва мацней, чым
рэгіёны», — мяркуюць эканамісты.
«Прадстаўнікі сферы аховы здароўя сталіцы страцілі ў лютаўскіх заробках больш, чым іх рэгіянальныя калегі. Зніжэнне рэальнай заработнай платы ў медыцынскай сферы Мінска склала ў лютым 7,8%, пры тым, што ў сярэднім па краіне паказчык знізіўся на 5,3%. Акрамя таго, характэрна, што заробкі сталічных цырульняў упалі на 6,5% пры росце на 0,2% у сярэднім па рэспубліцы. Магчыма, айцішнікі, якія з'ехалі, павезлі з сабой попыт на нятанныя барбершопы?» — адзначаюць эксперты тэлеграм-канала «Нашы грошы».