Намаляваныя поспехі. Адкуль у Беларусі рэкордныя заробкі?

Апублікаваныя даныя аб сярэдняй намінальнай заработнай плаце за лістапад 2022 года. 

_belarus_minsk_ekanomika_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Аказалася, што ў мінулым месяцы яна вырасла да 1648 рублёў, а з улікам нізкага лістападаўскага курсу долара ў моцнай валюце выйшла цэлых $675. Гэта — самы высокі паказчык за ўвесь час існавання Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, папярэдні максімум быў зафіксаваны ў снежні мінулага года — $662.
Што ж адбываецца? Разбіраўся тг-канал Нашы грошы.
На працягу гэтага года мы назіралі рознанакіраваную дынаміку сярэдняй намінальнай зарплаты. Спачатку ішоў рост са студзеня (1 478 рублёў) па сакавік (1603 рубля), потым падзенне да 1568 рублёў у красавіку і 1573 рублёў — у траўні. Следам было некалькі месяцаў асцярожнага росту да жніўня — 1 666 рублёў. Потым зноў прасяданне, і зноў рост да сённяшняга дня. Улічваючы тое, што курс расейскага рубля з траўня стаў анамальна моцным, а беларускі рубель, наадварот, аслабілі да расейскага калегу, рост заробкаў беларусаў у доларавым эквіваленце выявіўся значным.
Аднак калі паглядзець на рэальную заработную плату, то мы ўбачым, што яна па адносінах да адпаведнага перыяду мінулага года звалілася ў красавіку на 4,5% і заставалася прыкладна на гэтым узроўні аж да кастрычніка. У лістападзе ж адставанне значна скарацілася — да 2%.


Цуды росту ў бліжэйшы час не скончацца: звычайна ў снежні праходзяць буйныя бонусныя выплаты, а гэта значыць, што па выніку гэтага месяца паказчык сярэдняй намінальнай налічанай заработнай платы можа аказацца істотна вышэй, чым у лістападзе. Калі курс не будзе моцна змяняцца, то можна чакаць, што мы ўбачым сярэднюю зарплату каля $700 па краіне і $1000 па Мінску.
Ці з'яўляецца гэта прамым доказам, што санкцыі робяць нас толькі мацней? Давайце разбярэмся.
На самай справе, доўга размаўляць не прыйдзецца. Усе мы ведаем, што філасофскага каменя, які ператварае ўсе металы ў золата, не існуе, гэта значыць, проста станавіцца багацей без усялякіх на тое прычын дзяржава не можа.
Адцягнемся ад прыгожых лічбаў і паглядзім, што адбываецца ў той частцы эканомікі, пра якую нам звычайна не спяшаюцца распавядаць. Прадукцыйнасць працы беларусаў, разлічаная па ВУП, знізілася за студзень-кастрычнік на 3,2%. Растуць складскія запасы: У ліпені яны складалі 66% ад аб'ёму сярэднямесячнай вытворчасці ў прамысловасці, а ў лістападзе былі ўжо 71%. Перакрыць страчаныя экспартныя рынкі новымі не ўдалося. Мы назіраем падзенне ВУП, прычым адбываецца гэта адразу ў многіх галінах эканомікі. З краіны выехалі дзясяткі, калі не сотні тысяч высокакваліфікаваных і высокааплатных спецыялістаў, а таксама мноства сярэдніх і маленькіх бізнесаў.


Куды ні глянь, усюды праблемы. Сітуацыя не становіцца лепш, яна нават не стабілізавалася, а пагаршаецца літаральна з кожным месяцам. «Крэатыўныя» рашэнні кіраўніцтва краіны толькі пагаршаюць перспектыву, напрыклад — нядаўні загад цэнам замерці на месцы.
У выніку атрымліваецца, што цяперашняя сярэдняя зарплата — гэта не вынік зладжанай працы эканомікі, прыросту ВУП і экспарту. «Дасягненні» выглядаюць цалкам неабгрунтаванымі. Відавочна, што беларусаў проста заліваюць грашыма, а значыць, мы на кароткі тэрмін атрымаем намаляваны дабрабыт, які не мае нічога агульнага з рэальнасцю.
Магчыма, мы бачым свайго роду «грошы з верталёта» або класічнае залагоджванне насельніцтва перад чарговым «няпростым рашэннем»? Толькі да гэтага трэба дадаць, што на борце верталёта намаляваны расейскі герб, а праект бюджэту на будучы год недвухсэнсоўна намякае, што працяг зарплатнай казкі моцна залежыць ад падтрымкі Крамля.
Ужо не раз беларусы сутыкаліся з атракцыёнамі нябачанай шчодрасці НАПЯРЭДАДНІ нейкіх знакавых падзей, напрыклад — выбараў. І кожны раз казка доўжылася нядоўга. Карэта вельмі хутка ператваралася ў гарбуз, а незаробленыя грошы хутка праядаліся, пакідаючы пасля сябе непрыемны паслясмак у выглядзе высокай інфляцыі і дэвальвацыі рубля. Станавілася толькі горш. На жаль, адбудзецца так і гэтым разам.