Грошай шмат не бывае. Якія міністэрствы атрымаюць больш з бюджэту?

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» працягвае разбіраць праект рэспубліканскага бюджэту, і гэтым разам закранае такую цікавую тэму, як прыярытэты сярод міністэрстваў пры размеркаванні дзяржаўных сродкаў.

_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg


І важна тут не толькі, каму і колькі перападзе ў наступным годзе, але і тое, як мяняюцца долі штогод у агульным бюджэце, што, безумоўна, дэманструе бягучыя прыярытэты ўрада.

Важная агаворка — кіраваныя міністэрствамі сферы жыцця атрымліваюць фінансаванне не толькі з рэспубліканскага, але і з мясцовых бюджэтаў. І долі паміж імі размяркоўваюцца вельмі нераўнамерна. Так, напрыклад, Міністэрства абароны, МУС, Мінпрыроды кормяцца збольшага з рэспубліканскага бюджэту. Адукацыя і ахова здароўя — гэта толькі часткова Мінадукацыі і Мінздароўя. Гэтак жа, як сферы будаўніцтва і ЖКГ, якія пераважна разлічваюць на бюджэты мясцовыя, чым на сродкі Мінбудархітэктуры і МінЖКГ.

Але паколькі ў доступе ёсць даныя толькі па рэспубліканскім бюджэце, размова ідзе выключна пра яго.

Такім чынам, лідзіруючыя міністэрствы застаюцца ў апошнія гады больш-менш пастаяннымі. На першым месцы — Міністэрства абароны, якое забярэ сабе 3 млрд рублёў. Тут у 2023 годзе фінансаванне павялічылі адносна 2022 годзе на 50%. Пасля такога складана зразумець, хто ж на самай справе будзе больш гучна «пляскаць гусеніцамі» на мяжы.

На другім месцы знаходзіцца Міністэрства аховы здароўя, і гэта лагічна. Бо ў сферы аховы здароўя працуюць буйныя рэспубліканскія клінікі, інстытуты і даследчыя цэнтры, якія фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту і абслугоўваюць патрэбы краіны ў цэлым. Бюджэт на 2023 год — 1 млрд 980 млн рублёў. Прырост складзе 12%, і важна разумець, што гэта, па сутнасці, захаванне падтрымкі на ранейшым узроўні, бо не ўлічваецца высокая інфляцыя. Так, урад плануе што інфляцыя ў наступным годзе застанецца ў межах 7-8% за год, але ж мы выдатна памятаем, што ў гэтым інфляцыя разагналася моцна вышэй 10%.

На трэцім месцы Міністэрства прамысловасці з 1 млрд 600 млн рублёў. Прырост назіраецца ўражлівы — на 38% больш, чым летась. Тут таксама нічога дзіўнага: датацыйныя прадпрыемствы-зомбі, якія пастаянна трэба ратаваць за кошт дзяржавы, былі і застаюцца вялікім клопатам урада.

photo_2022_12_28_17_12_22.jpg


За ім ідзе Міністэрства ўнутраных спраў з 1 млрд 440 млн рублёў. Гэта ведамства ў апошнія гады паказала сваю неабходнасць уладзе і гатоўнасць служыць, і ўваходзіць у 2023 год з тлустым дадаткам у 27% у адносінах да цяперашняга года.

Міністэрства транспарту і камунікацый атрымлівае 1 млрд 100 млн, гэта больш, чым летась на 25% — пераважна таму, што на бюджэт у наступным годзе перакідваюцца выдаткі на рамонт і будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, якія раней шмат у чым рабіліся за кошт замежнага фінансавання.

Міністэрства адукацыі атрымае з рэспубліканскага бюджэту 960 млн рублёў, і гэта ўсяго на 7% больш, чым летась. То-бок, менш у рэальным выражэнні. На гэтыя грошы будзе ўтрымлівацца само Мінадукацыі і, напрыклад, ВНУ рэспубліканскага значэння, у той час як школы і дзіцячыя сады жывуць, як правіла, на грошы мясцовых бюджэтаў.

І ў заключэнне — коратка пра астатнія структуры, якія ўваходзяць у ТОП-10. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымае 890 млн рублёў (на 19% больш), Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — 520 млн (на 13% больш). МНС — ведамства адносна невялікае, але дзякуючы таму, што яно належыць да «сілавога блоку», на яго выдаткоўваць грошы таксама не скупяцца — 500 млн рублёў (на 28% больш). І нарэшце, на дзясятым месцы размясцілася Міністэрства фінансаў з 440 млн рублёў, і гэта на 3% менш, чым у 2022 годзе.


У эпоху, калі эканоміка становіцца ўсё больш архаічнай (а можа, яе і зусім засталося на тры дні), у цане добрыя веды ў стварэнні «схематозу» і пабудове кантрабандных ланцужкоў, у той час як паслугі кваліфікаваных фінансістаў папросту не запатрабаваныя.