Ураду вельмі хочацца інвестыцый. А няма!
Ва ўрада здарыўся прыступ слаба кантраляванага аптымізму. Ён упэўнены, што ў наступным годзе краіну будзе чакаць не падзенне, а цалкам адчувальны рост ВУП. Тэлеграм-канал «Нашы грошы» паспрабаваў зразумець, адкуль плануецца ўзяць сродкі на чарговы «беларускі эканамічны цуд».
Мяркуючы па праекце бюджэту, можна сказаць, што ўрад робіць дзве стаўкі: на экспарт і на інвестыцыі. Пра экспарт гаворана ўжо неаднаразова: як паказала практыка, Расія можа замяніць толькі частку партнёраў, якіх Беларусь страціла пасля пачатку вайны. Прычым нярэдка імпартазамяшчэнне аказваецца нашмат менш выгадным.
А што з інвестыцыямі?
Калі мы паглядзім на графік, то зразумеем, што інвестыцыі — гэта правальная тэма на працягу апошніх двух гадоў. Калі ў пачатку 2020-га можна было ўбачыць перыяд росту індэкса фізічнага аб'ёму інвестыцый у асноўны капітал да 104% (у адносінах да таго ж перыяду мінулага года ў супастаўных цэнах), то ўжо ў чэрвені здарыўся абвал да 98,5% і пасля ён працягнуўся, дасягнуўшы ў сакавіку 2021-га 87,4%.
Вяртанне да росту ў студзені 2022 года здарылася разава і, хутчэй, на хвалі завяршэння буйных гадавых кантрактаў, калі ўдалося выкараскацца на паказчык 100,5%. Але атрымалася пратрымацца толькі месяц. Наступны, яшчэ больш значны, абвал здарыўся адразу пасля пачатку вайны ва Украіне. За паўгода аб'ём інвестыцый прадэманстраваў адмоўны рост з 95,8% да 81,6%.
Як шматкроць казалася, інвестыцыі — гэта паказчык таго, ці бачаць будучыню краіны яе грамадзяне і інвестары за мяжой. Як бачым, прыкмет таго, што ў Беларусь хтосьці верыць (свае або чужыя), няма. Нават Расія не спяшаецца праліць залаты інтэграцыйны дождж на нашу краіну.
І вось нечакана ўрад заяўляе, што плануе ў 2023 годзе рост інвестыцый на 22,3%. Чакаецца, што інвестыцыі, такім чынам, будуць складаць 20% ВУП або сумарна каля 46 млрд рублёў. Для параўнання: зараз гэтая прапорцыя значна больш сціплая — 13,9% ад ВУП.
Куды плануецца прыцягнуць інвестыцыі? У першую чаргу ў тэхнічнае перааснашчэнне і новыя інвестыцыйныя праекты (31,2 млрд рублёў). Усяго ў спісе значыцца 129 інвестыцыйных праектаў, 14 інтэграцыйных праектаў з Расіяй і 51 імпартазамяшчальны праект.
Другі напрамак — інфраструктура ў рэгіёнах, на гэта хочуць накіраваць 7,9 млрд рублёў, у тым ліку на будаўніцтва 17 дзіцячых дашкольных устаноў, 9 школ, 22 ФАК, 7 басейнаў і гэтак далей, а таксама 22 масты і пуцеправоды на рэспубліканскіх дарогах і яшчэ 30 — на мясцовых.
Трэці напрамак — жыллёвае будаўніцтва. У яго плануецца прыцягнуць 7,7 млрд рублёў. Тут гаворыцца аб будаўніцтве любога жылля, у тым ліку і арэнднага, з дзяржпадтрымкай і іншага.
Гучыць трохі фантастычна, таму заканамернае пытанне: за чый кошт банкет? Хто ўкладзе гэтыя грошы? Вывучыўшы дакументы, мы ўбачылі адказ: Мінфін хоча «стымуляваць дзейнасць банкаў па пашырэнні рэсурснай падтрымкі эканамічнай дзейнасці».
Нескладана зразумець, што ідэя дэкларатыўна накіроўваць грошы банкаў у сферы, якія яны не хочуць фінансаваць — не самая лепшая. Падобнага роду інвестыцыйная вакханалія можа адчувальна пахіснуць стабільнасць банкаўскай сістэмы краіны, якая і без таго не выглядае асабліва моцнай. Да таго ж, укладанні банкаў у сумнеўныя з фінансавага пункту гледжання дзяржаўныя праекты наўрад ці падвысяць давер да банкаўскай сістэмы з боку насельніцтва, якое па звычцы, але яшчэ трымае немалыя грошы на рахунках.