Не ў фаворы. Якія міністэрствы «пойдуць жабраваць»?

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» нядаўна распавёў пра міністэрствы, якія атрымаюць з рэспубліканскага бюджэту самае шчодрае фінансаванне. А хто, на думку ўлад, з’яўляецца менш за ўсё патрэбным? Каму дадуць грошай менш?

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


Традыцыйна тут абмяркоўваецца толькі праект рэспубліканскага бюджэту, які можа карэктавацца, і гэта не кансалідаваны бюджэт, які ўключае ў сябе і мясцовыя бюджэты, за кошт якіх існуюць, напрыклад, адукацыя, ахова здароўя альбо жыллёва-камунальная гаспадарка.

Стартуем ад самага дна шорт-ліста: менш за ўсё ў наступным годзе з рэспубліканскага бюджэту атрымае тое самае Міністэрства ЖКГ — 5 млн рублёў (мінус 92%). З 2023 года яно практычна цалкам пераходзіць на баланс мясцовых бюджэтаў.

Адно з самых маладых міністэрстваў, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання, атрымае 12 млн рублёў, што на 20% больш, чым сёлета. МАРГ — міністэрства маленькае, але ёмістае, у апошні час яно часта з'яўляецца ў інфармацыйным полі ў сувязі з неадназначнымі падзеямі па замарозцы цэн у краіне. Мабыць, працу ацанілі.

На трэцім знізу месцы — Міністэрства інфармацыі, якому ў наступным годзе выдаткуецца 23 млн рублёў. Гэта фактычна роўна столькі ж, колькі і ў гэтым, а калі ўлічыць інфляцыю, то ў рэальным выражэнні выходзіць значна менш. Мяркуючы па ўсім, урад упэўнены, што інфармацыйная прастора зачышчана дастаткова і нарошчваць намаганні прапаганды няма неабходнасці.

Міністэрства эканомікі атрымае 27 млн рублёў, і гэта на 3% менш, чым летась. Улічваючы інфляцыю, падзенне ў фінансаванні вельмі адчувальнае. У перыяд, калі эканоміку краіны моцна штарміць, пастаянна ўзнікаюць усё новыя ўнутраныя і знешнія пагрозы, профільнае міністэрства выглядае вельмі непераканаўча. Мяркуючы па ўсім, нейкіх рэальных вынікаў дзеянняў гэтага міністэрства не бачым не толькі мы, але і ўлады.

Значна скарочаны бюджэт (на 15%) у Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, у 2023-м яно атрымае ўсяго 56 млн рублёў. Адзначым, што будаваць у наступным годзе ў Беларусі плануюць 4,3 млн кв. м. жылля —відавочна, не за кошт фондаў галіновага міністэрства. Рэспубліканскія ж грошы, як правіла, накіроўваліся на буйныя праекты, прычым часта ў тандэме з замежнымі інвестыцыямі, якія цяпер практычна вычарпаліся. На самастойнае вядзенне «будоўляў стагоддзя» пры дэфіцытным бюджэце ва ўрада яўна не хапае сродкаў.

Міністэрства юстыцыі атрымае 58 млн, што на 10% больш, чым сёлета. З улікам інфляцыі, фінансаванне застаецца прыкладна на тым жа ўзроўні. Можна меркаваць, што цяперашняя праца міністэрства будзе працягвацца ў тых жа аб'ёмах і на тым жа ўзроўні існавання краіны, дзе часам не да законаў.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя атрымае 81 млн рублёў, што на 13% больш. Гэта проста кампенсацыя інфляцыі і, магчыма, спроба папоўніць прабелы, якія ўзніклі пасля сыходу з краіны шматлікіх міжнародных экалагічных праектаў.

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі атрымае ў 2023 годзе на 14% больш — 92 млн рублёў. Верагодна, ва ўрада застаецца надзея хоць неяк падтрымаць інфарматызацыю, але грошы на развіццё індустрыі, якая з'яўлялася драйверам эканомікі Беларусі да 2022 года, вылучаюць невялікія.

Відавочным аўтсайдарам з'яўляецца Міністэрства замежных спраў, якому ў наступным годзе выдзеляць 174 млн рублёў, што на 8,2% менш, чым сёлета. З улікам інфляцыі атрымліваем скарачэнне фінансавання прыкладна на 20%. Тут усё зразумела — замежных спраў няма, і міністэрства фактычна ўжо не трэба.

І, нарэшце, дзясятку замыкае Міністэрства культуры, якое атрымае 201 млн рублёў, што на 16% больш, чым летась. Не трэба цешыць сябе ілюзіямі: дадатковыя грошы не будуць накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы і культуры. Гэта міністэрства ўжо даўно стаіць у авангардзе прапаганды, і дадатковае фінансаванне — відавочны знак прызнання заслуг на гэтым фронце.