«Рэшткавае зберажэнне» робіцца ў Беларусі ўсё часцейшым

У траціны беларусаў не атрымліваецца адкладаць наогул ніякіх грошай на «чорны дзень», і такіх людзей за  апошнія два гады стала больш. А колькасць тых, хто спачатку выдаткоўвае грошы, а толькі потым, калі нешта засталося, адкладае, павялічылася ў 2022 годзе на 13,1 працэнта.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Кожныя два гады Інстытут сацыялогіі НАН па замове Нацыянальнага банка праводзіць у краіне апытанне на тэму фінансавай пісьменнасці. У ім прымае ўдзел 1,5 тысячы рэспандэнтаў, піша Thinktanks.by.

Новае даследаванне выявіла негатыўныя тэндэнцыі ў параўнанні з перыядам двухгадовай даўніны. Нягледзячы на рост агульнага ўзроўню фінансавай пісьменнасці, намеціўся рэгрэс у кіраванні паўсядзённымі даходамі.

Каля 70% апытаных імкнуцца прадпрымаць дзеянні па назапашванні грашовых сродкаў. З іх кожны чацвёрты прытрымліваецца «эфектыўнай стратэгіі выдаткаў», г.зн. спачатку адкладае частку даходу на зберажэнні, а астатнюю частку выдаткоўвае. Больш за 40% рэалізуюць стратэгію «рэшткавага зберажэння», адкладаючы сродкі, якія засталіся пасля здзяйснення ўсіх неабходных выдаткаў. Колькасць рэспандэнтаў, якія ўсё трацяць і нічога не адкладваюць на зберажэнні, склала 31,1%.

У параўнанні з 2020 годам вырасла колькасць рэспандэнтаў, якія рэалізуюць стратэгію «рэшткавага зберажэння». Так, колькасць тых, хто спачатку выдаткоўвае, а толькі потым адкладае вольныя сродкі, павялічылася на 13,1 працэнта (з 29,3% да 42,4% у 2022 годзе). Калі параўноўваць з 2016 годам, то ў дадзеным выпадку можна казаць аб станоўчай тэндэнцыі павелічэння долі рэспандэнтаў, для якіх характэрна «эфектыўная стратэгія выдаткаў».

«Эфектыўную стратэгію выдаткаў» рэалізуюць каля траціны гарадскіх і сельскіх жыхароў (малюнак 1.1.10). Стратэгія «рэшткавага зберажэння» найбольш характэрная для гарадскіх жыхароў (44,6% і 35% адпаведна). Сярод жыхароў сельскай мясцовасці большая колькасць тых, каму не ўдаецца адкладаць на зберажэнні (28,8%). У параўнанні з 2020 годам як сярод гарадскіх, так і сярод сельскіх жыхароў назіраецца зніжэнне колькасці рэспандэнтаў, якія не адкладаюць на зберажэнні, і павелічэнне колькасці тых, хто рэалізуе стратэгію «рэшткавага зберажэння».


Зрэшты, як пісаў «НЧ», згодна з сацапытаннем SATIO, амаль у паловы беларусаў зберажэнняў хопіць на тэрмін не большы за месяц у выпадку страты крыніцы даходу. На тэрмін ад паўгода сродкаў дастаткова толькі ў кожнага дзясятага. Гэта тлумачыцца асаблівасцямі беларускага рынку працы — значная колькасць людзей мае вельмі нізкія заробкі. Не маючы назапашванняў, яны асцерагаюцца страціць нават мінімальную крыніцу даходу. Адначасова гэта дэманструе ключавую праблему эканомікі — яе нізкую эфектыўнасць, з-за чаго яна не ў стане забяспечыць дастатковы заробак людзям.