Рызыка неплацяжоў Беларусі ў 2021 годзе можа істотна вырасці
У 2021 годзе верагоднасць неплацяжоў Беларусі па даўгах можа вырасці, гаворыцца ў аглядзе расійскага Аналітычнага крэдытнага рэйтынгавага агенцтва (АКРА).
«Масавыя пратэсты, што пачаліся ў Беларусі пасля праведзеных у жніўні прэзідэнцкіх выбараў, прывялі да значнай пераацэнкі інвестарамі прэміі за беларускую суверэнную рызыку. У жніўні 2020 года краінавыя прэміі па рынкавых знешніх дзяржпазыках альбо выйшлі на ранейшыя максімумы, дасягнутыя ў сакавіку 2020-га ў сувязі з глабальным павышэннем рызык на фоне пандэміі каранавіруса, альбо перавысілі іх», — адзначаюць аналітыкі АКРА.
Рост прэмій назіраўся па ўсіх вонкавых пазыках беларускага ўрада, гаворыцца ў аглядзе. «Так, краінавая прэмія па двухгадовых аблігацыях, размешчаных на расейскім рынку ў расейскіх рублях, вырасла больш чым удвая, а па еўрааблігацыях у доларах ЗША з пагашэннем у 2027 годзе — прыкладна ў паўтары разы», — канстатуюць аналітыкі АКРА.
Паводле іх назіранняў, інвестары патрабуюць больш высокую прэмію па еўрааблігацыях з меншым тэрмінам да пагашэння, рэагуючы тым самым на ўзрослую нявызначанасць адносна здольнасці ўрада пагасіць доўг своечасова і ў поўным аб’ёме. «Гэтую сітуацыю, то бок значны рост прэмій па дзяржаблігацыях, патэнцыйна можна кваліфікаваць як магчымае абмежаванне доступу беларускага ўраду на знешнія рынкі», — лічаць аналітыкі АКРА.
Яны звяртаюць увагу на тое, што валютныя рэшткі Мінфіна Беларусі на 1 жніўня складалі 4,9 млрд долараў ЗША. «Такім чынам, у бягучым годзе рызыкі нявыплат па дзярждоўгу ў Беларусі невялікія, аднак у далейшым, на думку АКРА, верагоднасць неплацяжоў можа істотна вырасці», — гаворыцца ў аглядзе.
У дакуменце адзначаецца, што абмежаванасць доступу беларускага ўрада да знешніх рынкаў ускладняе працэсы рэфінансавання знешняга доўгу для кампаній і банкаў. «Паводле ацэнкі АКРА, доля знешняга доўгу ў сукупным доўгу кампаній і банкаў складае каля 30% і 20% адпаведна, а іх агульная знешняя завінавачанасць да пагашэння ў 2020 годзе (асноўны доўг і працэнты) на першае ліпеня знаходзіцца на ўзроўні каля 9 млрд долараў ЗША», — гаворыцца ў аглядзе.
Акрамя таго, адзначаюць аналітыкі, скарачэнне знешняга попыту на беларускую прадукцыю, якое паменшае выручку экспартна арыентаваных кампаній, забастоўкі і пратэсты ўнутры краіны негатыўна адбіваюцца на даступных для кампаній і банкаў рэсурсах, неабходных для самастойнага выканання абавязкаў.
«З улікам абмежаванасці магчымасцяў рэфінансавання знешняга доўгу не выключана верагоднасць таго, што на плечы ўрада можа легчы доўг шэрагу кампаній і банкаў», — мяркуюць аналітыкі АКРА.
Паводле Радыё Рацыя