Сабекошт электраэнергіі БелАЭС будзе амаль у 2 разы вышэйшы, чым цяпер. Як так?

Сёння, 6 лістапада, Лукашэнка заявіў пра неабходнасць пабудаваць у Беларусі яшчэ адну АЭС. Але з увядзеннем БелАЭС кошт электраэнергіі можа вырасці. І нават калі раптам іншыя краіны згодзяцца купляць электраэнергію ў Беларусі, яе давядзецца прадаваць ніжэй за сабекошт.



a3970c163e9750d02b9ad95bcfd6dcfe_1.jpg

Поўны сабекошт электраэнергіі з БелАЭС можа скласці 8,5 цэнта за кілават-гадзіну, а цяпер па энергасістэме яе сярэдні сабекошт — 4,2 цэнта, піша thinktanks.by

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк нядаўна распавёў, што сабекошт вытворчасці электраэнергіі на АЭС будзе прыкладна 3,5 цэнта за кілават-гадзіну. З гэтай ацэнкай згодны навукова-даследчы інстытут "БЕЛТЭІ", аднак яго спецыялісты дадаюць, што трэба ўлічваць і крэдытную нагрузку, роўную яшчэ 5 цэнтам за кілават-гадзіну. Гэта значыць, поўны сабекошт электраэнергіі з БелАЭС можа скласці 8,5 цэнта за кілават-гадзіну. Цікава, што цяпер сярэдні сабекошт выпрацоўкі адной кілават-гадзіны па энергасістэме складае прыблізна 4,2 цэнта.

А паводле ацэнак ГА "Экадом", сабекошт вырабленай на БелАЭС электрычнасці можа скласці каля 10 цэнтаў за кілават-гадзіну. Тады сабекошт электраэнергіі ў цэлым па энергасістэме пасля запуску двух рэактараў АЭС вырасце да 7,26 цэнта за кілават-гадзіну.

Такім чынам, нават калі іншыя краіны пагодзяцца купляць у Беларусі электраэнергію, наўрад ці наша краіна зможа прадаваць электраэнергію на экспарт па сабекошце.

Напрыклад, у ліпені 2020 года Беларусь прадавала Украіне электраэнергію па сярэднеўзважанай цане 948 грыўняў за мегават-гадзіну, то ёсць па 33,4 даляра за мегават-гадзіну, або па 3,34 цэнта за кілават-гадзіну. У 2019 годзе Беларусь сама імпартавала электраэнергію па 4,5 цэнта за кілават-гадзіну.

Эксперты адзначаюць, што беларускім энергетыкам давядзецца звяртацца да ўраду з просьбай дазволіць продаж электраэнергіі ніжэй за сабекошт, паколькі на суседніх рынках ўзровень коштаў удвая ніжэйшы. Страты давядзецца спісваць на бюджэт.

 Паводле thinktanks.by