Санкцыі пачнуць прыводзіць да фактычных страт эканомікі да канца года. Магчымы фінансавы крызіс

Такая выснова ўтрымліваецца ў аглядзе беларускай эканомікі ад Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC.

krizis08.jpg


Эксперты Цэнтра апублікавалі агляд за другі квартал. «Салідарнасць» вылучыла з яго некалькі важных момантаў.


Да росту эканомікі прывёў «знешнегандлёвы цуд»

Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі ў другім квартале склаў 5,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Па выніках паўгоддзя ВУП вырас на 3,3%. Адсюль, дарэчы, і рост рэальнай зарплаты.

Эксперты BEROC канстатавалі: справа тут не толькі ў эфекце «нізкай базы», але і ў «знешнегандлёвым цудзе». Беларусь прадэманстравала экспартны бум. Якія яго прычыны?

Па-першае, на фоне паўсюднага росту коштаў беларускія вытворцы стрымліваюць іх для сваёй прадукцыі, атрымліваючы коштавую перавагу. Гэта актуальна, напрыклад, для прадукцыі дрэваапрацоўкі, чорных металаў, тэкстылю, абутку, шын.

Па-другое, глабальны цэнавы шок на прадукты харчавання спарадзіў і рост попыту на прадукцыю сумежных галін. Гэты эфект закранае беларускіх вытворцаў, напрыклад, мінеральных угнаенняў, чельскагаспадарчага машынабудавання і інш.

Па-трэцяе, найбольш канкурэнтаздольныя вытворцы змаглі закрыць нішы, якія ўзніклі на фоне рознага роду кавідных збояў прапановы. Гэта актуальна, напрыклад, для прыборабудавання і вытворчасці мэблі.

Па-чацвёртае, аднавіліся да звыклага для сябе ўзроўню фізічныя аб’емы экспарту нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў.


«Знешнегандлёвы цуд» можа хутка скончыцца

Аднак эксперты BEROC лічаць «знешнегандлёвы цуд» часовай з’явай.

— Малаверагодна, што пры астуджэнні посткавіднай дынамікі ў свеце экспарт зможа працягнуць рост. Верагодна, нават утрымаць існуючыя пазіцыі будзе цяжка. А імпарт, з высокай верагоднасцю, будзе наганяць экспарт. Таму найбольш верагодным бачыцца вычарпанне знешнегандлёвага цуду ў другім паўгоддзі, — адзначаецца ў аглядзе Цэнтра эканамічных даследаванняў.

Эксперты мяркуюць, што па гэтай прычыне рост ВУП замарудзіцца, і па выніках года можа скласці каля 2,4%. Аднак ёсць яшчэ адна сур’ёзная падстава хвалявацца за беларускую эканоміку. Гэтая падстава — санкцыі з боку заходніх краін, якія былі зацверджаныя летам.


Санкцыі могуць абярнуцца глыбокай і працяглай эканамічнай дэпрэсіяй

Найбольшы макраэфект BEROC чакае ад санкцыйных пакетаў Вялікабрытаніі і ЕС, якія прадугледжваюць забарону альбо абмежаванні на экспарт беларускіх нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і інш.

— Зыходзячы з розных трактовак зыходных палажэнняў, гэтыя санкцыі закранаюць ад 10 да 13,5% усяго беларускага экспарту. Па шкале выпуску патэнцыйныя страты ад іх складаюць каля 6% ВУП напрацягу 2-3 кварталаў пасля іх актывацыі. Пасля, за кошт галіновых узаемасувязяў і абмежаванняў у выкарыстанні абменнага курсу для згладжвання іх эфекту, страты будуць узрастаць аж да 10% ВУП — гаворыцца ў аглядзе.

У пакеты ЕС, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Канады ўключаны таксама фінансавыя санкцыі ў дачыненні да дзяржаўных пазычальнікаў, уключаючы тры найбуйнейшыя дзяржбанкі — Беларусбанк, Белаграпрамбанк і Белінвестбанк.

— Гэтыя санкцыі не такія крытычныя з пункту гледжання хуткай і адчувальнай праявы ў макрамаштабе. Але яны будуць генераваць шэраг перманентных эфектаў, якія падточваюць і без таго далікатную фінансавую стабільнасць у Беларусі — гаворыцца ў аглядзе BEROC.

Што тычыцца санкцый ЗША ў дачыненні да прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім», то ў сувязі з асаблівым механізмам іх рэалізацыі і палажэнням, якія падлягаюць дэталізацыі, эксперты лічаць, што «патэнцыйны макраэфект ад іх наўпрост пакуль не відавочны».

— Пакуль рэалістычнай бачыцца карціна, што апісаныя вышэй патэнцыйныя страты на стыку 2021-2022 гадоў (калі асноўныя санкцыйныя палажэнні набываюць моц) будуць паступова трансфармавацца ў фактычныя. У гэтым выпадку важна таксама ўлічваць непазбежнасць ўзаемадзеяння паміж асобнымі эфектамі.

Істотны спад ВУП прывядзе і да фінансавага стрэсу, які з улікам фінансавых санкцый, з вялікай верагоднасцю, трансфармуецца ў поўнамаштабны фінансавы крызіс. Такое развіццё падзей пагражае абярнуцца глыбокай і працяглай эканамічнай дэпрэсіяй, — гаворыцца ў аглядзе.

Такім чынам з улікам не толькі заканчэння «знешнегандлёвага цуду», але і пачатку працы санкцый ВУП краіны па выніках года можа скласці ўсяго 1,7 — 2,4%, а не 3,5%, як плануе ўрад. А далей можа быць яшчэ горш.

На мяжы 2021-2022 гадоў верагодна ўваходжанне краіны ў рэцэсію.