«Няма ніякіх сумневаў» — у ЕС заявілі, што санкцыі супраць «кашалькоў Лукашэнкі» сапраўды ўвядуць
А ў Германіі заклікалі прыбраць шчыліны з дзеючых.
У Еўрасаюзе не сумняваюцца, што пяты пакет санкцый будзе ўведзены супраць улад Беларусі. Да таго ж, сусветныя палітыкі ярка адрэагавалі на прысуд Марыі Калеснікавай і Максіму Знаку. Яны выказалі падтрымку зняволеным, нагадалі пра дзеючыя санкцыі, а таксама заклікалі да дадатковых.
Крыніца ў дыпламатычных колах паведамляе, што «няма ніякіх сумневаў у тым, што будуць уведзеныя новыя санкцыі, і яны закрануць людзей, якія фінансава падтрымліваюць Лукашэнку», піша «Беларускі партызан» са спасылкай на еўрапейскі часопіс «EuObserver».
Адна з лідараў перадвыбарчай гонкі ў Германіі Аналена Баербок адзначыла, што «Марыя Калеснікава і Максім Знак — смелыя змагары за дэмакратыю і правы чалавека. Яны і ўсе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызваленыя».
Пры гэтым яна заклікала заклікала ўвесці дадатковыя санкцыі і скасаваць шчыліны ў сектаральных.
«Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі расце з кожным днём. На гэтым фоне санкцыйны рэжым ЕС павінен быць пашыраны і скасаваныя выключэнні, напрыклад, у калійным або фінансавым сектарах».
Да таго ж, яна заклікала ўрад Германіі пашырыць дапамогу «палітычным пераследуемым», бо «квота ў памеры ўсяго 50 гуманітарных віз відавочна занадта малая на гэтым фоне і мае патрэбу ў тэрміновым павелічэнні».
Раней дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паабяцаў працаваць над тым, «каб у санкцыйныя спісы трапілі ўсе, хто мае дачыненне да расправы над Марыяй і Максімам: суддзя, пракурор, сведкі, а таксама прапагандысты».
У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША таксама асудзілі «палітычна матываваны і ганебны прысуд», вынесены Калеснікавай і Знаку. «На жаль, гэтыя прысуды з’яўляюцца яшчэ адным сведчаннем поўнага ігнаравання ўладамі правоў чалавека і асноўных свабод народа Беларусі — напісана ў заяве дзяржсакратара Энтані Блінкена. — Як дзяржава-ўдзельніца АБСЕ Беларусь абавязалася паважаць права на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным і бесстароннім судом, а таксама права на свабоду выказвання меркаванняў і мірных сходаў».
Таксама ЗША нагадалі, што 9 жніўня выдалі «ўказ, згодна з якім рэжым Лукашэнкі нясе адказнасць за свае напады на дэмакратыю і правы чалавека, транснацыянальныя рэпрэсіі і карупцыю».
У сувязі з сітуацыяй апублікавалі заяву і ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ). «Я ўзрушаны тым, што беларускія апазіцыйныя лідары Марыя Калеснікава і Максім Знак былі прысуджаныя да доўгіх турэмных тэрмінаў паводле так званых абвінавачванняў у змове, — заявіў прэзідэнт ПАРЕ Рык Дамс. — Гэтыя прысуды цалкам неабгрунтаваныя, і абодва гэтыя мужныя чалавекі, якія ўсяго толькі абаранялі асноўныя правы чалавека ў сваёй краіне, павінны быць неадкладна вызваленыя».
Раней у Еўрасаюзе таксама асудзілі «абуральную непавагу мінскага рэжыму да правоў чалавека і асноўных свабод народа Беларусі».