Састарэлая інфраструктура і ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Беларусь — у сярэдзіне сусветнага рэйтынгу беднасці
Англамоўнае выданне Global Finance прадставіла абноўлены рэйтынг самых бедных і багатых дзяржаў свету. Згодна з ранжыраваннем, Беларусь апынулася на 75 месцы, з вялікім адрывам ад сваіх заходніх суседзяў. Радкамі ніжэй размясцілася Украіна, якая два гады таму стала ахвярай агрэсіі, а Расія, якая здзейсніла агрэсію, застаецца вышэй.
![vokladka_108.jpg vokladka_108.jpg](/img/v1/images/vokladka_108.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1719498583&w=528)
Са спасыланнем на справаздачу Міжнароднага валютнага фонда «Перспектывы развіцця сусветнай эканомікі», Global Finance прадставіў эканамічны рэйтынг краін свету па валавым унутраным прадукце на душу насельніцтва. Значэнні выяўляюцца ў бягучых міжнародных далярах з улікам адпаведных абменных курсаў і карэкціровак па парытэту пакупніцкай здольнасці.
Для большай зразумеласці мы перавярнулі пазіцыі ў рэйтынгу — такім чынам, першыя месцы займаюць найбагацейшыя дзяржавы.
Сёлета Беларусь апынулася на 75 месцы са 190 дзяржаў свету. Бягучы паказчык ВУП на душу насельніцтва адпаведна складае $25,685. Нашая краіна размясцілася побач з Мексікай, Грузіяй, Кітаем, Тайландам і Аргенцінай.
Global Finance адзначае, што хаця пасля сямі дзесяцігоддзяў знаходжання ў складзе Савецкага Саюза Беларусь і аднавіла свой суверэнітэт, для краіны па-ранейшаму характэрны аўтарытарны рэжым і цэнтралізаваная эканамічная сістэма, а таксама трывалыя палітычныя і эканамічныя сувязі з Расіяй. Пасля таго, як рэжым Лукашэнкі падтрымаў поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года, Еўрасаюз увёў санкцыі супраць дзяржавы, яе прадпрыемстваў і грамадзян, многія міжнародныя кампаніі і інвестары пакінулі краіну, а тавараабарот рэзка скараціўся.
Тым не менш, выданне падкрэслівае, што карупцыя, недастатковая незалежнасць судовай сістэмы і бюракратычныя перашкоды былі істотнымі стрымліваючымі фактарамі для прыцягнення замежнага капіталу цягам 33 гадоў незалежнасці.
Нягледзячы на добра падрыхтаваную і кваліфікаваную рабочую сілу, нізкі ўзровень няроўнасці і беднасці, а таксама буйны прамысловы і сельскагаспадарчы сектар з патэнцыялам у шырокім спектры галін, эканамічны рост і бізнес-ініцыятывы, Беларусь застаецца адной з найбольш эканамічна няўдалых краін у Еўропе.
Найбольш балючымі праблемамі Беларусі Global Finance называе:
- умяшанне дзяржавы ў эканоміку,
- састарэлую інфраструктуру,
- абмежаваную дыверсіфікацыю эканомікі і экспарту.
Беларусі ўдалося абагнаць такія еўрапейскія дзяржавы, як Малдова, Албанія, Паўночная Македонія, Украіна і часткова прызнанае Косава, але ў той жа час нашыя бліжэйшыя заходнія суседзі вырваліся ўверх з вялізным адрывам.
Так, найвышэйшы паказчык мае Літва — 40 месца і $50,600 (у два разы вышэй за Беларусь). Адзначаецца, што балтыйская дзяржава ўсяго за некалькі дзесяцігоддзяў паспяхова перайшла да сучаснай, адкрытай рыначнай эканомікі з высокім узроўнем даходаў. Літва можа пахваліцца дыверсіфікаванай і высока алічбаванай эканомікай, добра адукаванай шматмоўнай працоўнай сілай і стабільным дэмакратычным урадам.
![Вільня Вільня](/img/v1/images/img_0355.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1719498906&w=528)
Вільня
На 42 месцы размясцілася Польшча, якая дабілася значнага прагрэсу ў лічбавізацыі адміністрацыйных працэсаў, спрашчэнні працэдур адкрыцця бізнесу і прыцягненні замежнага капіталу, на 47 апынулася Эстонія, на 54 — Латвія.
Поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну істотна паўплывала на эканамічны ландшафт краіны, праз што нашая паўднёвая суседка апусцілася на 119 месца, знаходзячыся побач з афрыканскімі і азіяцкімі краінамі. Украіне атрымалася захаваць уражальную ступень прадпрымальніцкага дынамізму, які караніцца ў вялікім спажывецкім рынку, багатых прыродных рэсурсах і высокаадукаванай, эканамічна эфектыўнай працоўнай сіле.
Акрамя таго, вайна не спыніла, а паскорыла прасоўванне карпаратыўнага кіравання і эканамічных рэформаў, асабліва пасля таго, як у 2022 годзе Украіна атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС па паскоранай працэдуры. Чакаецца, што постваеннае аднаўленне Украіны прыцягне інвестыцыі ў сотні мільярдаў долараў ад дзяржаўных органаў, міжнародных фінансавых інстытутаў і прыватнага сектара. Але пакуль яе прыярытэтнай задачай застаецца дэакупацыя захопленых тэрыторый.
![Модульнае мястэчка для ўнутраных перасяленцаў у Львове. Фота: Львівська міська Рада Модульнае мястэчка для ўнутраных перасяленцаў у Львове. Фота: Львівська міська Рада](/img/v1/images/modulnae_mjasteczka_dlja_unutranyh_perasjalencau_u_lvove._fota__lvivska_miska_rada.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1719498994&w=528)
Модульнае мястэчка для ўнутраных перасяленцаў у Львове. Фота: Львівська міська Рада
Краіна-агрэсарка сёлета апусцілася на 59 месца і стаіць у рэйтынгу ніжэй за ўсіх заходніх суседзяў Беларусі. Паводле Global Finance, уварванне ў суверэнную дзяржаву Украіну будзе мець доўгатэрміновыя наступствы для эканамічнай будучыні Расіі. Незалежна ад зыходу канфлікту, Расія мусіць быць гатова сутыкнуцца з выклікамі, звязанымі з яе моцнай залежнасцю ад вуглевадародаў, на долю якіх прыпадае каля 40% яе ВУП, а таксама з сур’ёзнымі праблемамі праз жудасную інфраструктуру і залежнасць ад замежных тэхналогій. Акрамя таго, сістэмныя структурныя праблемы, такія як шырока распаўсюджаная карупцыя, умяшанне дзяржавы ў эканоміку і рызыкі бяспекі, будуць па-ранейшаму перашкаджаць прадпрымальніцкаму дынамізму.
Самымі паспяховымі дзяржавамі па гэтым паказчыку з’яўляюцца Люксембург з лічбай у $143,743 на чалавека, Макао (спецыяльны адміністрацыйны раён Кітая з эканамічнай аўтаноміяй), Ірландыя, Сінгапур, Швейцарыя, ААЭ, Вялікабрытанія ды іншыя.
![Люксембург Люксембург](/img/v1/images/ljuksmburh.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1719499103&w=528)
Люксембург
Найбяднейшай краінай з’яўляецца Паўднёвы Судан з ВУП $455 на чалавека. Дзяржава пакутуе ад гвалту з моманту свайго стварэння ў 2011 годзе. Багаты нафтавымі запасамі Паўднёвы Судан з насельніцтвам каля 15 мільёнаў чалавек уяўляе сабой прыклад «рэсурснага праклёну», калі багацце спрыяе палітычнаму і сацыяльнаму расколу, няроўнасці, карупцыі і войнам. Большая частка насельніцтва занята ў традыцыйнай сельскай гаспадарцы. Сёлета, паводле ацэнак, 9 мільёнаў чалавек, або больш за 60% насельніцтва Паўднёвага Судана, будуць мець патрэбу ў гуманітарнай дапамозе.
Антыпазіцыі атрымалі таксама Бурундзі ($916), Цэнтральная Афрыканская Рэспубліка, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Мазамбік.
![Дзеці набіраюць ваду з лужын у Паўднёвым Судане Дзеці набіраюць ваду з лужын у Паўднёвым Судане](/img/v1/images/dzeci_nabirajuc_vadu_z_luzyn_u_paudnjovym_sudane.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1719499212&w=528)
Дзеці набіраюць ваду з лужын у Паўднёвым Судане