Спаборнічаюць з Сонцам
Дзякуючы дэвальвацыі, якая ўжо амаль у два разы скараціла ўнутраны спажывецкі попыт (а значыць, і імпарт) і адначасова дала стымул для падвышэння экспарту, памеры знешнегандлёвага таваразвароту Беларусі значна павысіліся.
Дзякуючы дэвальвацыі, якая ўжо амаль у два разы скараціла ўнутраны спажывецкі попыт (а значыць, і імпарт) і адначасова дала стымул для падвышэння экспарту, памеры знешнегандлёвага
таваразвароту Беларусі значна павысіліся.
І — тут праўду сказаў Лукашэнка — валюта пайшла ў краіну, як ніколі раней. Чарговы цуд ці справа яго ўмелых ручак? Усяго патроху. Прынамсі, для Беларусі на знешніх рынках склалася
адносна добрая кан’юнктура. Сярэднія цэны экспарту за сем месяцаў бягучага года павысіліся на 26,2% у параўнанні са снежнем-ліпенем мінулага года, што забяспечыла 52,7% прыросту экспарту.
Халява, сэр! Менавіта такую сітуацыю афіцыйны Мінск вызначае як цуд.
Астатні прырост таварнай масы экспарту забяспечаны падвышэннем фізічных аб’ёмаў паставак. Пачалі прадаваць болей машын і механізмаў, нафтапрадуктаў.
Гэтаму, зноў жа, паспрыяла і цэнавая кан’юнктура — кошты на імпарт падвышаліся не так хутка, і таму яго прырост на 60,2% забяспечаны падвышэннем фізічных памераў закупак.
Па інфармацыі Белстата, індэкс коштавых стасункаў знешняга гандлю склаў 108,6%. Гэта значыць, што ў студзені-снежні ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на суму выручкі экспарту можна
было закупіць на 8,6% імпартных тавараў болей.
Вось яна, тэндэнцыя, пра якую разважалі напачатку года Лукашэнка, Пракаповіч, тады яшчэ галоўны банкір, і наноў прызначаны прэм’ер Мясніковіч. Агульны аб’ём знешняга гандлю
павялічыўся да 48,2 мільярда долараў (на 56,5%), у тым ліку экспарт — да 21,9 (плюс 65%), імпарт — да 26,3 мільярда долараў (на 50,1%). Такім чынам, экспарт па тэмпах павелічэння
аб’ёмаў пачаў абганяць імпарт. Гэта азначала, што Беларусь зрабіла першы рашучы крок да выхаду на дадатнае знешнегандлёвае сальда.
І ўсё было б добра, каб правы на знешнегандлёвую дзейнасць належалі толькі ўраду, адміністрацыі прэзідэнта ды самому прэзідэнту. На жаль (гэта было зроблена яшчэ да Лукашэнкі) такімі правамі
надзелены як прыватныя бізнэсоўцы, так і шараговыя грамадзяне. І калі Лукашэнка зрабіў афіцыйную абвестку, што з 1 ліпеня ў Беларусі, якая ўступіла ў Мытны саюз з Расіяй і Казахстанам, падвышаюцца
мыты на замежныя легкавікі, то амаль усе аўтааматары захацелі памяняць свае старыя іншамаркі на больш новыя. Каб не гэта акалічнасць, ніякага б ажыятажу не было. Насельніцтва б паціху
“купляла беларускае на падвышаныя спецыяльна да прэзідэнцкіх выбраў заробкі, а Лукашэнка таксама паціху падвышаў бы спажывецкія кошты, каб неўпрыкмет канфіскаваць празмерныя
набыткі. Прыкладам, так непрыкметна ссе кроў клешч, які ўпіўся ў цела.
Аднак у насельніцтва не было ніякага жадання карміць крывасмокаў. У каго была валюта, той наўпрост заангажаваў пасярэднікаў-перагоншчыкаў. У каго было дастаткова назапашана ў мясцовай валюце, памяняў
яе ў абменніках, іншыя атрымалі валютныя крэдыты ў банках. У выніку іншамарак за 7 месяцаў было куплена 259 тысяч (у 2,1 разы болей) па сярэдняй цане 8500 долараў (на 34% даражэй, чым у мінулым
годзе), а агульны кошт аўтаімпарту склаў 1,4 мільярда долараў. Не нейкага там умоўнага “бязналу, а самымі “настаяшчымі банкнотамі.
І вось гэтая, па мерках амаль што кожнай еўрапейскай краіны, дробязь насамрэч падарвала цалкам уяўную стабільнасць фінансавага рынка Беларусі. “Где стол был яств, там гроб стоит».
Дзе на фоне залатых зліткаў фатаграфаваліся прэзідэнт з нашчадкам у кампаніі з галоўным банкірам — пустэча.
Падкрэслім, што насельніцтва выдаткоўвала выключна свае грошы, хоць у значнай ступені і не заробленыя, і выкарыстала магчымасці, якія прадстаўляла яму фінансавая сістэма дзяржавы. Усё хоць і
асабістае, але цалкам законнае. Гульня пачыналася “па-чэснаму — пра падвышэнне мытаў абвясцілі загадзя, а не за тыдзень да іх увядзення. Таму цалкам не зразумелая крыўда,
якую выказаў на падначалены народ Лукашэнка. Было б больш сэнсу крыўдзіцца на Пуціна з Мядзведзевым, якія зазвалі яго ў Мытны саюз, а “пад’ёмных у дастатковай колькасці не
далі. Як заўжды, збольшага абышліся абяцанкамі.
У выніку, нягледзячы на спрыяльную кан’юнктуру, за сем месяцаў маем адмоўнае сальда ў гандлі таварамі ў памеры 4,317 мільярда долараў. А за такі ж перыяд 2010 года мелі 4,199 мільярда.
Быццам бы зрухі і ёсць, калі ўлічыць аўтамабільную пературбацыю, але ж насельніцтва і надалей будзе купляць імпартныя тавары, якія ў Беларусі ці не вырабляюцца, ці не маюць дастатковай якасці. Пакуль
што іх імпарт значна падвысіўся, а дадатнае сальда ў 114 мільёнаў змянілася на адмоўнае памерам у 907 мільёнаў долараў. Пагоршылася, такім чынам, больш чым на мільярд долараў.
Дарэчы, сітуацыя з прамысловым імпартам сведчыць аб праблемах з экспартам: калі самі беларусы па шэрагу пазіцый аддаюць перавагу прадукцыі замежных вытворцаў, чаго можна чакаць ад замежных
спажыўцоў?
Сярод статыстычных паказнікаў гарадоў і раёнаў ёсць некалькі па сваім мясцовым каларыце ўнікальных. Прыкладам, Жлобінскі раён, паказнікі якога вызначаюцца амаль выключна Беларускім металургічным
заводам, што пры 1,4 мільярда знешнегандлёвага таваразвароту мае 382 мільёны долараў дадатнага сальда. А Мінск пры аб’ёме таваразвароту ў 19,65 мільярда долараў (9,96 — экспарт,
9,69 імпарт) — толькі 270 мільёнаў. Пры гэтым Жлобін і год таму меў 276 мільёнаў перавышэння экспартнай выручкі над імпартнымі выдаткамі, а адмоўнае сальда Мінска складала 1,5 мільярда
долараў.
Не надта складана вызначыць адносную і абсалютную эфектыўнасць аднаго металургічнага прадпрыемства і мноства мінскіх прамысловых гігантаў. Пра апошнія можна сказаць, што гара нарадзіла мыш. І тое
добра, што нешта нарадзіла.
А вось Салігорскі раён — уласна кажучы, “Беларускалій — 2,142 мільярда долараў таваразварот, 2,011 мільярда долараў экспарт, 1,879 мільярда дадатнае
знешнегандлёвае сальда. Пры тым, што і ў мінулым годзе было 1,317 мільярда.
Свае адметныя рысы мае так званая нафтанка. У Наваполацку пры таваразвароце ў 2,455 мільярда, экспарт складае 568 мільёнаў, імпарт — 1,886 мільярда, сальда адмоўнае — 1,317
мільярдаў. Можна лічыць, што адзін толькі “Нафтан “з’ядае каля 70% валютнай выручкі “Беларуськалія. І адсюль бярэ пачатак практычна
невырашальная праблема з энерганосьбітамі. Іх трэба купляць усё болей, каб задавальняць патрэбы прамысловасці і іншых галін (адзначым асобую ролю ў гэтай справе ненажорных энергетычных вампіраў,
кшталту лядовых палацаў, асабліва калі яны абслугоўваюць розныя прэзідэнцкія “некамерцыйныя гульні), і пры гэтым скарачаць іх экспарт, пазбаўляючы прадпрыемства, бюджэт, краіну
магчымасці зарабляць валюту.
Можна прывесці мноства прыкладаў эканамічнай неэфектыўнасці як традыцыйных галін вытворчасці, так і новых. Прыкладам, велізарных цяплічных гаспадарак, які спажываюць энергію ў велізарных колькасцях,
пастаўляюць на ўнутраны рынак бясконца дарагія агуркі і памідоры. За наш кошт спаборнічаюць з вытворцамі краін, дзе нават узімку не бывае холадна. Можна сказаць, спрабуюць спаборнічаць з самім
Сонцам. За наш кошт.
Вось і атрымоўваецца, што Мінэнерга, якое купляе газ для выпрацоўкі электрычнай ды цеплавой энергіі, не толькі не зменшыла адмоўнае сальда, а нават павялічыла яго з 2,2 да 3,1 мільярда долараў.
Нават самая прымітыўная эканоміка існуе дзеля таго, каб зарабляць болей, чым выдаткоўваць. Увогуле, яна з гэтага і пачынаецца. А што тады сказаць пра нашу?..