Спецаперацыя «Паскрабаем па засеках»
Менавіта так эканаміст Леў Львоўскі з «BEROC» ахарактарызаваў апошнія дзеянні беларускай улады. Прычым, не толькі апошнія. Улада спрабуе дастаць грошы, дзе толькі можна. Але ў «рэзультатыўнасці» яе працы можна вельмі сумнявацца.
Калі над краінай — пагроза дэфолту, тут ужо не да сантыментаў. За люты дзярждоўг Беларусі вырас на 2,5 млрд. рублёў — да 61,4 млрд. рублёў з улікам курсавых розніц. Асноўным фактарам росту стала змена курсаў нацыянальнай валюты. Знешні дзяржаўны доўг на 1 сакавіка склаў 17,8 млрд. долараў. Пры гэтым Беларусь за люты прыцягнула 64,8 млн. долараў, а на выплату запазычанасці было накіравана 116,2 млн. долараў.
Унутраны доўг на 1 лютага дасягнуў 12,4 млн. рублёў. Ён вырас на 0,6 млрд. рублёў з пачатку года за кошт курсавых розніц. Пры гэтым Мінфін не размяшчаў дзяржаўныя аблігацыі ў студзені-лютым, але пагасіў каштоўныя паперы на 56,2 млн. долараў.
Грошы таюць, як снег вясной. І іх трэба аднекуль браць. Тым больш, ва ўмовах пасяўной, якая гэтыя грошы традыцыйна «пыласосіць» у неймаверных аб’ёмах. Адсюль і «наезд» на банк «БелВЭБ», і ўсе астатнія ініцыятывы ўрада.
З «БелВЭБам» сітуацыя вельмі цікавая. Найперш таму, што банк аказаўся, па-першае, пад санкцыямі ЗША, а па-другое, кіруе ім былы віцэ-прэм’ер краіны Васіль Мацюшэўскі. Як пішуць СМІ, «БелВЭБу» выставілі прэтэнзій на 8 млн. долараў. У іншых варунках — сума смешная для такога буйнога банка, але… Але, зноў жа, — санкцыі ЗША. Калі не «раскулачыць» банк цяпер, можна дачакацца яго простага банкруцтва і не атрымаць нічога.
Таксама цікава, за што прад'явілі прэтэнзіі «БелВЭБу». Паводле звестак абазнаных асоб, для таго, каб плаціць сваім праграмістам канкурэнтныя заробкі, банк ствараў ІT-дэпартаменты і рэгістраваў іх у якасці рэзідэнтаў «Парка высокіх тэхналогій» — з усімі прызначанымі рэзідэнтам ПВТ ільготамі. Але органы гэта трактуюць як ухіленне ад падаткаў, бо банк займаецца «няпрофільнай дзейнасцю, якая не апісаная ў ліцэнзіі».
Гэта сапраўды схема мінімізацыі падаткаў, але, па-першае, цяжка гэта назваць «сыходам ад падаткаў», бо рэзідэнты ПВТ іх таксама плацяць. Па-другое, вывад супрацоўнікаў на «аўтсорс» не з’яўляецца (пакуль што) нечым незаконным. І па-трэцяе, такая схема дазваляла ўладзе падвышаць прывабнасць самога ПВТ і ганарыцца тым, як ён шалёна прырастае кампаніямі і фірмамі.
Цікава, калі вывесці з ПВТ усе падобныя аўтсорс-рашэнні, колькі рэальна ў Парку застанецца кампаній?
Дарэчы, і з самім ПВТ у нас праблемы. Памятаеце Дэкрэт нумар какой-та, паводле якога рэзідэнтам Парка абяцалі «англійскае заканадаўства» і нязменныя на працягу 25 гадоў падаткі? Дык вось, «у краіне не да законаў» не дзейнічаюць нават дэкрэты. Савет Міністраў пастановай № 178 ад 28 сакавіка павялічыў памер адлічэнняў рэзідэнтаў ПВТ адміністрацыі Парка. У адпаведнасці з дакументам, за першы квартал 2022 года рэзідэнты павінны будуць пералічыць адміністрацыі ПВТ 2% сваёй выручкі, а не 1%, як раней.
Канешне, падняцце аплаты на 1% можа падацца дробяззю. Але тым не менш: мы ведаем, як у нас растуць цэны на бензін. Па капейчыне, па дзве, — а за год набягае 15-20%. І хто дасць гарантыю, што ў наступным квартале не будзе яшчэ «плюс працэнт»?
А ва ўмовах, калі ІТ-шнікі масава бягуць з ІТ-краіны, гэта будзе дадатковым стымулам, каб «рэлакавацца». І так ужо, згодна з апытанкай dev.by, толькі 15% ІТ-спецыялістаў не думаюць пра рэлакацыю. Гэта азначае, што 85% «сядзяць на валізках» ці ўжо з’ехалі.
Таму не дзіва, што закрытая «з-за кавіда» беларуская мяжа ўсё ніяк не адкрыецца на выезд. Нягледзячы на тое, што Мінздароўя радасна рапартуе пра «пяройдзены эпідэмічны парог», колькасць «адмытых» бальніц і паспяховую прышчэпачную кампанію.
Для такіх «рэлакантаў» дзяржава прыдумала яшчэ адну цікавую схему: грамадзяне, якія пакінулі краіну больш чым на 30 дзён і не плацяць падаткі на радзіме, будуць аплочваць камунальныя паслугі па «дармаедскіх» рахунках, то-бок «па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне».
Вельмі і вельмі цікавая ідэя, якая невядома як будзе рэалізаваная. Таму што, як правіла, тыя, хто выехаў, пакідаюць сябрам і родзічам генеральную даверанасць на кіраванне сваёй маёмасцю. І такім чынам: з каго браць гэтыя «эканамічна абгрунтаваныя затраты»? З уласнікаў кватэры, ці з тых, хто ёю распараджаецца? Што рабіць з тымі, у каго дакументальна зацверджаная «працяглая камандзіроўка»? Плюс вядома, што «эканамічна абгрунтаваныя затраты» не будуць браць з тых, хто працуе ў краінах ЕАЭС. Аднак як адсачыць чалавека, які выехаў, напрыклад, у Расію, а адтуль зляцеў на працу ў Тайланд? Бо ён паехаў працаваць нібыта ў ЕАЭС, а па факце…
Карацей, выдаткаў на тое, каб знайсці «рэлаканта» пасля перасячэння ім мяжы, будзе больш, чым тыя самыя «эканамічна абгрунтаваныя затраты».
І, так, што там з планамі ўрада па 100% аплаце насельніцтвам камунальных паслуг? Падаецца, гэта павінна было адбыцца ў 2020 годзе?
Але «вішанькай на торце» можна лічыць словы кіраўніка Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. Ён заявіў, што лічыць магчымым браць грошы з выратаваных людзей, калі яны парушылі тэхніку бяспекі. Паводле яго слоў, калі чалавек нападпітку палез купацца ў раку, ледзь не патануў і яго выратавалі, то ён мусіць аплаціць працу ратавальнікаў.
І гэта тычыцца не толькі аматараў лезці ў ваду «падшафэ», але і тых, хто п’яным засынае з цыгарэтай, ад чаго здараюцца пажары, і аматараў зімняй рыбалкі, якія «не адчуваюць» слабы лёд, і гэтак далей.
Падаецца, ні ў адной краіне свету справу ратавальнікаў яшчэ не ставілі на камерцыйныя рэйкі. Дарэчы, дзялюся ідэяй: а давайце браць перадаплату і не тушыць пажары, пакуль «вінаваты» не заплаціць?
Паводле меркавання таго ж эканаміста Льва Львоўскага, усе гэтыя захады — смешныя. «Праблемы ў краіны на мільярды, а яны шукаюць, дзе зэканоміць мільён. Гэта не рэформа ў тым плане, што нешта павінна палепшыцца або быць больш справядлівым хоць бы на думку ўрада. Яны проста шукаюць сродкі: "Ну яшчэ 50, яшчэ 100 рублёў"», — сказаў адмыслоўца «Еўрарадыё».
Але ў такім «выварочванні кішэняў» ёсць адно «але». І заключаецца яно ў тым, што Сінявокая канчаткова пераводзіць «у тэлевізар» міф пра «сацыяльную дзяржаву» і «дзяржаву для народа» — калі платныя паслугі ратавальнікаў, за якія мы, дарэчы, ужо адзін раз заплацілі сваімі падаткамі, — гэта не «сацыяльная дзяржава», а «дзікі капіталізм».
А ўмоўная «лядоўня» заўсёды перамагае ўмоўны «тэлевізар». Ад «сацыяльнай дзяржавы» ўсё больш застаюцца рожкі ды ножкі.