Свінням пад хвост
Раз-пораз беларусам прапануюць найноўшыя тэхналогіі эканамічнага ажыўлення і падвышэння дабрабыту. Адной з апошніх такіх прапаноў стаў праект будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці беконнай свініны паблізу вёскі Даўгулеўшчына Валожынскага раёна.
Раз-пораз беларусам прапануюць найноўшыя тэхналогіі эканамічнага ажыўлення і падвышэння дабрабыту. Адной з апошніх такіх прапаноў стаў праект будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці
беконнай свініны паблізу вёскі Даўгулеўшчына Валожынскага раёна.
Фінансаванне мяркуе ажыццявіць сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Данпрод». Ужо пачаўся набор кіруючага і адміністрацыйнага персаналу, распачаты падрыхтоўчыя работы. Для
будаўнічай пляцоўкі абрана засеянае рапсам поле сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Першаі». Калі б па розуму, то трэба было б пачакаць да восені, пакуль гэта культура
саспее. Але імкненне каваць жалеза пакуль яно гарачае, мусіць, вызначае не толькі сэнс усяго праекта, але і кожнай яго стадыі.
Тэхналогія прамысловай жывёлагадоўлі ўзнікла на Захадзе ў адказ на патрэбы ўрбанізацыі і ва ўмовах прыватнай уласнасці. Калі ў мэтах рацыяналізацыі выдаткаў на ўтрыманне гарадоў можна пакаваць
народам гарадскія спальныя кварталы, то чаму б гэта не рабіць з хатняй жывёлай? Так на Божы свет з’явіліся першыя жывёлагадоўчыя камбінаты.
У Беларусі такія комплексы народ назваў «свінаградамі». Большасць з іх па колькасці жыхароў пераўзыходзіла раённыя цэнтры. Маштабы і канцэнтрацыя вытворчасці дазвалялі партыйным
публіцыстам лічыць БССР не толькі «зборачным цэхам», але і «ўсесаюзным свінарнікам». Рэспубліка ў абмен на цэнтралізаваныя пастаўкі мяса і мясных вырабаў
атрымоўвала прэферэнцыі на пастаўкі прамысловых рэсурсаў. Да гэтай сітуацыі настолькі прызвычаіліся, што ніхто нават не задаваўся пытаннем: чаму пры такой колькасці жывёлагадоўчых комплексаў, у
Мінску, не кажучы пра іншыя гарады, мясны дэфіцыт іншы раз набываў памеры натуральнага голаду?
Тым не менш, і плён быў відавочным. Як сцвярджалі некалі блізкія да афіцыйных крыніц асобы, Машэраў дамовіўся з Касыгіным аб фінансаванні будаўніцтва мінскага метро коштам падвышэння мясных паставак
у саюзны фонд. Кілбасу б тую даўно з’елі і забыліся. А метро засталося.
Прадпрыемства ў Даўгулеўшчыне разлічана на 110 тысяч галоў і зойме плошчу ў 2,5 тысячы гектараў. Як паведамляюць СМІ, будаўніцтва «часткова або цалкам» закранае саму Даўгулеўшчыну
(з прылеглымі хутарамі), а таксама Канюшэўшчыну, Макрычаўшчыну, Лайкоўшчыну, Сугвозды, Путачы, Ласоўкіна, Цябуты.
Звычайныя беларускія вёскі са звычайнымі паэтычнымі імёнамі. Можна многае сказаць пра тое, што яны перажылі і што пабачылі. Валожыншчына — самабытны, маляўнічы і па-свойму непаўторны рэгіён
з багатымі гістарычнымі, духоўнымі і культурнымі традыцыямі, які стаў радзімай многіх выбітных дзеячаў.
І зараз усё гэта хараство, гэты культурны патэнцыял, па якім будуць вызначаць цывілізацыйную ролю мясцовага люду, можа пайсці, літаральна кажучы, свінням пад хвост. Справа ў тым, што такая
неймаверная канцэнтрацыя жывёл на адносна абмежаваных пляцоўках, прыводзіць да недапушчальнага падвышэння шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе. А гэты ж комплекс будуюць па дацкай тэхналогіі,
згодна з якой санітарная зона вакол прадпрыемства не перавышае аднаго кіламетра. Гэта значыць, што ўсё бліжэйшае наваколле будзе забруджана. Бо асноўнай экалагічнай праблемай прамысловай свінагадоўлі
з’яўляецца выдзяленне метану і аміячнага газу. Як паведамляюць адмыслоўцы, канцэнтрацыя газаў настолькі высокая, што ў выпадку аварыі ў сістэме вентыляцыі (якая працуе бесперапынна) свінні
дохнуць ад удушша.
А людзі? Чым тады дыхаць ім? Што тычыцца саміх свінаводаў, то, паводле дадзеных статыстыкі, атручванне газамі для іх становіцца з’явай рэгулярнай, у іх на гэтай глебе развіваюцца хваробы
страўніка, вачэй і нават галаўнога мозга.
Зразумела, за тэхналагічны прагрэс трэба плаціць. Але ці не будзе такая плата занадта высокай? І настолькі смярдзючай, што тут нават гістарычная прымаўка — грошы не пахнуць —
выпадае з ужытку. У ЗША, Даніі, іншых краінах гэтыя тэхналогіі пад ціскам грамадскасці ўжо забароненыя. Грамадскасць пратэстуе супраць негуманнага ўтрымання жывёлы і чалавечага персаналу, для якіх
ствараюцца свінскія ўмовы працы. З гэтай нагоды буйныя заходнія фірмы імкнуцца перанесці вытворчасць у такія краіны, як наша.
У выніку складаецца сімпатычная схема падзелу барышоў і інтарэсаў: фірма мінімізуе свае інвестыцыйныя і бягучыя вытворчыя выдаткі, прадукцыя атрымоўваецца таннай, але рэалізуецца на рынках багатых
краін. Гэта гарантуе манапольна высокія набыткі. А беларускія ўлады атрымоўваюць палітычны капітал, і права на «распіл» створаных даброт.
Астатняму паспалітаму люду застануцца непрыемныя пахі, забруджаныя ручаі і рэкі, атручаная атмасфера.