Тавараабарот Беларусі з краінамі ЕС у 2017 годзе вырас на траціну

Тавараабарот Беларусі з краінамі Еўрасаюза ў 2017 годзе ў параўнанні з 2016-м павялічыўся на 30% — да 14 млрд 533,8 млн долараў, сведчаць даныя Белстата.

Фота naviny.by

Фота naviny.by

Да мінулага года тавараабарот з ЕС зніжаўся на працягу больш чым трох гадоў. Так, у 2016 годзе ў параўнанні з 2015-м ён скараціўся на 22,3% і склаў 11 млрд 175,7 млн долараў, у 2015 годзе зніжэнне тавараабароту склала 28,5% у параўнанні з 2014-м.
Прырост пачаў назірацца з лютага 2017 года: у студзені—лютым — на 0,4%; у студзені—сакавіку — на 5,6%, студзені—красавіку — на 5,9%, студзені—маі — на 12%, студзені—чэрвені — на 13,6%, студзені—ліпені — на 16,2%, студзені—жніўні — на 20,1%, студзені—верасні — на 22,4%, студзені—кастрычніку — на 24,7%, студзені—лістападзе — на 26,5%.
Экспарт тавараў у ЕС у 2017 годзе павялічыўся на 39,2% і склаў 7 млрд 871,3 млн долараў (зніжэнне ў 2016-м да 2015-га складала 33,8%), імпарт — на 20,7% да 6 млрд 662,5 млн (за 2016 год — зніжэнне на 94,6%). Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі ў 2017 годзе склала 1 млрд 208,8 млн долараў.
З агульнага аб'ёму беларускага экспарту ў 2017 годзе на долю краін ЕАЭС прыпала 46,5% (у 2016 годзе — 48,4%), з іх на долю Расійскай Федэрацыі — 43,9% (46,5%), краін ЕС — 26,9% (24%), астатніх краін — 26,6% (27,6%). Імпарт з краін ЕАЭС склаў 57,6% агульнага аб'ёму імпарту (у 2016 годзе — 55,7%), з іх з Расійскай Федэрацыі — 57,2% (55,4%), краін ЕС — 19,5% (20%), астатніх краін — 22,9% (24,3%).
У 2017 годзе зарэгістраваныя аб'ёмы экспартна-імпартных аперацый з 206 краінамі свету. Тавары пастаўляліся на рынкі 172 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя са 192 краін.
"У 2017 годзе назіралася тэндэнцыя зніжэння ступені геаграфічнай канцэнтрацыі экспартных паставак Рэспублікі Беларусь. Паказчык геаграфічнай канцэнтрацыі экспарту склаў 2.198 супраць 2.403 у 2016 годзе. Зніжэнне геаграфічнай канцэнтрацыі экспарту абумоўленае змяншэннем удзельнай вагі Расійскай Федэрацыі і Украіны ў агульным аб'ёме беларускага экспарту. Пры гэтым ступень геаграфічнай канцэнтрацыі экспарту застаецца высокай", — адзначыў Белстат.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі рэспублікі ў 2017 годзе з'яўляліся: Расійская Федэрацыя — 51,1% ад усяго аб'ёму тавараабароту, Украіна — 7,2%, Кітай — 4,9%, Германія — 4,5%, Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі — 4,2%, Польшча — 3,8%, Нідэрланды — 2,2%, Літва — 1,8%, Турцыя — 1,5%, Італія — 1,3%, Казахстан — 1,1%.
Экспарт тавараў у Расію па выніках мінулага года склаў 12 млрд 830,3 млн долараў ЗША, што на 17,2% больш, чым у 2016 годзе, імпарт з Расіі — 19 млрд 594,4 млн (на 28% больш).
У Вялікабрытанію экспартавана тавараў на 2 млрд 407,3 млн долараў (у 2,2 разу больш), імпартавана — на 249,3 млн (на 56,4% больш).
Аб'ём экспарту ва Украіну склаў 3 млрд 367,4 млн долараў (на 18,3% больш), імпартавана ў Беларусь — на 1 млрд 219,1 млн (на 23,7% больш).
У Нідэрланды экспартавана тавараў на 1 млрд 105,7 млн долараў (на 19,3% больш за паказчык 2016 года), імпартавана — на 300,2 млн (на 43% больш).
Экспарт у Германію склаў 1 млрд 118,1 млн долараў (на 18,4% больш), імпарт — 1 млрд 728 млн (на 29,7% больш).
Аб'ём экспарту ў Літву вырас да 850,2 млн долараў (на 10,9%), імпарт павялічыўся да 318,2 млн (на 19,8%).
У Кітай экспартавана тавараў на 362,7 млн долараў (на 23,3% менш), імпартавана — на 2 млрд 743,7 млн (на 28,8% больш).
Экспарт у Польшчу склаў 1 млрд 83,8 млн долараў (на 33,1% больш), імпарт — 1 млрд 338,4 млн (на 12,9% больш).
У Латвію экспарт склаў 351 млн долараў (на 30% больш), імпарт — 88,8 млн (на 26,7% больш).
Экспарт у Італію — 98,5 млн долараў (на 17,4% больш), імпарт — 697,6 млн (на 21% больш).
Экспарт у ЗША склаў 224,8 млн долараў (у 1,7 разу больш), імпарт — 379,1 млн (на 26,4% менш).
Аб'ём экспарту ў Францыю вырас да 66,3 млн долараў (у 1,6 разу), імпарту — да 299,6 млн (на 23,2%).
Экспарт у Турцыю — 134,4 млн долараў (на 58,4% больш), імпарт — 807,8 млн (на 9,9% больш).
Рост тавараабароту з ЕС звязаны з актывізацыяй паставак нафтапрадуктаў. Такое меркаванне выказаў раней у каментары БелаПАН кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч. Пры гэтым ён лічыць важным, каб актывізацыя ў гандлі ішла па больш шырокай наменклатуры.
На пытанне, якія яшчэ беларускія тавары, акрамя нафтапрадуктаў, былі б цікавыя ў Еўрасаюзе, эканаміст адказаў: "Мы б маглі пастаўляць ўсё, калі б разумелі, што рынак Еўрасаюза не гамагенны. Ён мае асаблівасці не толькі на ўзроўні асобных краін, але і асобных рэгіёнаў. І кожны з вытворцаў павінен выбудоўваць сваю стратэгію выхаду на рынак ЕС не цалкам, а ўлічваць інтарэс канкрэтных спажыўцоў. Стандарты там могуць быць адзінымі, але атрымаць сертыфікат на асобную прадукцыю і прадаць не пробную партыю, а буйную — складаная задача".
Эксперт лічыць, што ў ЕС можна актывізаваць пастаўкі якаснай мэблі, тэкстылю; пастаўляць не толькі металакорд, але і шыны, грузавікі. "Павінен быць выбудаваны пісьменна не проста збыт, а маркетынгавая палітыка", — падкрэсліў Ярашэвіч.

Марына Носава, БелаПАН