У каго бісер дробны?

Аляксандр Рыгоравіч на прыёме прадстаўнікоў СМІ і творчай інтэлігенцыі пад Стары новы год агаломшыў прызнаннем: «Жыццё ў нас не выдатнае, і нават не добрае. Пакуль мы жывем вельмі сціпла». Але паняцце «сціпла», як высветлілася, для кожнага сваё.

12_01_2018.jpg

Паведамлялася, што Лукашэнка на вышэйзгаданым прыёме ўзнагародзіў журналістаў дзяржаўных медыя — у асноўным, журналістаў прэзідэнцкага пула. Але праз некалькі дзён высветлілася, што гэты прыём быў не сціплымі вячоркамі, а такім сабе «вышэйшым дзяржаўным карпаратывам». На відэа з мерапрыемства былі заўважаныя самыя высокія чыноўнікі краіны: ад Кабякова і Карпенкі да Ярмошынай і Калаура. 

У сеціве з’явіліся фотаздымкі з зоркамі беларускай і расійскай эстрады. І калі прадстаўнікі беларускай эстрады на гэтым вечары — заканамерныя (усё ж якая-ніякая, а «творчая інтэлігенцыя»), то наяўнасць побач з Лукашэнкам Наташы Каралёвай, Мікалая Баскава, Грыгорыя Лепса і Таісіі Павалій выклікала пытанні.

Інтэрнэт-рэсурс gazetaby.сom паглядзела кошты на расійскае шоў. Выступ Наташы Каралёвай і яе суправаджэння каштуе каля 15 тысяч долараў. Выступ Таісіі Павалій і яе каманды — ад 23 тысяч «зялёных». Дакладных дадзеных наконт Мікалая Баскава і Грыгорыя Лепса няма — «дорага» і «па дамоўленасці». Аднак у расійскай прэсе няцяжка знайсці інфармацыю пра іх ганарары: Баскаў за выступ просіць каля 80 тысяч еўра, а Лепс, які выступаў на канцэрце апошнім, — каля 100 тысяч еўра.

Такім чынам, «вельмі сціплае жыццё» толькі за адзін вечар абышлося недзе ў чвэрць мільёна долараў.

Але гэта яшчэ не канец «сціпласці». Кіраўнік краіны, які з 2002 года ставіць задачу Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі перайсці на самаакупнасць, у чарговы раз падпісаў указ пра фінансаванне гэтай дэ-юрэ грамадскай арганізацыі цягам трох гадоў. У гэтым годзе БРСМ атрымае з дзяржбюджэту самую вялікую за дзесяць гадоў суму — 6,8 мільёнаў рублёў — каля трох з паловай мільёнаў долараў.

За дзесяць гадоў арганізацыя атрымала больш за 50 мільёнаў долараў ад беларускіх падаткаплатнікаў, падлічыла zautra.by.

Дзяржбюджэт выдзеліць БРСМ больш сродкаў, чым на захады па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў (1,9 мільёна рублёў), дзяржпраграмы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (2,4 мільёна).

Артыкул выдаткаў на БРСМ большы за выдаткі рэспубліканскага бюджэту на дашкольную адукацыю (5,1 мільёнаў рублёў), дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі (6,1 мільёна), прыкладныя даследаванні ў галіне адукацыі (4,7 мільёна).

Усё было б добра, калі б мы ведалі, на што выдаткоўвае грошы БРСМ. Але гэта, як ні дзіўна, невядома. Дзіўна, таму што, зноў-такі, БРСМ — грамадская моладзевая арганізацыя. Бюджэт грамадскіх арганізацый павінен быць празрыстым. Але не: бюджэт БРСМ зачынены, што не дазваляе сачыць за выдаткамі саюза.

Класную рэч заўважыў кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін. Паводле яго меркавання, пра адсутнасць цікавасці моладзі да БРСМ і нізкай папулярнасці арганізацыі сведчыць невялікая колькасць іх падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Улічваючы, што маладыя людзі — актыўныя карыстальнікі інтэрнэта, іх нежаданне сачыць за старонкамі арганізацыі даказвае — тое, што прапануе БРСМ за бюджэтныя грошы, моладзі нецікава. «Калі б іх мерапрыемствы і кантэнт былі цікавымі, моладзь туды б ламілася. Але калі суаднесці колькасць падпісчыкаў старонкі і колькасць чальцоў БРСМ, то мы зразумеем, што ў БРСМ людзей папросту заганяюць», — лічыць эксперт.

На пяцьдзясят мільёнаў долараў за дзесяць гадоў можна было б пабудаваць некалькі дзіцячых садкоў або школ, спансіраваць даследаванні ў медыцыне, павялічыць колькасць сацыяльных работнікаў, якія дапамагаюць самотным людзям з інваліднасцю і пажылым.

У той жа час Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC) апублікаваў вынікі даследавання «Дэтэрмінанты беднасці ў перыяд эканамічнага росту і яго адсутнасці. Ацэнка дынамікі беднасці ў Беларусі ў 2009–2016 гадах». Паводле дадзеных арганізацыі, абсалютная беднасць у Беларусі за апошнія два гады павялічылася ў два разы і закранула 29% насельніцтва. Абсалютна беднымі з’яўляюцца 40% вяскоўцаў і 25% гараджан.

Паводле дадзеных Белстата, у Беларусі за рысай абсалютнай беднасці жывуць 5,7% насельніцтва. Але BEROC лічыў беднасць адрозна ад афіцыйнага падыходу. Белстат ва ўзроўні беднасці супастаўляе даходы і бюджэт пражытковага мінімуму. У даследаванні BEROC узровень беднасці ацэньваўся зыходзячы са спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак на задавальненне асноўных патрэбаў.

Відавочна, што лічбы BEROC больш аб’ектыўныя. Белстатаўскія 5,7% беднасці дазваляюць казаць, што ў нас усё добра. Асабліва ў параўнанні з Літвой, дзе доля насельніцтва, якая жыве за рысай беднасці, у 2016 годзе склала 22%, а паводле інфармацыі агенцтва Еўрастат — 29%. У Расіі, паводле афіцыйных дадзеных, узровень абсалютнай беднасці — 13,5%.

Але ў той жа час, паводле ацэнкі Сусветнага банка, ВУП на душу насельніцтва ў Літве складае 14 879 долараў, у Расіі — 8 748 долараў, а ў Беларусі — толькі 4 989 долараў. То бок, той, хто жыве за рысай беднасці ў Літве, у Беларусі — такі сабе «сярэдні клас».

Такім чынам, амаль траціна беларусаў — бедныя. Але і гэтую беднату працягваюць «даіць». Канешне ж, трэба аднекуль браць грошы на лаяльную моладзь і на «піры падчас халеры».

У 2017 годзе беларусы паставілі рэкорд па адміністрацыйных правапарушэннях, піша «Еўрарадыё». Згодна са статыстыкай, да такой адказнасці былі прыцягнутыя 3 915 140 грамадзян. Гэта амаль на 200 000 парушэнняў закона больш, чым годам раней, і наогул рэкорд за ўвесь час.

На канец 2017 года, па лічбах аддзелу народанасельніцтва Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН, насельніцтва Беларусі складала 9 500 404 чалавекі. Такім чынам, больш за траціну з агулам узятых грамадзян Беларусі ў мінулым ужо годзе атрымалі адміністрацыйныя спагнанні. Адпаведна, заплацілі ў казну штрафы ці іншыя «суправа­джальныя ўнёскі», як, напрыклад, аплата за ўтрыманне ў ізалятары (калі гэта быў адміністрацыйны арышт).

Ну дык вось вам і грошыкі на Лепса і Баскава!