У першым паўгоддзі ў Беларусі звольнілі работнікаў больш, чым за ўвесь мінулы год

Сітуацыя на беларускім рынку працы з кожным месяцам пагаршаецца. У чэрвені больш за ўсё рабочых рук страціла сталіца. Падаецца, цяпер дзяржава не гарантуе працаўладкавання, піша тэлеграм-канал «Нашы Грошы».

bezrabotica_1.jpg


Паводле звестак Белстата, у чэрвені колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы Беларусі, склала 4 млн 206,8 тысяч чалавек. Гэта на 4,9 тысяч менш, чым месяцам раней. А ўсяго за першае паўгоддзе 2022 года эканоміка пазбавілася 56 тысяч занятых. Гэта больш, чым за ўвесь 2021 год, калі агульнае зніжэнне занятасці склала каля 40 тысяч чалавек.

У рэгіянальным разрэзе ў чэрвені больш за ўсё рабочых рук страціла сталіца. Тут розніца паміж прынятымі і звольненымі перавысіла 6 тысяч чалавек. Значны адток кадраў з Мінска шмат у чым забяспечаны сферай ІТ. Больш за тысячу чалавек страцілі рынкі працы поўдня Беларусі — Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Адмоўны вынік прынятых і звольненых адзначаны і ў іншых рэгіёнах.

Перавышэнне звальненняў над наборам супрацоўнікаў адбываецца па большасці галін. Значны кадравы адток назіраецца на фоне праблем у апрацоўчай прамысловасці — у вытворчасці тэкстылю, вытворчасці транспарту, рамонце абсталявання і многіх іншых сферах. Працягваецца адток кадраў у будаўніцтве. Тут ён бесперапынна адбываецца яшчэ з 2020 года. Значна зніжаецца занятасць у сферы гандлю — перавышэнне звальненняў над наборам у чэрвені склала 3,4 тысяч чалавек. Аналагічная сітуацыя ў найбольш сацыяльна арыентаваных сферах — ахове здароўя і адукацыі. Перавышэнне звальненняў над наборам у чэрвені тут склала 2,6 тысяч і 0,3 тысяч чалавек адпаведна.

Сітуацыя на беларускім рынку працы з кожным месяцам пагаршаецца. Падаючая эканоміка перастае ствараць працоўныя месцы, а выезд на заробкі на замежныя рынкі ўсё яшчэ абцяжараны. Калі летась галоўнай перашкодай была пандэмія, то цяпер гэта ваенныя дзеянні ва Украіне.

Дзяржаўныя прадпрыемствы таксама актыўна скарачаюць занятасць. Сацыяльны кантракт паміж уладай і грамадствам, які ўключаў гарантыі працаўладкавання, па ўсёй бачнасці, сябе вычарпаў. А прыватны бізнес у існуючых умовах не толькі не ў стане абсарбаваць вызваленыя рабочыя рукі з дзяржсектара, але і сам сціскае штат.