Беларусы — на другім месцы па легальным працаўладкаванні ў Польшчы

У Польшчы легальна працуе больш за 1 млн замежнікаў. Беларусы сярод іх займаюць другое месца — іх 91,2 тыс чалавек, паведамляе Міністэрства сям'і і сацыяльнай палітыкі Польшчы.

polska220810_821zb.jpg


Больш за ўсё ў Польшчы легальна працуючых грамадзян Украіны, Беларусі і Грузіі, адзначае REFORM.by.

Па звестках на канец ліпеня 2022 года, колькасць застрахаваных асоб, якія падалі іншае, чым польскае, грамадзянства ў заяве аб пенсійным страхаванні па старасці і інваліднасці, склала 1 024 757 чалавек. Самай шматлікай групай з'яўляюцца грамадзяне Украіны, іх 735,8 тысячы чалавек. На другім месцы аказаліся беларусы — 91,2 тысячы. Трэцюю па велічыні групу складаюць грамадзяне Грузіі — 29,1 тысячы чалавек. Такія лічбы прывяла міністр сям'і і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг.


Украінскія грамадзяне дамінуюць на польскім рынку працы не менш за дзесяцігоддзе. Так, за 2012-2017 гады было выдадзена больш за 5,3 млн дазволаў на легалізацыю працы замежніка, і больш за ўсё — больш за 3 млн — тычылася грамадзян Украіны. У сваю чаргу, у 2018-2022 гадах было выдадзена больш за 9,7 млн дазволаў, у тым ліку 8,2 млн для грамадзян Украіны.

У міністэрстве адзначаюць, што ў Польшчы назіраецца нізкі ўзровень беспрацоўя — на канец ліпеня ён склаў 4,9%. У канцы ліпеня 2022 года ў краіне налічвалася 811,5 тысячы беспрацоўных — на 6,5 тысячы менш, чым у чэрвені. У апошні раз колькасць беспрацоўных была ніжэйшаю ў ліпені 1990 года.