У заробкаў беларусаў няма сіл, каб расці
Падзенне сярэдняга заробку непрыемна для работнікаў, але непазбежна для эканомікі.
Сярэдні заробак беларусаў з пачатку года зніжаецца другі месяц запар і ў лютым апусціўся ніжэй, чым у апошнія месяцы мінулага года — 977 рублёў. Тым часам урад у праграме сваёй дзейнасці да 2020 года разлічвае дасягнуць па выніках года адзнакі ў 1025 рублёў.
Чаму заробкі зніжаюцца, насуперак чаканням уладаў, і чаго далей чакаць работнікам, распавялі эксперты.
Зарплата здзімаецца
Калі заробак расце, а прадукцыйнасць працы — не, значыць, даходы насельніцтва павышаюць штучна. Што і адбывалася ў Беларусі ў апошнія два гады, тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў.
— Але калі колькасць матэрыяльных дабротаў, якія спажывае насельніцтва, павялічылася на 3%, а грошай на руках стала больш на 18%, то гэтыя грошы павялічваюць попыт звыш таго, што можа даць эканоміка, — падкрэслівае эксперт.
Парушаць асноўныя законы эканомікі небяспечна ў любой краіне і ў любы час, кажа Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Яраслаў Раманчук.
— Каб расла зарплата, павінны прырасці інвестыцыі, прыйсці новы капітал, новыя тэхналогіі. У Беларусі парушылі гэты ланцужок. Апераджальны рост заработнай платы ў параўнанні з прадукцыйнасцю працы ўжо двойчы заканчваўся шокамі, якія пазбавілі Беларусь 35-40 мільярдаў долараў ВУП, — адзначае эксперт.
У пачатку 2019 года без штучнага падсілкоўвання зарплаты натуральным шляхам сталі зніжацца, адзначаюць эксперты.
Знайсці новыя крыніцы для напампоўвання заробкаў вельмі складана
Леанід Злотнікаў прызнае, што павышаны попыт, адпаведна, больш высокія зарплаты можна было б забяспечыць, узяўшы ў доўг на «праяданне» 1-2 мільярды долараў. Як Беларусь ужо паступала не раз. У выніку даўгі з 2006 года выраслі амаль да 40 мільярдаў долараў. Але крэдытаў краіне больш не даюць.
Дапамаглі б і расійскія субсідыі, якія раней дасягалі прыкладна 5 мільярдаў долараў у год і павялічвалі спажыванне насельніцтва. І яны будуць зніжацца. Значыць, традыцыйныя крыніцы ўлівання сродкаў у эканоміку вычарпаныя.
Пры гэтым няма ніякіх тэхналагічных, інвестыцыйных або фінансавых падстаў лічыць, што ў Беларусі можа адбывацца натуральны рост зарплаты, адзначае Яраслаў Раманчук. Інвестыцыі з пачатку года зніжаюцца, новых тэхналогій і прадпрыемстваў не з'яўляецца, новага капіталу не паступае. Таму няма адкуль узяцца і больш высокай прадукцыйнасці працы, без якой не бывае натуральнага росту заробкаў.
Зніжэнне заробкаў не такое страшнае, як іх штучнае павышэнне
У 2018 годзе рэальныя даходы выраслі на 7,5%, а прадукцыйнасць працы — менш чым на 1%.
— Калі эканоміка становіцца закладніцай палітыкі і прапаганды, у выніку даводзіцца плаціць высокую цану — тры гады беларускія прадпрымальнікі залізваць раны пасля 2015 года. А мы, атрымліваецца, рыхтуем глебу для чарговага такога сюжэту? — задаецца пытаннем Яраслаў Раманчук.
Гэтая гульня, адзначае ён, не вартая вырабу. Але кароткатэрміновыя палітычныя мэты засланяюць логіку эканамічных законаў. Відавочна, ва ўладаў ёсць план для таго, каб выйсці на зададзеныя параметры да выбараў, якія пройдуць, хутчэй за ўсё, у снежні гэтага года. Гэта можа прывесці да выдаткаў хатніх гаспадарак і айчынных вытворцаў.
Калі ўлады сёлета паспрабуюць штучна павышаць заробкі, сітуацыя зноў можа скончыцца сумна: павышэнне коштаў, ціск на рубель і ўдар па айчынных вытворцах.
Наталля Калеснічэнка, zautra.by