"Указ 7-8 шьеш, начальник?" 23 лютага прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ 78

Указ пад нумарам 7-8 ужо аднойчы змяніў ход гісторыі адной краіны: СССР, 84 гады таму. Дакументы адносяцца да розных эпох і эканамічных рэалій. Аднак аўтары абодвух тэкстаў, здаецца, адчувалі падобныя пагрозы. Звонку – ворагі, унутры пустыя кішэні, шэрыя твары, чорныя лужыны, усеагульнае злаванне... Дух нафталіну пранізвае сабой кожны абзац наваспечанага дакументу, які быў падпісаны ў самы чырвоны дзень новага года: 23 лютага.



b082579b5b4b30a.jpg


Указ 7-8 (ён больш вядомы пад назвай «Закон аб трох каласках») увайшоў у гісторыю як адзін з самых жорсткіх дакументаў сталінскага часу: ён абараняў дзяржаўную ўласнасць коштам чалавечых жыццяў. Указ быў захаваны ў папулярным у нядаўнім мінулым фільме «Месца сустрэчы змяніць нельга». Рэжысёр карціны не пабаяўся ўвекавечыць фразу «Указ 7-8 шьёшь, начальнік?», якая гучыць у фільме з вуснаў персанажа Ручечнікова ў выкананні Яўгена Еўсцігнеева.

Праз амаль цэлае стагоддзе гісторыя дзівосным чынам робіць рэверанс у бок стваральнікаў карнай машыны. Два ўказы так недарэчна супадаюць не толькі па лічбах у назве, але дзіўна нагадваюць адзін аднаго па рыторыцы, слогу публікацыі, артыкуляваным задачам, якія вытрыманыя ў духу канʼюнктуры свайго часу. Чытаеш два тэксты паміж радкоў і як быццам пераключаеш каляровы экран на чорна-белы.

З часам пра сутнасць і змест указа 7-8 забыліся, а схемы таталітарнага кіравання – сістэма, дзяржуласнасць, застрашванне – прыгожа перавандравалі з савецкага мінулага ў нашу рэальнасць. Менавіта ў рамках гэтых катэгорый мы знайшлі некалькі ўражлівых супадзенняў у двух дакументах такіх, здавалася б, розных эпох.

Адстаяць, умацаваць і стабілізаваць


У 1932 годзе Сталін пісаў сакратару ЦК ВКП (б) Кагановічу «Без гэтых (і падобных ім) драконаўскіх сацыялістычных мер немагчыма ўсталяваць новую грамадскую дысцыпліну, а без такой дысцыпліны – немагчыма адстаяць і ўмацаваць наш новы лад».
Тое ж, мабыць, мяркуюць і стваральнікі Указа 78, які накіраваны на «забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці і аднаўленне ўстойлівага эканамічнага росту» ў дзяржаве для народа.

Кантроль над уласнасцю

У абодвух дакументах супадаюць і ўяўленні аб ролі дзяржуласнасці ў дзяржавах для народа мінулага і сучаснага.

Згодна савецкаму ўказу 7-8, грамадская ўласнасць (дзяржаўная, калгасная, кааператыўная) зʼяўляецца асновай савецкага ладу, яна святая і недатыкальная.


У сучасным выкананні гэты пафас з нагоды грамадскай уласнасці выглядае, згодна з каментарам на сайце прэзідэнта, як сістэмныя меры, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці функцыянавання эканомікі за кошт забеспячэння належнай якасці кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Указ 78 пастанаўляе:


Прыняць дадатковыя меры для забеспячэння прыбытковай працы дзяржпрадпрыемстваў.
Забеспячэнне недатыкальнасці ўласнасці: Генеральнай пракуратуры і судам забяспечваць безумоўнае і няўхільнае выкананне прадугледжанай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гарантыі абароны ўласнасці.


Адна прапанова на ўвесь указ, прысвечаная прыватызацыі, выглядае так самотна на фоне багацця тэзісаў аб дзяржуласнасці, што здаецца, яго ўставілі ў апошні момант, узгадаўшы пра тых, ад каго яшчэ ёсць шанец атрымаць крэдыты.


Урад павінен выпрацаваць прапановы па прыватызацыі (адчужэнню) абʼектаў дзяржуласнасці на прынцыпах празрыстасці, аператыўнасці і эфектыўнасці.

Ад сёмага... да восьмага


Указ 7-8 пастанаўляе ўсіх актыўных прапаведнікаў ідэі выхаду з калгасаў – адбіраць і накіроўваць у канцлагер.

Вам гэта нічога не нагадвае?


Сучасная версія карнай сістэмы выглядае куды больш адпрацаванай: асабістая адказнасць ускладзена на кожную галіну ўлады, і толькі прэзідэнт, месца якога так складана ідэнтыфікаваць у сістэме падзелу ўладаў у нашай краіне, знаходзіцца па-за і над.


«Забяспечваць своечасовае і поўнае выкананне абавязацельстваў, у тым ліку праз рэфінансаванне, пад персанальную адказнасць:


Прэмʼер-міністра Рэспублікі Беларусь – па пагашэнні валютнага доўгу Урадам і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання;
Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка – па пагашэнні валютных абавязацельстваў Нацыянальнага банка;
старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама – па пагашэнні валютнага доўгу мясцовых органаў кіравання і самакіравання;
кіраўнікоў арганізацый і камерцыйных банкаў – па пагашэнні валютнага доўгу гэтых і падпарадкаваных ім арганізацыях»...

Толькі сёння «шыць» указ могуць і самім начальнікам, іх місія здаецца невыканальнай: выканаць «сам не ведаю, што». Шкада, што на самой справе адказнасць за вынікі спушчаных указанняў ніхто не нясе. Яна як мячык пераходзіць ад «сёмага... да восьмага» ўніз па вертыкалі.


Іронія лёсу ці копіпаст?


Міжволі задаешся пытаннем, як мог зʼявіцца такі тэкст у еўрапейскай прасторы ў пачатку 21 стагоддзя, калі інавацыі, адкрытасць і свабода рухаюць сусветнай цывілізацыяй. Гэта містыка або прамая адсылка да першакрыніцы? Можа быць не варта шукаць у сучаснай рыторыцы ўлады, што дзейнічае ў Беларусі, нейкую таямніцу, порчу або праклён гэтай тэрыторыі?


Можа быць, гэты тэкст напісаны букваедамі, перад якімі пастаўлена задача зрабіць копіпаст адпрацаваных схемаў? І яны паслухмяна выказваюць на сучасны лад сваім коснаязычным слогам тое, што савецкая наменклатура адшліфавала да бляску... Дежавю. Кіраванцы спрытна гуляюць з калектыўнай памяццю, узіраючыся ў люстэрка гісторыі і спрабуючы разгледзець у ім тое, што блізка і сугучна ўласным запытам і ўяўленням пра комільфо...

Не веру...

Стваральнікі ўказа могуць папракнуць нас у тым, што прамых паралеляў паміж дакументамі няма. Што за лозунгамі развіваць прадпрымальніцтва і малы бізнес, скончыць з прамантачыўшымі грошы чыноўнікамі, і жаданнем умацаваць уласнасць стаяць рэальныя задачы сённяшняга дня, што ўказ адпавядае амплітудзе настрояў у грамадстве.


Безумоўна, падобныя ўказы зʼяўляюцца выключна «па жаданні працоўных мас». Раз прадпрымальніцтва папулярна, трэба падтрымаць гэта імкненне «растлумачальнай працай, забяспечыць, навязаць, прымусіць», хай такія фармулёўкі і супярэчаць духу прадпрымальніцтва. Загнаць усіх у калгас  малы бізнес, кантраляваны дзяржавай, і даіць падаткі. Але хіба прадпрымальнікам станеш па ўказе зверху? Для функцыянавання любой машыны (ва ўсе часы) патрэбныя не мысляры і творцы, або гаспадары свайго лёсу, а зняважаныя і запалоханыя спажыўцы папулісцкага фастфуду.


Можа таму і ўзнікае такое шчымлівае пачуццё крывадушнасці і ілжывасці?


P.S. Гістарычны дакумент 7-8 быў прыняты напярэдадні галадамору. А куды т.зв. антыкрызісныя меры прывядуць нашу краіну? Падобна замест «аднаўлення стабільнага росту» і набору вышыні наша грамадства прызямліцца самым жорсткім чынам, балюча стукнуўшыся аб цвёрдую глебу дна... Мінулае адчувальна. Гэта тое, адкуль мы ўсе родам.
 

bel.biz