Вайна і ежа. Знікла гарэлка «Nemiroff», а што яшчэ?
Надоечы спадар Зяленскі заявіў, што Украіна ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. У санкцыйны спіс трапілі кампаніі, якія былі заўважаныя ў дапамаганні расійскім войскам, што ўварваліся ва Украіну. Канешне, першае пытанне, якое ўзнікае з увядзеннем санкцый — як гэта адаб’ецца на жыцці народа?»
Канешне, з таго, што «Беларуская чыгунка» цяпер будзе абмежаваная ў паездках ва Украіну, няма нічога добрага. «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод і «Беллесэкспарт» цяпер доўгі час не здолеюць скарыстацца Адэскім портам для перавалкі сваёй прадукцыі. У спісе — і шмат лагістычных кампаній. Але заўважым, што з пачаткам вайны ва Украіне лагістыка праз нашую паўднёвую суседку і так была ўскладнёнай, калі не закрытай увогуле.
Але відавочна, што праз вайну беларусам давялося змяніць і свае харчовыя звычкі. Проста таму, што звыклых прадуктаў цяпер у айчынных крамах не знайсці. Даводзіцца карыстацца «заменнікамі».
Як вайна ўплывае на паўсядзённы рацыён і магчымасці беларусаў? Даволі істотна.
Грыўня
Варта зазначыць (і гэта падкрэсліваецца з абодвух бакоў), што вайна ва Украіне пачалася не 24 лютага 2022 года. Яна пачалася ў 2014-м, з захопу Крыма і Данбаса «зялёнымі чалавечкамі» ды іншымі «ветлівымі людзьмі». Ужо тады «іхтамнеты» паўплывалі на тое, што беларускія банкі абмежавалі працу з украінскай грыўняй. Гэта было зразумела — нельга чакаць стабільнасці ад валюты краіны, у якой ідзе вайна.
Але потым банкі ўсё роўна ўсталёўвалі фактычна «забаронны» курс на куплю ўкраінскай валюты. Пры продажу ў Беларусі грыўняў можна было згубіць да 30% вартасці. Таму вандроўнікі пераважна мянялі грыўны на долары і еўра ва Украіне, а гэтыя долары і еўра прадавалі ў Беларусі.
Прыкладна такая ж сітуацыя захоўваецца і цяпер. Калі здаваць у Беларусі 100 грыўняў, за іх атрымаеш 6 рублёў 67 капеек па курсе на 3 лютага. Калі ж перавесці 100 грывень у долары, і прадаць долары, то атрымаецца 7 рублёў 30 капеек. Розніца, падаецца, не вельмі вялікая, але, насамрэч, адчувальная.
Але грыўня — гэта для вандроўнікаў. Горш за ўсё, што з паліц беларускіх крамаў зніклі звыклыя ўкраінскія тавары.
Соль
Мы ўжо згадвалі, што для кансервацый і загатовак на зіму беларусы і беларускі выкарыстоўвалі буйную соль, якая ў адзін час з крамаў проста знікла. Справа ў тым, што яе вытворцам была менавіта Украіна — прадпрыемства «Арцёмсоль».
Тыя, хто сочыць за навінамі з фронту, некаторы час таму чулі пра горад Саледар, які расійскія войскі бралі штурмам некалькі разоў, і кожны раз па-рознаму. І вось менавіта ў Саледары месціцца радовішча солі і прадпрыемства «Арцёмсоль», якое нам гэты прадукт і пастаўляла.
Цяпер там баі. І, зразумела, пра пастаўкі прадукцыі ніякай размовы не ідзе. Прадстаўнікі прадпрыемства ў інтэрв’ю журналістам казалі, што яны паспелі вывезці адтуль амаль усю гатовую прадукцыю. Але руднікі разбураныя, пра здабычу размова не ідзе. І таму ў Беларусі «Арцёмсолі» не будзе яшчэ доўгі час.
Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць «Мозырсоль», беларускія крамы не абмяжоўваюцца толькі ёю. Напрыклад, у «е-дастаўцы» з’явілася соль з Расіі — «Руссоль», а ў «Алмі» — нават з Казахстану. І канешне ж, яна даражэйшая, бо прывезці соль з Украіны — гэта адно, а з Кахзахстану — іншае.
Кетчуп «Чумак» і херсонскія памідоры
«Чумак» быў персанальна маім улюбёным кетчупам з соусамі. Цяпер ад яго засталіся толькі ўспаміны. Ані ў «е-дастаўцы», ані ў «Алмі» яго проста няма. І зразумела чаму — Херсон быў адзіным абласным цэнтрам, захопленым Расіяй з часу ўварвання ў лютым 2022-га. Потым УСУ яго адбілі, але там па-ранейшаму працягваюцца баі. Штаб-кватэра кампаніі «Чумак» знаходзілася ў дагэтуль акупаванай расіянамі Кахоўцы. Ёсць акупацыя — няма кетчупу.
Тое ж з кетчупам «Торчын». Канешне, сама вытворчасць яго знаходзіцца ў Валынскай вобласці, і гэта даволі далёка ад месцаў актыўных баявых дзеянняў. Але сыравіна, то-бок таматы — гэта ўсё роўна Херсон і Адэса.
Звыклы нам асартымент замяняюць не толькі расійскія маркі кшталту «Махееў» ці створаны ў Расіі «Хейнц». На паліцах з’явілася прадукцыя з Казахстану. Ізноў пытанне ў «лагістычным плячы» паміж Херсонам і Алматы.
Тое ж тычыцца ўкраінскіх памідораў. Значная іх частка на нашых прылаўках была з Херсонскай вобласці. Цяпер жа, зразумела, ніякіх памідораў няма.
У крамах іх замянілі памідоры не толькі са звыклай нам Турцыі, але нават з Марока, Арменіі і Азербайджану. Ёсць і расійскія таматы з Растоўскай вобласці.
Але цікава, што зусім не бачна беларускіх таматаў. Вось проста ніяк.
Макароны
Умовы надвор'я ў Беларусі не спрыяльныя для таго, каб краіна вырошчвала пшаніцу цвёрдых гатункаў — а менавіта з яе робяцца макароны. Таму ў нашых крамах у гэтай галіне заўсёды пераважала расійская прадукцыя. Але Украіна таксама імкнулася заняць сваю нішу, і, прынамсі, адзін брэнд мы ведалі дакладна — гэта лапша «Мівіна» хуткага гатавання. У нейкі момант ад «Мівіны» з’яўляліся і звычайныя макароны, але іх было няшмат.
Зніклі і макароны «Чумак», які былі альтэрнатывай расійскай «Макфе».
З вайной ва Украіне «Мівіна» скончылася. Прынамсі, у «е-дастаўцы» і «Алмі» яе няма. Месца «Мівіны» пакрысе займаюць гандлёвыя маркі з Казахстану і Кыргызстану (прынамсі, у «Алмі»). А ў «е-дастаўцы» лапша хуткага прыгатавання спрэс расійская, і аж з Навасібірску.
Без Roshen
Значныя страты беларусы панеслі ў «салодкім жыцці». Звыклыя нам і не вельмі дарагія ўкраінскія цукеркі фабрыкі Roshen цалкам зніклі з «е-дастаўкі» і «Алмі». Можа быць, яны недзе існуюць са «старых запасаў», але іх ужо давядзецца шукаць — і наўрад ці знойдзеце.
З-за вайны Roshen вымушаны быў закрыць дзве фабрыкі — у Кіеве і Барыспалі. У яго ёсць яшчэ два прадпрыемства — у Вінніцы і Крэменчугу, але і яны працуюць не на поўныя магутнасці, бо «ўсе пайшлі на фронт».
Кантрафактны «Садочак»?
З крамаў знікла заўважная сваёй белай упакоўкай прадукцыя адэскага завода, якая раней займала ці не цэлыя стэлажы. Прадпрыемства «Вітмарк-Украіна» працуе, але прадукцыя да нас не даязджае, бо дарогі разбураныя, а Адэскі порт заблакаваны.
Але вельмі цікавая сітуацыя са знакамітым сокам «Садочак». І цікавая яна тым, што трэба вельмі пільна глядзець на ўпакоўку. Таму што мы звыклі, што «Садочак» — украінскі. Але ў «е-дастаўцы» ўкраінскі толькі яблычна-вінаградны нектар. Усе астатнія нектары пад гэтай гандлёвай маркай разлітыя ці на заводзе ў расійскай Ліпецкай вобласці, ці на ААТ «Бішкексут» у Кыргызстане.
Дарэчы, такі ж самы яблычна-вінаградны нектар, які ў «е-дастаўцы» ўкраінскі, у «Алмі» ўжо — з таго самага Ліпецку.
Чаму ёсць «Хортиця»?
Гарэлка Nemiroff разлівалася ў Беларусі па ліцэнзіі — у Брэсце. 1 сакавіка 2022 года ў кампаніі заявілі, што адклікалі ліцэнзію на вытворчасць гарэлкі ў Расіі і Беларусі праз поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну.
А вось «Хортиця» засталася. Проста таму, што яшчэ ў 2018 годзе кіраўнік кампаніі Global Spirits Яўген Чарняк прыняў рашэнне перанесці вытворчасць гэтай гарэлкі з Украіны ў суседнія краіны, і ў тым ліку ў Беларусь. Па яго меркаванні, у Беларусі было больш празрыстае заканадаўства ў дачыненні да вытворчасці алкаголю. Таму «Хортиця» і засталася на паліцах нашых крамаў.
Як можна пабачыць, па вялікім рахунку ў нас адбываецца тое ж, што адбылося з беларускім дэфолтам. Тады эканамісты казалі, што ўсе наступствы, якія мог пацягнуць за сабою беларускі дэфолт, здарыліся раней. Тое ж самае і з санкцыямі Украіны адносна Беларусі. Нават калі цяпер будуць скасаваныя нейкія лагістычныя ланцужкі — яны і так ужо скасаваныя ў выніку вайны.
Канешне, бачна і тое, што беларусам шмат у чым давялося змяніць свае харчовыя паводзіны. Прадукцыя з Украіны, якая была больш таннай і больш якаснай, была замененая таварамі больш дарагімі — з-за лагістыкі, — і, шчыра кажучы, не той якасці, да якой мы звыклі.