«Важны не падарунак…» Як змяніўся ў кошце «стандартны набор» да 8 сакавіка?

Гендарныя святы ў нашай краіне ўжо даўно асацыююцца з традыцыйнымі падарункамі. Калі на 23 лютага мужчыны атрымліваюць гадавы запас шкарпэтак і пены для галення, то на 8 сакавіка жанчыны купаюцца ў кветках, шампанскім і аб'ядаюцца шакаладам.

Малюнак з сайта kartinkin.net

Малюнак з сайта kartinkin.net


Зусім нядаўна тэлеграм-канал «Нашы грошы» спрабаваў палічыць, колькі выдаткоўвае кіраўніцтва краіны на сваё войска ў «шкарпэткавым» эквіваленце. З нагоды 8 сакавіка эксперты працягнулі смелы эксперымент і паглядзелі, як вырас індэкс «шампанскага і шакаладу» за апошні год.

Вядома, больш правільна было б адсачыць, што адбылося за гэты час з цэнамі на кветкі, але, на жаль, падрабязнай і дакладнай інфармацыі з гэтай нагоды ў Белстата няма. Мала таго, букет кветак — вельмі індывідуальны выбар. Хтосьці здавольваецца трыма гваздзікамі, а хтосьці — сотняй метровых руж. А вось бутэлька шампанскага і шакаладка актуальнасці не страцяць ніколі.

Назіраючы за тым, як змянілася цана такога святочнага набору, мы можам зрабіць адразу некалькі цікавых высноў.

Першая. Пры тым, што інфляцыя ў краіне за 2022 год склала 12%, кошт камплекта «шампанскае і шакаладка» вырасла ў сярэднім па краіне ўдвая больш — на 25%. Гэта выразна паказвае, што сярэдні інфляцыйны паказчык можа моцна розніцца па асобных катэгорыях тавараў, асабліва тых, на якія не ўведзены «жэстачайшы кантроль». Пры гэтым, калі казаць асобна пра шакалад, то ён падаражэў у сярэднім на 19%, а шампанскае — на 28%.

Другая. Кошт набору адчувальна адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна краіны. Прычым, як па цане, так і па тым, на колькі павысіўся кошт за год. Танней за ўсё «шакалад і шампанскае» цяпер у Віцебскай вобласці — 16 рублёў 82 капейкі (за год кошт вырас на 29%, год таму ён складаў 13 рублёў 5 капеек). Даражэй за ўсё набор будзе каштаваць у Магілёўскай вобласці — 20 рублёў 36 капеек.

Трэцяя. Мы бачым, што ў больш за ўсё шакалад і шампанскае падаражэлі ў тых рэгіёнах, дзе яшчэ год таму на іх былі самыя нізкія цэны. Напрыклад, у Брэсцкай вобласці яны скокнулі адразу на 40%, з 12 рублёў 76 капеек да 17 рублёў 85 капеек. У Магілёўскай вобласці, дзе летась набор каштаваў даражэй за ўсё, 17 рублёў 18 капеек, прырост склаў усяго 14%, гэта значыць крыху вышэй, чым афіцыйная інфляцыя.

Пры гэтым асобна шампанскае ў Магілёўскай вобласці падаражэла ўсяго на 10%, а ў Гомельскай — на 39%. З шакаладам таксама ўсё вельмі цікава: у Мінску ён за год падаражэў усяго на 4%, а ў Брэсцкай вобласці — ажно на 50%.

Па сутнасці, мы назіраем, што цэны, прыкметна падняўшыся, увогуле прыходзяць да больш усярэдненага паказчыка па краіне ў цэлым: розніца паміж мінімум і максімумам у рэгіёнах складае 3 рублі 54 капейкі. Год таму яна была больш — 4 рублі 84 капейкі. І ў гэтай «ураўнілаўцы» няма нічога добрага. Мяркуючы па ўсім, прычына яе — сыход з беларускага рынку буйных украінскіх і еўрапейскіх вытворцаў (напрыклад, таго ж Roshen), у выніку чаго канкурэнцыя аслабла, а незапоўненыя нішы занялі вытворцы з большай цаной, і далёка не заўсёды — лепшай якасцю.

У заключэнне эксперты намякнулі мужчынам, што не толькі шампанскае і шакалад — адзіна магчымыя падарункі для каханых. Да прыкладу, яны бачаць, як змяніўся кошт ювелірных вырабаў з золата. У 2022 годзе, паводле інфармацыі Белстата, адзін грам залатых упрыгожанняў у сярэднім каштаваў 224 рублі, а ў 2023-м яго кошт падняўся да 282 рублёў (такім чынам, рост склаў плюс 26%, пры тым, што кошт золата на сусветным рынку, наадварот, за год апусціўся на 10%).

Самы танны грам ювелірных вырабаў цяпер у Гомельскай вобласці (224 рублі) а самы дарагі — у Віцебскай (303 рублі).