Ці трэба плаціць падатак з падарункаў ад блізкіх сваякоў? Аказваецца, не ўсё так проста

Міністэрства падаткаў і збораў (МПЗ) патлумачыла, ці давядзецца плаціць падатак з падарункаў ад блізкіх сваякоў. Здавалася б, падарункі ад сваякоў падаткам не абкладаюцца. Аднак, як часта кажуць, ёсць нюанс! У Міністэрства падаткаў і збораў кепскія навіны для тых, каго ўключылі ў базу «дармаедаў».

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo_1.jpg


Міністэрства падаткаў і збораў пракаментавала сітуацыю, калі з грамадзяніна возьмуць падатак з даходаў, атрыманых у якасці падарунка ад блізкіх сваякоў.

У МПЗ падкрэслілі, што такія даходы падаткам не абкладаюцца незалежна ад іх памеру (падпункт 2.1 пункта 2 артыкула 196 Падатковага кодэкса РБ). Падчас правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам грамадзянін можа ўказаць такія сродкі ў тлумачэннях у якасці крыніцы даходаў, за кошт якіх набыта маёмасць і зроблены іншыя выдаткі.

Калі агульны памер такіх падарункаў перавышае 100 базавых велічынь на працягу каляндарнага года (у 2023 годзе гэта 3700 рублёў), давядзецца заплаціць у бюджэт падаходны падатак у памеры 10%, але ад сумы перавышэння.

«Такое падаткаабкладанне ўжываецца, толькі калі фізічная асоба на дату пачатку праверкі бесперапынна на працягу не менш за 5 гадоў была ўключана ў базу звестак аб працаздольных грамадзянах, не занятых у эканоміцы (пункт 22-1 артыкула 208 Падатковага кодэкса РБ)», — растлумачылі ў МПЗ.

Іншымі словамі, падатак у памеры 10% вам налічаць:

  • калі вы на дату пачатку камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам на працягу 5 і больш гадоў належалі да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, і былі ўключаны ў адпаведную базу даных;
  • у тлумачэннях па патрабаванні падатковага органа ў якасці крыніцы даходаў указалі падарункі ад блізкіх сваякоў;
  • агульная сума такіх падарункаў перавысіла 100 базавых велічынь на год.

«Толькі пры наяўнасці названых умоў вам налічаць падатак у памеры 10% ад сумы падарункаў, якая перавысіла 100 базавых велічынь», — рэзюмавалі ў ведамстве.

Паводле Myfin