Забіць прадпрымальніка
Лукашэнка збіраўся паціснуць руку апошняму прадпрымальніку яшчэ ў 2005 годзе. Але вынішчыць прадпрымальніцтва на нацыянальным узроўні не ўдалося. Зараз гэта спрабуюць зрабіць на ўзроўні міждзяржаўным.
З 1 ліпеня ўводзяцца новыя правілы тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Яны могуць прывесці да таго, што да 90% прадпрымальнікаў Беларусі, сапраўды, альбо спыняць сваю дзейнасць, альбо пачнуць масава парушаць закон.
Тэхрэгламент патрабуе наяўнасці сертыфікату бяспекі вызначанага стандарту Мытнага саюза. Для атрымання сертыфікату бяспекі з партыі тавару трэба аддаць на экспертызу пяць адзінак тавару. Дзве адзінкі будуць знішчаныя падчас правядзення экспертызы. Тры могуць быць вернутыя. За гэтую экспертызу і атрыманне сертыфікату трэба заплаціць 1 мільён 200 тысяч рублёў. І так — на кожную партыю тавару.
Прычым гэта тычыцца не толькі тавараў, завезеных з краінаў, якія не з’яўляюцца сябрамі Мытнага саюза. Калі ІП закупляе тавар, напрыклад, у Расіі, то з таварам атрымлівае адпаведны сертыфікат якасці РФ. А дома, у Беларусі, расійскі сертыфікат усё роўна неабходна пацвердзіць. Больш за тое, тыя ІП, хто гандлюе айчыннай прадукцыяй, напрыклад, «Мілавіцы», закупляючы тавар на прадпрыемстве, усё роўна павінны правесці яго сертыфікацыю! Гэта ўжо мяжуе з маразмам.
Прадпрымальнікі выступілі рэзка супраць тэхрэгламенту. У іх невялічкія партыі тавару — пра 5–10 штук. Калі з партыі ў пяць штук пасля экспертызы застанецца тры, то, зразумела, што ў іх вартасць будуць дададзеныя і кошт сертыфікацыі, і кошт двух страчаных падчас экспертызы экземпляраў. Што, зразумела, прывядзе да рэзкага падаражання прадукцыі.
З іншага боку, вазіць дробныя партыі тавару становіцца нявыгадна. І з партыі ў 10 штук, і з партыі ў 100 штук аддаваць на экспертызу ўсё роўна трэба пяць адзінак. Для прадпрымальніка выгадней закупіць буйную партыю, чым маленькую. Але гэта вядзе да звужэння асартыменту і прывядзе да таго, што, напрыклад, паненкі альбо будуць шыць сабе сукенкі самі, альбо хадзіць «аднолькавыя».
Было б зразумела, калі б гэта рабілася для падтрымкі айчыннай лёгкай прамысловасці. Маўляў, «прышчэмім чаўнакоў», тады людзі будуць бегчы ў крамы «купляць беларускае». Але ж і гэта выклікае сумнеў. Па-першае, людзі хутчэй пабягуць з краіны на рынкі Украіны, Літвы ды Польшчы, каб купіць больш якаснае і больш таннае (вывозячы тым самым валюту за мяжу). А па-другое, калі на беларускія тавары таксама патрэбен сертыфікат тэхрэгламенту, то такая «падтрымка» бессэнсоўная, бо найперш страчвае беларускі легпрам — сваіх «добраахвотных дылераў» у рэгіёнах, дзе фірмовую краму не адкрыеш.
Індывідуальныя прадпрымальнікі ў роспачы. З аднаго боку, яны не могуць працаваць па новых правілах. Сябра арганізацыйнай групы па стварэнні прадпрымальніцкага прафсаюза Віцебска Ірына Яскевіч падлічыла: каб захаваць мінімальны асартымент на гандлёвай кропцы ў шэсць квадратных метраў, за афармленне сертыфікатаў неабходна выплаціць каля 60 мільёнаў рублёў. А ёсць яшчэ падаткі, заробак гандлярам, арэнда гандлёвай плошчы… Быць ІП-гандляром становіцца надзвычай дорага. З іншага боку, ІП не згодныя страчваць свой статус, заробак і ісці на біржу працы. Бо яны разумеюць, што дзяржава, забраўшы ў іх працу, не здолее іх ані нармальна працаўладкаваць, ані заплаціць нармальную дапамогу па беспрацоўі.
Прадпрымальнікі кажуць, што яны не супраць сертыфікацыі. Яны не супраць таго, каб тавар у іх быў якасны. Яны самі не зацікаўленыя прадаваць няякасны тавар, бо тады пакупнік да іх не вернецца. Але ж тэхрэгламент не павінен забіваць прадпрымальніка.
Выйсце, паводле меркавання актывістаў прадпрымальніцкага руху, у тым, каб, па-першае, у краінах Мытнага саюза ўзаемна прызнаваліся сертыфікаты якасці, і, напрыклад, расійскі сертыфікат не трэба было б спраўджваць дадатковай экспертызай у Беларусі. Што тычыцца сертыфікацыі з «трэціх краін», то ІП згодныя з ёй, калі яна будзе праводзіцца ў выглядзе гігіенічнай экспертызы. І па-другое, каб сертыфікат аб адпаведнасці тэхрэгламенту Мытнага саюза павінны былі рабіць не прадпрымальнікі, а вытворцы прадукцыі. Сапраўды, прадпрымальнік жа не адказвае за якасць тавару, які не ён вырабляў?
ІП кажуць пра гэта з канца 2012 года, калі тэхрэгламент адзін раз ужо павінен быў быць уведзены. Тады ІПшнікі дамагліся адтэрміноўкі ў паўгады. Але за паўгады ўлада не зрабіла ані кроку ў вырашэнні гэтай праблемы. Жаданне паціснуць руку апошняму прадпрымальніку перавешвае ўсе меркантыльныя разлікі.
Пакуль што адзіны спадзеў у ІП на тое, што, па словах эканаміста Льва Марголіна, «цяжкасць закона кампенсуецца ягоным слабым выкананнем». Што з 1 ліпеня ніхто сертыфікаты тэхрэгламенту правяраць не будзе. Бо адсутнасць тэхрэгламенту дазваляе трактаваць тавар як кантрафактны, канфіскоўваць яго і штрафаваць прадпрымальнікаў на суму да 50 мільёнаў рублёў.
Але ў выніку дзяржава атрымае не штрафы, а дэфіцыт бюджэту. Па словах лідара прадпрымальніцкага руху Мінска Алеся Макаева, з 1 ліпеня ІП могуць «вымушана спыніць сваю дзейнасць без выплаты сродкаў у бюджэт». То бок, гэта будзе своеасаблівы страйк. Лідар прадпрымальніцкага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка таксама папярэджвае: ІП гатовыя сысці ў вымушаныя адпачынкі, а таксама спыніць выплату падаткаў.
6 чэрвеня, дарэчы, папераджальны страйк ужо прайшоў у Віцебску: не працавалі восем рынкаў і гандлёвых цэнтраў. 1 ліпеня сітуацыя можа паўтарыцца па ўсёй краіне.
Але і Шумчанка, і Макаеў не выключаюць, што ў самым горшым выпадку, калі ўлада і пасля гэтага не адрэагуе на патрабаванні прадпрымальнікаў, не толькі магчымыя, а нават і верагодныя вулічныя пратэсты ІП. «У нас дастаткова сілаў, магчымасцяў і арганізаванасці, каб абараніць свае правы і інтарэсы», — заявіў Шумчанка.