Заробак беларусаў у рублях змяншаецца, а ў доларах расце. Як такое магчыма?
Здаецца, прыгожа — сярэдні налічаны заробак за месяц стаў большы аж на 58 долараў! Аднак багацейшымі беларусы не сталі, наадварот, зарабілі на 35 рублёў менш, чым у сакавіку.
Сярэдні налічаны заробак беларусаў паводле звестак Белстата, у красавіку знізіўся да 1567,8 рубля. Аднак з улікам сярэдняга курсу долара (2,8013) за гэты ж месяц, у доларах заробак вырас адразу да $ 560. У параўнанні з чэрвенем сярэдні заробак дадаў $58, а ў рублях — страціў 34,9 рубля, піша myfin.by.
Сярэдні налічаны заробак беларусаў у валютным эквіваленце быў вышэйшы на працягу 3-х месяцаў з чатырох у 2022-м, калі параўноўваць з тымі ж месяцамі 2021-га года. У сакавіку быў устаноўлены новы гадавы мінімум сярэдняга заробку ў валюце. Абсалютны максімум быў зафіксаваны ў снежні 2021-га — $ 662. Красавіцкі заробак 2022-га ў параўнанні з красавіком мінулага года (у доларах) аказаўся вышэй на 4,6%.
Рост сярэдняга заробку ў красавіку ў валютным эквіваленце быў звязаны з умацаваннем беларускага рубля з сярэдніх 3,2 рубля за долар у сакавіку да 2,8 рубля ў красавіку. Усё гэта не зрабіла беларусаў багацейшымі, бо інфляцыя ў краіне ўсё яшчэ застаецца на высокім узроўні: у красавіку яна наблізілася да 17% у гадавым выражэнні, а па асобных групах прадуктаў харчавання (напрыклад, па гародніне) і зусім пераваліла за 40%.
Таксама варта ўлічваць, што сярэдні налічаны заробак — гэта сума да выліку падаходнага і іншых падаткаў. А значыць, на рукі ў сярэднім выходзіць прыкладна на 14% менш. Калі ўзяць красавік, то атрымаем $ 482 чыстымі. Характэрна, што паводле даных выбарачнага даследавання Белстата аб заробках за 2021 год, толькі 23% беларусаў зараблялі $500 і больш у месяц.