30-годдзе нашай дзяржаўнасці: міфы і факты

Набліжаецца дзень 25 жніўня, які дэ-юрэ з’яўляецца Днём абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі ў найноўшай гісторыі. У гэты дзень 1991 года Вярхоўная Рада БССР, называная на савецкі манер «Саветам» (у нас няма слова «саветаваць») прыняў закон «Аб наданні статуса канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР».

998_2_1.jpg


Дэкларацыя была прынята годам раней складам гэтай ж Вярхоўнай Рады, якая засталася ў гісторыі пад назвай “Вярхоўны Савет 12-га склікання”. Адбылося гэта 27 ліпеня 1990 г.
Дэкларацыя і Закон ад 25 жніўня ляглі ў аснову Канстытуцыі 1994 г., у прэамбуле якой адзначаецца, што "… народ Рэспублікі Беларусі … прымае гэтую Канстытуцыю, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці”. Гэтым самым падкрэслівалася, што наша дзяржаўнасць пачалася не з 1917 г. і не з ліпеня 1944-га. У праекце, распрацаваным БНФ, у прэамбуле ўзгадваліся Полацкае княства, ВКЛ, БНР, БССР, аднак камуністычная большасць была супраць. На шчасце, яна не дагледзела, што словазлучэнне “шматвяковая гісторыя” імплікуе сэнсава і выкрасленыя гістарычныя рэаліі. Не ведаю, ці засталося гэта ў рэдакцыі новага тэксту Асноўнага закону, які рыхтуецца цяпер у кулуарах пад кіраўніцтвам “раскаянага” вязня “апазіцыянера” Васкрасенскага. Ад гэтага будзе ў далейшым залежаць змест школьных падручнікаў гісторыі і шмат чаго іншага ў сферы літаратуры і мастацкай культуры.
Паводле ліпеньскай Дэкларацыі 1990 года, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, “якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу”. Звярніце ўвагу на кожнае слова. Пазней афіцыйная прапаганда заявіць, што Незалежнасць “звалілася нам на галаву”, замоўчваючы ахвяры, якія панеслі беларусы, пачынаючы з “невядомых войнаў” ХVI cт., трагедыі пачынальнікаў эпохі Каліноўскага і БНР, катастрофу бежанства Першай сусветнай вайны праз расійскую стратэгію ваенных дзеянняў і сталінскіх чыстак. Калі б не было ахвярных пачынальнікаў мінулага стагоддзя, піянерскіх даследаванняў нацыянальнай гісторыі і нацыянальнага руху Адраджэння канца 80-х гадоў, калі б у складзе дэпутацкага корпусу не было дэпутатаў ад БНФ, вельмі верагодна, што мы б былі сёння ў складзе Расійскай Федэрацыі. На што б мы абапіраліся? Факта існавання адной БССР не хапіла б.
Напісаць гэты знешне сухаваты некароткі тэкст мяне прымусіў той факт, што ў час апошняй 8-гадзіннай гаворкі-маналогу А. Лукашэнкі з сваімі палітычнымі прыхільнікамі было заяўлена пра неабходнасць стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы з Расіяй, што само па сабе абвяргае ягоныя публічныя сцвярджэнні пра адсутнасць планаў фактычнага паглынання ўсходняй суседкай свайго меншага партнёра ў т. зв. саюзнай дзяржаве. На жаль, мала хто з аналітыкаў звярнуў увагу на гэтую акалічнасць. Так у свой час пачыналася гібрыднае "акучванне” Украіны ў час прэзідэнцтва Януковіча. Няма сумневу ў тым, што ў бліжэйшы час усе дзяржаўныя СМІ і Міністэрства адукацыі пачнуць прапагандысцкую дзейнасць, скіраваную на замоўчванне гістарычных фактаў, замацаванне расійска-бальшавісцкіх міфаў і стварэнне новых, — у асноўным аўтарства аднаго чалавека.
Наш песімізм, народжаны гвалтоўным падаўленнем справядлівага народнага гневу, суправаджаецца з’яўленнем містычных настрояў пра дэманічныя сілы, якімі нібыта сілкуецца Лукашэнка (сервільныя дзяржаўныя летапісцы не супраць), заклікаў да стварэння груп супраціву праз калектыўныя праклёны, загаворы патрыятычных вядзьмарак, — акурат, як у міфах, сабраных Дж. Г. Фрэйзэрам сярод афрыканскіх ды ўсходніх плямёнаў або ў показках пра Энэя ды “трохвугольнік Карпмана”. На самай справе ўсё прымітыўна проста: ілжа, хлусня і мана — павівальная бабка таямнічых міфаў. Плюс унутраны тэрор і падтрымка Расіі.  

Міфы, народжаныя Лукашэнкам у час публічных выступаў

1. Я прапаноўваў паслаць невялікую групу сілавікоў, абгарадзіць Віскулі калючым дротам і арыштаваць змоўшчыкаў. Мяне не паслухалі. Да сёння мы б жылі ў вялікім СССР.
2. Я быў адзіны, хто прагаласаваў супраць Віскулёўскіх пагадненняў пры ратыфікацыі Вярхоўным Саветам 12-га склікання.  
3. У час галадоўкі дэпутатаў апазіцыі БНФ 11-12.04.1995 года супраць рэферэндуму ніхто не прымяняў сілу, паступіў сігнал пра мінаванне Дома ўраду, яны былі п’яныя, з імі былі “дзевачкі”, галадоўшчыкі падаставалі лёзы, пагражалі ўскрыць сабе вены, прыйшлося падагнаць мяккія аўтобусы і вывезці іх з тэрыторыі Дома ўраду. 4. У 2010 г. пасля прэзідэнцкіх выбараў сілавымі структурамі была прадухілена спроба штурму Дома ўраду арганізаванай групай апазіцыі. (Тады ў турму былі кінутыя найбольш небяспечныя для рэжыму Някляеў, Саннікаў і Статкевіч).  
5. У жніўні 2020 г. у межах канстытуцыйных паўнамоцтваў сілавыя структуры не дапусцілі “бліцкрыг”, планаваны тэрарыстычнымі групамі прыхільнікаў “пераменаў” пад кіраўніцтвам заходніх спецслужбаў (пры гэтым у расійскамоўным кантэксце ўжываюцца з адмоўнай канатацыяй па-беларуску словы “змагары”, “свядомыя”, “перамены”), чым падкрэсліваецца і “нацыяналістычны” складнік руху, аздоблены флёрам “фашыстоўскага” БЧБ-сцяга.
6. Каардынацыйным саветам прыхільнікаў перамен планавалася забарона рускай мовы і татальная беларусізацыя грамадскага жыцця (дэманстравалася як бы пісьмовая праграма дзеянняў). Тэзіс тыражаваўся ўпершыню беларускім журналістам-міжнароднікам Раманавым, беларускім прэм’ерам у дыялогу з Лукашэнкам, расійскім міністрам замежных спраў Лаўровым, у інтэрв’ю журналіста Брылёва з Пуціным і г. д.
Як і ў выпадку са "стыгматызацыяй" БНФ, які "збіраўся пасадзіць на чамаданы рускамоўнае насельніцтва Беларусі", так і ў адносінах да "новай апазіцыі" з белымі стужкамі прымяняўся падступны метад распальвання варожасці паводле нацыянальнай прыкметы.  
Вы ўсміхняцеся: да гэтага часу т.зв. лідары новай апазіцыі карыстаюцца ў абсалютнай большасці расійскай мовай і ў новым варыянце “Народнай канстытуцыі” (“лябедзькаўская”) пакінулі расійскую мову ў статусе другой дзяржаўнай.
Нагадаю, што аснова вельмі памяркоўнага "Закона аб мовах у БССР", прынятага яшчэ ВС 11-га склікання, дзе беларуская мова мела статус дзяржаўнай, а расійская — мовы міжнацыянальных зносінаў, была напісана актывістамі БНФ на сходах у Фондзе культуры і перададзена ў Савет міністраў у афіцыйную камісію (старшыня — нам. прэм'ера Ніна Мазай). Канстатую гэта як афіцыйны член рабочай групы, што выпрацоўвала фармулёўкі адпаведных навел Закону. Члены рабочай групы афіцыйна прысутнічалі на пленарным пасяджэнні ВС 11-га склікання, які прыняў абсалютнай большасцю галасоў прапанаваны праект.  
Як член Прэзідыўма ВС 12-га склікання сцвярджаю, што дэпутат Лукашэнка не ўносіў прапановы арыштаваць падпісантаў Віскулёўскіх пагадненняў. Больш за тое, пры ратыфікацыі тэксту пагадненняў 10.12. 1991 г. ён не прымаў удзел у галасаванні, што адлюстравана ў электронным пратаколе Сакратарыяту ВС 12-га склікання. У свой час копія пратаколу была апублікавана ў газеце “Свабода”, галоўным рэдактарам якой быў дэпутат Ігар Гермянчук. Адзіным дэпутатам, хто галасаваў супраць, быў Валерый Ціхіня. Не лішне ведаць, што незадоўга да Віскулёўскіх пагадненняў на рэспубліканскім рэферэндуме 98%украінцаў прагаласавалі за выхад з СССР. Гэта дапаможа ўявіць інфармацыйны настрой у нашым ВС. Вынікі ўсесаюзнага апытання пра захаванне СССР неяк адышлі на задні план.
Пра збіццё дэпутатаў і адстаўку генеральнага пракурора Шаладонава, які ўзбудзіў крымінальную справу супраць адміністрацыі прэзідэнта і асабіста Лукашэнкі, фотаздымкі і медыцынскія даведкі пра цялесныя пашкоджанні дэпутатам публікаваліся ў СМІ. Самы вядомы здымак — дэпутат Шут дэманструе ў пленарнай зале пасяджэнняў сінія пісягі на спіне ад удару дубінкай. Тадышні старшыня ВС генерал М. Грыб у сваіх успамінах піша, што ніхто ў зале не дэманстраваў пабоі і што, будучы знерваваным пасля галадоўкі дэпутатаў, ён на заключным банкеце, які даваў Лукашэнка, выпіў усяго 100-150 г. гарэлкі. Трэба ставіць смайлік.
Задакументаваныя і сведчанні следчага Язэпа Бролішса, які вёў крымінальную справу, што была закрытая загадам Лукашэнкі. У сеціве можна прачытаць успаміны галадоўшчыкаў пад назвай “Разгон” (2006 г.).  
Пра “штурм” Дома ўраду і падзеі лета 2020 г. пісалася надзвычай шмат. Не буду паўтараць вядомае. На заключэнне — два ўспаміны, што маюць адносіны да нашай гістарычнай сімволікі, пра якую цяпер публічна ствараюць ілжывы міф.

Наш гістарычны нацыянальны сцяг і хрысціянская сімволіка

Нагадаю перш, што дзяржаўным нацыянальным сімвалам БЧБ-сцяг быў прызнаны ў БНР 5 жніўня 1918 года, калі ў свеце яшчэ не было ніякага фашызму. У найноўшы час — 19 верасня 1991 года Вярхоўным Саветам 12-га склікання.
Як вядома, цяпер пракуратура разглядае пытанне аб прызнанні БЧБ-сцяга экстрэмісцкай сімволікай, каб потым накіраваць у Нацыянальны сход для прыняцця адпаведнай пастановы. Павел Севярынец у свой час завочна звяртаўся да наступніка памерлага мітрапаліта Філарэта а. Веніяміна з запытам пра адносіны царквы да гістарычнага нацыянальнага сімвала нашай дзяржавы — бела-чырвона-белага сцяга. Сп. а. Веніямін выказаўся агулам у тым сэнсе, што гэта выпадковае супадзенне і што Хрыстос не займаўся палітыкай.
Не буду спыняцца на вядомых кнігах і аўтарах, якія пісалі пра гісторыю БЧБ-сцяга і пра факты выкарыстання нацыянальных сцягоў у час нямецкай акупацыі на тэрыторыі шмат якіх краін. Найбольш зразумелы для беларусаў выпадак з выкарыстаннем расійскага трыкалора ў РОА генерала Уласава, што не стала нагодай для яго забароны ў сучаснай РФ. Тут, як той казаў, сцяг не вінаваты, хто яго выкарыстоўваў.
Узгадаю толькі два эпізоды, сведкам якіх быў сам, калі пра БЧБ-сцяг у дачыненні да “пакутных колераў Хрыста” выказваліся не проста шараговыя асобы. Першы з іх — аўтар эскізу нашага сцяга, таленавіты архітэктар-будаўнік, педагог, беларус, народжаны ў мястэчку Глыбокае, бацькі якога былі “беларусамі польскай культуры”. У 1918 годзе ён жыў Літве, быў дыпламатычным прадстаўніком БНР у балтыйскіх краінах, працаваў над прыватнымі заказамі, сябраваў з Ластоўскім, братамі Луцкевічамі, Тадасам Іванаўскасам (адзін з трох знакамітых братоў Іваноўскіх), арыштоўваўся палякамі, немцамі, у 40-х гадах саветамі (двойчы). Вызвалены ў 1952 годзе па стану здароўя. Памёр у 1959-м.
Вера Андрэеўна Ніжанкоўская, жонка Браніслава Тарашкевіча, прыват-дацэнта Пецярбурскага ўніверсітэта, аўтара першай “Беларускай граматыкі для школ” і Зоська Верас, паэтка, аўтарка трохмоўнага батанічнага слоўніка, якія мелі сяброўскія адносіны і знаёмствы ў коле беларускіх адраджэнцаў пачатку ХХ ст. (Максімам Багдановіч, браты Луцкевічы, Улад Ластоўскі ды інш.), сведчылі са слоў Клаўдзія Душ-Душэўскага, што пры стварэнні эскізу БЧБ-сцяга ён кіраваўся не толькі каларыстычнай гармоніяй насычаных (чырвань) і халодных (бель) фарбаў, але, будучы добра знаёмы з традыцыямі еўрапейскай геральдыкі, меркаваў, што супадзенне колераў нацыянальнага сцяга з БЧБ-колерамі “вытокаў” на мантыях праваслаўных мітрапалітаў будзе спрыяльна адбівацца на адзінстве беларускіх вернікаў. Гэта я чуў на свае вушы, калі быў вядоўцам тэлечасопіса “Роднае слова” ў час інтэрв’ю з сп. Ніжанкоўскай у яе дома ў Радашкавічах і Зоськай Верас у лясным дамку пад Вільняй. Уладзімір Содаль, рэдактар перадачы, запісаў на паперу слова ў слова, што нагаварылі абедзьве маладзіцы на камеру аператару Сухоцкаму. У эфір гэты фрагмент не выйшаў. Наколькі я ведаю стужкі з “Родным словам” не захаваліся. Магчыма ў архіве Ул. Содаля тыя рукапісныя нататкі захаваліся.                                       Другі ўспамін — з выказванняў мітрапаліта Філарэта, які быў старшынём камісіі па этыцы і маім непасрэдным суседам у пленарнай зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета 12-га склікання на працягу амаль 5 гадоў. Калі ў дыскусіі пра сімволіку выступіў адзін з ветэранаў-камуністаў, абраных не праз акругі, а фактычна кааптаваных групавым спосабам у лік парламентароў, і прапанаваў змясціць на гістарычны нацыянальны сцяг чырвоную зорку, пры поўнай цішыні залы прагучаў густы бас-барытон дэпутата Вахрамеева: “Тогда уж страхвнушающий Крест Христа, низвергающий Сатану…” І, шукаючы кантакт “лукавымі” вачыма з суседзямі, трохі цішэй, дадаў: «Прямо какой-то сатанинский промысел с берданкой. На моей мантии три ряда бело-красно-белых “истоков“».
У перапынку ён тлумачыў цікаўным, што белыя і чырвоныя колеры — колеры пакутнага Хрыста, якімі пазначаюцца мантыі праваслаўных біскупаў у выглядзе нешырокіх БЧБ-ліштваў, што яны называюцца “ИСТОКИ». Не буду каментаваць гэты эпізод. Ён адрозніваецца ад таго, што а. Веніямін адказаў Паўлу Севярынцу. Пра гэты эпізод некалі ўспамінаў Лявон Баршчэўскі ў ток-шоў Глеба Лабадзенкі “Кожны з нас”.
facebook.com