44% беларусаў — супраць перайменавання савецкіх назваў

Амаль палова беларусаў перакананая, што савецкія назвы вуліц, гарадоў і пасёлкаў — гэта наша гісторыя, а таму тапанімічную дэсаветызацыю праводзіць нельга.

ussr_1.jpg

«Беларуская аналітычная майстэрня» (BAW) Андрэя Вардамацкага па просьбе сайта незалежных даследаванняў Thinktanks.by ўключыла ў агульнанацыянальнае рэпрэзентатыўнае апытанне насельніцтва пытанне: «Ці трэба мяняць савецкія назвы гарадоў, пасёлкаў, вуліц, плошчаў, а таксама іншых аб'ектаў у Беларусі?»
Аказалася, што беларускае грамадства амаль сіметрычна падзелена на адназначных рэтраградаў, якія жадаюць захаваць савецкую гісторыю ў тапаніміцы і тых, хто перайменавання дапускаюць.
Найбольшая частка рэспандэнтаў — 44,4% — аказалася прыхільнікамі адной пазіцыі: пераназываць савецкія назвы нельга ні ў якім разе, бо дадзеныя назвы — наша гісторыя.
Наступная па колькасці група апытаных — 22,4% — апынулася не гэткай катэгарычнай. Гэтыя людзі лічаць, што трэба даць магчымасць самастойнага выбару назваў жыхарам населеных пунктаў і вуліц.

ussr_3.png

Яшчэ 16,1% беларусаў перакананыя, што перайменаванні патрэбныя, але выбарчыя. Варта пераназываць вуліцы, названыя ў гонар Леніна, Маркса, Энгельса, і іншых дзеячаў, наўпрост не звязаных з Беларуссю, але захоўваць тапонімы, увязаныя з беларускай савецкай гісторыяй.
І толькі 7,4% рэспандэнтаў выказалі ўпэўненасць, што адназначна трэба перайменаваць усе тапонімы, звязаныя з эпохай праўлення КПСС.
Такім чынам, у агульнай складанасці 45,9% беларусаў у прынцыпе гатовыя да перайменавання. Аднак «групу рэтраградаў» дапаўняе 2,6% апытаных, якія заявілі аб тым, што ў Беларусі трэба яшчэ больш савецкіх назваў. Існуючых недастаткова для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення.
Гэта значыць супраць дэсаветызацыі выказалася 47% апытаных жыхароў Беларусі.
Яшчэ 6,5% удзельнікаў апытання сказалі «не ведаю», а 0,5% адмовіліся ад адказу.
Апытанне праводзілася ў Беларусі летам 2018 года. У ім прынялі ўдзел 1059 чалавек.