Швейцарскія даследчыкі: Дабрабыт беларусаў за 11 гадоў знізіўся ў 6,3 разоў

Дабрабыт дарослага чалавека ў Беларусі складае ўсяго 1514 долараў. Пра гэта сведчаць звесткі, якія апублікавала даследчая структура «Credit Suisse Research Institute» паводле стану на канец чэрвеня 2018 года. Агульны дабрабыт Беларусі ацэньваецца на 11 млрд долараў, паведамляе Белсат.

coins_3.jpg

Пры правядзенні сваіх падлікаў «Credit Suisse» улічвае ВУП на душу насельніцтва, даследаванні хатніх гаспадарак, кошты на нерухомасць і каштоўныя паперы, абменныя курсы, абавязкі, даўгі, дарослы працэнт насельніцтва, чалавечыя і прыродныя рэсурсы, а таксама капітальныя і тэхналагічныя дасягненні, якія могуць ствараць новыя актывы або рабіць іншых бескарыснымі ў будучыні. Пры гэтым у дачыненні да Беларусі адзначаецца, што дадзеныя па нашай краіне недастатковыя.

Дабрабыт беларусаў – на ўзроўні жыхароў М’янмы і Таджыкістану

З паказаных 1514 долараў дабрабыту сярэдняга дарослага беларуса фінансавая частка складае 323 долара, нефінансавая – 1305 долараў. Пры гэтым на кожным з нас у сярэднім вісіць доўг у 114 долараў. То бок, фактычна 1514 долараў на год – гэта тое, што застаецца ў Беларуса пасля ўсіх выдаткаў, інфляцыі і г.д. Але гэта таксама «у сярэднім», бо дабрабыт паловы жыхароў краіны складае менш за 740 долараў.
У параўнанні з 2017 годам сярэдні дабрабыт дарослага беларуса вырас на 163 долара. А вось у параўнанні з самым максімумам, дасягнутым у 2007 годзе, гэты паказнік знізіўся ў 6,3 разу! Тады сярэдні дабрабыт дарослага жыхара нашай краіны быў роўны 9539 доларам. Свае даследаванні швейцарскія эксперты пачалі ў 2000 годзе, і тады дабрабыт кожнага беларуса складаў 2258 долараў.
Паводле дабрабыту сярэдняга дарослага насельніцтва Беларусь займае найгоршыя месцы ў рэйтынгу ў параўнанні з усімі нашымі суседзямі. Так, гэты паказнік у Латвіі складае 33 958 долараў, у Літве – 24 600, у Польшчы – 31 794, Расеі – 19 997, Украіне – 1563 долараў. Сярэдні дабрабыт беларусаў найбольш блізкі да такога ў жыхароў М’янмы і Таджыкістана.
У свеце ж з 2000 года дабрабыт сярэдняга дарослага чалавека вырас больш чым удвая, дасягнуўшы рэкорднай адзнакі ў 63,1 тыс. долараў пры сярэднім росце ў 4,1% у год. Праўда, асноўны рост прыйшоўся на перыяд да фінансавага крызісу 2007 года, пасля якога свет, за выключэннем Кітая і Паўночнай Амерыкі, на доўгі час пагрузіўся ў стагнацыю.

«Трэба глядзець не на лічбы, а на дынаміку»

Наколькі варта давяраць такім дадзеным, перадусім у дачыненні да Беларусі, Belsat.eu папрасіў пракаментаваць эканаміста Сяргея Чалага.
«Шчыра кажучы, дадзеных сур’ёзных і надзейных у іх пра нас няма. Усё на падставе ацэнак, і пабудова рэгрэсіі, зыходзячы з валютных курсаў», – адзначыў суразмоўца.
На яго думку, з гэтых дадзеных варта глядзець не столькі на абсалютныя лічбы, колькі на дынаміку па гадах.
«Добра бачна, як пасля дасягнення вяршыні ў 2008 годзе, адбываецца падзенне пасля крызісаў 2009-2011 гадоў. У 2012-2013 гадах – невялікі пад’ём, а далей – зноў спад», – адзначыў эканаміст.
Паводле Чалага, дадзенае даследаванне ў дачыненні да Беларусі – гэта такая спроба ацэнкі на падставе невядома чаго і, як пішуць самі даследчыкі, з улікам не вельмі надзейных дадзеных.