5 крокаў для стабілізацыі свайго псіхалагічнага стану — парады псіхолага
Жахлівыя падзеі ў Беларусі, якія адбыліся і працягваюць адбывацца пасля 9-га жніўня, так ці інакш закранулі ўсіх. Хтосьці сутыкнуўся з гвалтам наўпрост, у кагосьці пацярпелі блізкія. Некалькі соцен псіхолагаў па ўсёй краіне і за яе межамі гатовыя аказваць псіхалагічную падтрымку і дапамогу абсалютна бясплатна.
Нагадаем, што база кантактаў дапамогі (і не толькі псіхалагічнай) дасяжная па спасылцы.
Але і тыя людзі, што не патрапілі пад наўпроставыя гвалт, церпяць сёння вялікую псіхалагічную нагрузку: незразумелая сітуцыя, гвалт збоку тых службаў, што мусяць дапамагаць і абараняць, жахлівыя відэа і фота. Дадайце да ўсяго гэтага бесперапынную плынь навінаў, меркаванняў (экспертных і не вельмі), заяваў, лістоў, фейкаў, зваротаў…
Расстройствы сну, галаўны боль, апатыя, слёзы, ступар, абвастрэнне хранічных хвароб, панічныя атакі… Знаёмыя сімптомы? Каманда грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” звярнулася да псіхолагаў па дапамогу.
Зараз вельмі напружны для экспертаў такога кшталту час, але ўсё ж, некалькі парадаў для тых, хто не пацярпеў наўпрост ад гвалтоўных дзеянняў збоку карнікаў, яны нам далі. Як будзе з’яўляцца вольная хвіліна, спіс парадаў будзе папаўняцца.
5 крокаў для стабілізацыі свайго псіхалагічнага стану ад Інгі Каршуновай
Інга Каршунова — крызісны псіхолаг, якая працуе з ахвярамі гвалту. Удзельніца мірных пратэстаў (ёй самой давялося бегаць ад АМАПа, на ўласныя вушы чуць выбухі святлагукавых гранатаў).
Крок 1
Даць сваім эмоцыям і пачуццям дазвол на існаванне: злосць, жах, агрэсія, хваляванне… — любая з вашых эмоцый мае права на існаванне. Так, я злюся. Так, мне страшна. Я ўгневаны.
Абазначце свае пачуцці, эмоцыі. Назавіце іх, знайдзіце ім месца ў сваім целе (галавакружэнне, ванітаванне, камок у горле і інш). Прыміце іх. Не заганяйце далёка ў сябе.
Знайдзіце бяспечную прастору для таго, каб дазволіць выйсці гэтым эмоцыям і пачуццям: лазенка, прыбіральня, кухня ў сяброў, кабіннет псіхолага, лес… І тут: калі хочацца лаяцца матам – калі ласка! Цягне паплакаць – не стрымлівайце сябе! Побач можа знаходзіцца чалавек, які не напалохаецца, хто гатовы прыняць і падзяліць вашыя эмоцыі. Калі разумееце, што не спраўляецеся, – лепш звярнуцца да спецыяліста (зараз многія гатовы аказаць дапамогу бясплатна)
Крок 2
Можа дапамагчы аналіз і разуменне таго, што ўжо зроблена: азірніцеся на год таму, паўгады, 2 тыдні. Вылучыце перамогі і поспехі. Усталюйце сувязі паміж чыннікамі і наступствамі, спалучыце факты, узгадайце гісторыю. Атрымліваецца тэкст? Выкладайце яго на паперу!
Крок 3
Трэба дзейнічаць! Разам з фізічнымі дзеяннямі сыходзяць страх, апатыя, няўпэўненасць. Вы дома? Прыбярыце рэчы ў шафах, перасуньце мэблю, падстрыжыце газон. Велапрагулкі, фітнэс, плаванне – таксама дапамогуць. Калі хочацца большага, станьце валанцёрам – цяпер створана шмат ініцыятыў, якія дазволяць кожнаму быць карысным для краіны і яе будучыні.
Крок 4
Камунікуйце! Не варта замыкацца ў сабе. Шукайце “вольныя вушы”, падтрымку: сябры, адзінадумцы, псіхолагі. Але! Тут важна адшукаць менавіта падтрымку і адзінадумцаў – не заліпайце ў спрэчках з тымі, хто не падзяляе вашай пазіцыі, хоча пакпіць альбо папракае “я ж казаў/-ла”; “усё роўна нічога не атрымаецца” і г.д. Тлумачэнні і спрэчкі адбіраюць шмат сілаў, якія можна скіраваць на карыснае.
Шмат бацькоў скардзяцца псіхолагам, што пасля затрымання іх дзеці не хочуць з імі размаўляць. І гэта натуральна – бо замест неабходнай падтрымкі атрымліваюць асуджэнне і “выхаванне”.
Крок 5
Узгадайце, як вы звычайна перажываеце складаныя часы? Якія рэсурсы вам дапамагаюць? Вельмі карысна заняцца творчасцю: малюйце, спявайце, шыйце і г.д. Сюды ж – пагладзіць коціка, пагуляць з сабачкам, прагуляцца басанож па траве. Прыгатуйце любімую страву.
Сюды ж – гумар. Без яго і звар’яцець можна! Анекдоты, смешныя відэа і г.д. Але тут трэ быць асцярожным – не кожны зараз у стане зразумець жарт і іронію. Але сам-насам ці з блізкімі – смейцеся!
Вялікую моц мае таксама вера. І не толькі ў вышэйшыя Сілы. Вера ў сваю сям’ю, каханне, у сваю моц, у будучыню.
Будзьма здаровымі ды трывалымі!
budzma.by