«Мы просім абараніць ваш народ» Штаб Бабарыкі апублікаваў зварот да беларускіх сілавікоў
На афіцыйным Youtube-канале экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, 20 жніўня апублікаваны зварот кіраўніцы штабу Марыі Калеснікавай да вайскоўцаў і сілавікоў, піша svaboda.org.
«Тое, як улада запляміла гонар вашых пагонаў, такога яшчэ не было. Ад падзеяў мінулага тыдня, ад пустых вачэй людзей, якія выйшлі з Акрэсціна, уздрыгваюць усе беларусы, увесь свет. Нас выварочвае навыварат ад жаху, непрыняцця, неразумення, хто ходзіць з намі па адных вуліцах: людзі ці не?», — гаворыць Марыя Калеснікава на пачатку звароту.
У звароце яна падкрэслівае, што сваімі злачыннымі загадамі ўлада цягне сілавікоў «за сабой на дно пекла» і робіць так, што іх форма перастае выклікаць павагу і становіцца сымбалем пагарды. Яна нагадвае сілавікам пра клятву служыць беларускаму народу падчас прысягі і звяртаецца да іх з пытаннем, чаму яны не спыняць «генацыд беларускага народа», які адбываецца цяпер.
«Чаго вы баіцеся? Чаму вы яшчэ не з народам? Чаму вы яшчэ не сталі героямі для беларусаў? Вы можаце захаваць афіцэрскую годнасць і воінскі гонар і назаўжды ўвайсці гісторыю краіны, нават сусветную гісторыю», — кажа яна.
Паводле Калеснікавай, «план просты» — усім сілавікам, якія пяройдуць на бок народа і адмовяцца выконваць злачынны загад, гарантуюць
бяспеку і недатыкальнасць,справядлівае стаўленне да вашых падраздзяленняў,адмену даўгоў за адукацыю,адмену кантрактных даўгоў і іншых выплат, якія дзейная ўлада «вешае на тых, хто хоча сысці з органаў ці адмаўляецца выконваць злачынныя загады»,жытло і матэрыяльную падтрымку.
Марыя Калеснікава дадае, што сілавікоў спрабуюць «трымаць за дурняў», расказваючы, што пратэстамі кіруюць «лялькаводы», якія спансуюць іх з-за мяжы. «Але хто ў гэта верыць?» — задаецца рытарычным пытаннем яна і заклікае сілавікоў «арыштаваць і аддаць пад суд тых, хто прыніжаў нявінных, безабаронных мірных людзей».
«Мы просім вас дапамагчы нам і быць з намі. Мы просім прыгадаць пра прысягу, якую вы давалі, і абараніць ваш народ».