70 гадоў лідару беларускага Адраджэння — Зянону Пазняку
Сёння спаўняецца 70 гадоў Зянону Пазняку — аднаму з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту, лідару беларускага нацыянальнага адраджэння.
Зянон Станіслававіч Пазняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў вёсцы Суботнікі Івейскага раёна Гарадзеншчыны. 18 гадоў таму быў вымушаны пакінуць Беларусь з-за пагрозы жыццю з боку ўлады на чале з Лукашэнкам.
Менавіта Зянон Пазняк у 1988 годзе адкрыў масавыя пахаванні людзей у Курапатах. Ён дабіваўся і адкрыцця праўды пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы, а таксама зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоні.
Цяпер Зянон Пазняк жыве паміж Варшавай і Нью-Ёркам, надалей ачольвае Кансерватыўна-Хрысціянскую Партыю БНФ.
Адзін з самых вядомых і аўтарытэтных палітыкаў, з нагоды юбілею, адказаў на некалькі пытанняў нашага радыё.
— Зянон Станіслававіч, калі ў сярэдзіне 90-х гадоў вы пакідалі Беларусь, і вы цяпер. Наколькі гэта ўжо розныя ці тыя самыя людзі, калі казаць пра погляды, пачуцці, перажыванні і гэтык далей...
— Я сябе ацэньваю тым самым чалавекам, якім быў і 20 гадоў таму. Я не адчуваю, што нешта кардынальна змяніў, нейкія погляды на жыццё. Толькі досвед прыбавіўся, нешта ўдакладнілася, нешта адкрылася, нешта стала зразумелым, што было незразумелым. Але сутнасць — не мяняецца. Я думаю, што сутнасць чалавека ўвогуле ніколі не мяняецца. А што датычыць поглядаў, ацэнак, не, я таксама лічу, што нічога не памяняў, толькі ўдакладніў і набраўся больш досведу.
— І мудрасці, напэўна...
— Гэта ўжо не мне казаць, гэта ўжо павінен казаць той, хто збоку глядзіць.
— Калі вярнуцца зноўку на пералом 90-х гадоў. Ацэньваючы ўжо праз гады ўсе тыя падзеі, што цяпер думаеце, ці было зроблена ўсё магчымае, прынятыя правільныя рашэнні?
— Я, канешне, думаў пра гэта не раз і думаю пра гэта не раз. І ўвесь час натыкаюся на наканаванне лёсу, бо шмат было такіх супадзенняў, якія паказвалі, што вось гэтае рашэнне — выехаць за мяжу — яно, такое ўражанне, што прыйшло зверху, я ніколі не думаў выязджаць. І гэтае рашэнне было прынятае, як кажуць, на працягу адной хвіліны. Потым, калі я аналізаваў усе падзеі, якія былі, і тое, што я ведаў (а я ведаў шмат, што і дзе робіцца, меў шмат сувязяў), то гэта было адзіна правільнае рашэнне. Я ацэньваў цвяроза і, лічу, дакладна, тую палітычную сілу і тую сітуацыю, якая была ў 90-х гадах, а яна не змянілася, Расея ж не змяняецца сто гадоў. Таму вось гэты аналіз, які я не раз рабіў, мяне ўмацоўвае ў думцы, што я прыняў правільнае рашэнне.
— І якое, напэўна, выратавала вам жыццё...
— Не толькі жыццё выратавала, тут справа ідзе не пра жыццё. Тут справа ідзе пра ідэю, пра адказнасць, таму што я ўвесь час адчуваю за сабой адказнасць, бо ёсць людзі, якія мне вераць, нават калі іх будзе ўсяго толькі два чалавекі, то я павінен адчуваць такую адказнасць, а іх не два чалавекі. Акрамя таго, зроблена шмат важных справаў, якія знаходзяцца па сённяшні дзень у цэнтры барацьбы, за іх трэба мець адказнасць: і за Курапаты, і за незалежнасць, і за партыю, і за Фронт. За ўсё гэта трэба мець адказнасць. Я не магу рабіць фатальных памылак.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя