Аўтары без правоў

Шведска-беларускі семінар па абароне аўтарскіх правоў прайшоў у Мінску. Яго арганізавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Шведскі саюз пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына.
“Захаваць правы творцаў у поўным маштабе, так як гэта робяць у Швецыі, у нашай дзяржаве немагчыма. Але мы павінны імкнуцца гэта рабіць у любым выпадку. Таму Саюз пісьменнікаў і зладзіў гэты семінар, — адзначыў рэдактар часопіса “Дзеяcлоў Барыс Пятровіч.



ae87a54e183c075c494c4d397d126a66.jpg

Шведска-беларускі семінар па абароне аўтарскіх правоў прайшоў у Мінску. Яго арганізавалі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Шведскі саюз пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына.


“Захаваць правы творцаў у поўным маштабе, так як гэта робяць у Швецыі, у нашай дзяржаве немагчыма. Але мы павінны імкнуцца гэта рабіць у любым выпадку. Таму Саюз пісьменнікаў і зладзіў гэты семінар, — адзначыў рэдактар часопіса “Дзеяcлоў Барыс Пятровіч.


У Міжнародным адукацыйным цэнтры (IBB) беларускія і шведскія ўдзельнікі абмеркавалі 9 красавіка надзённую праблему. Выступы і дыскусіі былі вызначаны тэмай “Аўтарскія правы на інтэлектуальную ўласнасць. Выдавец Крыстафер Лінд і юрыдычны кансультант Торберн Острам распавялі пра шведскі досвед рэалізацыі і абароны аўтарскіх правоў. У тым ліку і захавання інтэлектуальнай уласнасці ў інтэрнэце. Беларускія творцы распавялі пра беларускую рэчаіснасць.


Без ганарараў


Для беларусаў, на жаль, найбольш актуальна абарона аўтарскага права, якое выяўляецца ў грашовым эквіваленце, — паведаміў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. — Пераважная большасць кніжнай прадукцыі сучасных аўтараў выдаецца з парушэннем ганарарнай аплаты працы. Гэта тычыцца як недзяржаўных, так і дзяржаўных выдавецтваў.


У Беларусі існуе закон “Аб аўтарскім праве і сумежных правах. Ёсць палажэнне, замацаванае Саветам міністраў, аб мінімальнай стаўцы аўтарскага ганарару. На практыцы ж здараецца, што аўтар бясплатна друкуе ў выдавецтве сваю кнігу. “А на фінішы можа атрымаць ганарар сваімі кніжкамі. Гэта ў лепшым выпадку, — падкрэсліў Алесь Пашкевіч.


Многія і маладыя, і сталыя аўтары вымушаныя ці пісаць у стол, ці, каб пабачыць свой твор апублікаваным, выдаваць за свой кошт. “Калі ідзе размова пра выданне кнігі, то хутчэй пра тое, колькі аўтар заплаціць за яе выданне, а не які ён атрымае ганарар. І адбываецца так, што размова пра ганарар увогуле не вядзецца ў нашай сітуацыі. Калі прытрымлівацца рамак заканадаўства, то гэта ёсць парушэнне, — зазначыў і Барыс Пятровіч.


Цэнзура


Распаўсюджаным, як прагучала падчас семінара, з’яўляецца і парушэнне права на імя аўтара. Калі гучыць песня і не называюць аўтара тэксту. Ідуць кадры з кінафільма, але часта не згадваецца і імя рэжысёра, і імя аўтара сцэнарыя. “Спяваць выдатную песню і забыць пра аўтара слоў, гэта звычайнай нядбайнасцю назваць немагчыма. Калі гэта становіцца традыцыяй, гэта ўжо далёка не нядбайнасць, — сказаў Алесь Пашкевіч пра “апальных аўтараў.


Існуюць і забароны ўладаў на выступы такіх аўтараў перад чытачамі. “Гэта тое, што не прапісана ні ў якім законе, але гэта ёсць прамое парушэнне права аўтара на творчую дзейнасць, — звярнуў увагу Барыс Пятровіч. І рэзюмаваў:


“Паколькі ў нас дзяржава спрабуе моцна ідэалагічна ўплываць на творцаў, паколькі на дзяржаўным узроўні існуе цэнзура, як можна ў гэтай сітуацыі абараняць правы тых аўтараў, якія трапляюць пад гэтую цэнзуру? Мне падаецца, што мы стаім толькі на самым пачатку стварэння заканадаўства, якому павінны падпарадкоўвацца ўсе грамадзяне, усе творцы аднолькава. Незалежна ад таго, на якіх пазіцыях яны стаяць. Як гэта прынята ва ўсім свеце. На першым месцы — закон, а не ідэалогія. Пакуль што, на жаль, сітуацыя іншая.


Змаганне


Паводле словаў Алеся Пашкевіча, сустрэча са шведскімі калегамі — своеасаблівы закід наперад. І ў тым ліку, каб даць штуршок да абароны інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі.


“Большасць сучасных творцаў яшчэ ў поўным аб’ёме не ўсведамляюць і не асэнсоўваюць неабходнасць абараняць свае аўтарскія правы, — сказаў кіраўнік СБП. — Як гэта не сумна канстатаваць. Таму адна з мэтаў — абудзіць годнасць і актыўнасць у самога аўтара. Прымусіць урэшце яго паверыць у самога сябе. Інакш ніводны камітэт па аўтарскіх правах ці цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, ніводная адвакацкая кантора не вырашаць гэтае пытанне. Калі не саспее да яго вырашэння сам уласнік твора.