«Паедзем, паядзім»: урачыстае закрыццё
Ля сумнавядомай рэстарацыі ў Курапатах сёння віравалі жарсці. Адкрыццё, якое было запланавана на 15 гадзінаў, так і не адбылося. Затое шмат хто даведаўся, што так рабіць нельга.
![34701794_1732120086857775_6217960622710063104_n_logo.jpg 34701794_1732120086857775_6217960622710063104_n_logo.jpg](/img/v1/images/34701794_1732120086857775_6217960622710063104_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра чарговую спробу ўрачыстага адкрыцця рэстарацыі «Паедзем, паядзім» паведаміў Павел Севярынец. Па яго дадзеных, яно павінна было адбыцца ў 15 гадзінаў. Без чвэрці гадзіны да планаванага адкрыцця некалькі актывістаў ужо было ля ўезду ў рэстарацыю.
Толькі некаторым з іх і пашэнціла пад’есці. Леанід Кулакоў, які дзяжурыў ля кропкі харчавання, трымаючы ў руках гарбату, распавёў, што да пратэстоўцаў нядаўна пад’ехала машына. Але выйшаў адтуль нармальны хлопец, які выгрузіў ім пакунак з ежай, падзякаваў абарону Курапатаў, і, так і застаўшыся невядомым, з’ехаў.
Да адкрыцця сапраўды рыхтаваліся. Хвілінаў за дзесяць да трох гадзінаў — меркаванага часу адкрыцця — з-за варотаў выйшлі двое працоўных, і, выцягнуўшы шланг, пачалі змываць надпіс на брукаванцы перад заездам: «Рэстаран на касцях. Паядзім?» Гэтых працоўных імгненна абкружылі абаронцы Курапатаў, цікавячыся, ці будуць яны таксама змываць кроў? Ці атрымаецца гэта ў іх? І, канешне ж, крычалі ім: «Ганьба!»
![34484898_1732119480191169_7278743649909735424_n_logo.jpg 34484898_1732119480191169_7278743649909735424_n_logo.jpg](/img/v1/images/34484898_1732119480191169_7278743649909735424_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Працоўныя квёла агрызаліся, называючы пратэстоўцаў дармаедамі і раюючы ім пайсці працаваць. Што было не вельмі дарэчы — большасць з абаронцаў былі людзьмі сталага веку, на пенсіі. Але што было рабіць?
Надпіс змылі, а потым пад’ехаў невялічкі мікрааўтобус. Ланцугом перакрыўшы заезд у рэстарацыю, праехаць яму не далі. Кіроўца гартаў нейкія дакументы і некаму тэлефанаваў. Пасля вымушаны быў з’ехаць.
Настала 15 гадзінаў. 15.05. 15.10. Рэстарацыя ўсё не адчынялася.
Неўзабаве ля яе з’явіўся белы «Лексус». Зразумела, да яго падбеглі шматлікія журналісты і пратэстоўцы. Высветлілася, што у аўто знаходзіцца пастаўшчык рэстарацыі. Даволі малады чалавек прадставіўся Максімам, і распавёў, што ён проста працуе. Да пратэстоўцаў ён ставіўся паважліва, яны да яго — збольшага таксама. Прынамсі, асаблівага канфлікту не ўзнікла.
![34463177_1732121433524307_6793927067227389952_n_logo.jpg 34463177_1732121433524307_6793927067227389952_n_logo.jpg](/img/v1/images/34463177_1732121433524307_6793927067227389952_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пабадзяўшыся і паразмаўляўшы хвілінак дваццаць, ён дачакаўся іншую машыну. Якую, зразумела, таксама не прапусцілі на тэрыторыю рэстарацыі.
![34368477_1732119363524514_7097735487330189312_n_logo.jpg 34368477_1732119363524514_7097735487330189312_n_logo.jpg](/img/v1/images/34368477_1732119363524514_7097735487330189312_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фрукты, якія прывез Максім, давялося цягнуць рукамі. Прычым, ад хвалявання бізнесовец перадаў у рэстарацыю манга і, як высветлілася, паблытаў заказ. Манга давялося вяртаць назад і перадаваць тое, што патрэбна.
![34480903_1732118290191288_302237458504876032_n_logo.jpg 34480903_1732118290191288_302237458504876032_n_logo.jpg](/img/v1/images/34480903_1732118290191288_302237458504876032_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У прынцыпе, з такім жа поспехам Максім мог перакінуць сваю прадукцыю праз плот.
Да пратэстоўцаў пад’ехалі міліцыянты. Але гэта былі не АМАП ці нейкія ўчастковыя, а супрацоўнікі ДПС. Прычым, ужо знаёмыя супрацоўнікі — яны ж раней складалі пратаколы за парушэнне правілаў дарожнага руху на некаторых ахоўнікаў Курапатаў. «Не самыя горшыя хлопцы, яны выконваюць загад», — ахарактарызаваў іх Севярынец.
![34608439_1732119676857816_4590689078663446528_n_logo.jpg 34608439_1732119676857816_4590689078663446528_n_logo.jpg](/img/v1/images/34608439_1732119676857816_4590689078663446528_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзінае, што змаглі зрабіць супрацоўнікі ДПС — папярэдзіць, каб людзі сышлі з праезнай часткі. Паколькі побач не назіралася нікога, хто б жадаў праехаць і паесці, людзі гэтае патрабаванне выканалі. ДПСнікі з’ехалі, і ізноў пачалося арганізаванае бадзянне па «праезнай частцы».
![34447269_1732119786857805_3744012524811452416_n_logo.jpg 34447269_1732119786857805_3744012524811452416_n_logo.jpg](/img/v1/images/34447269_1732119786857805_3744012524811452416_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дэ-факта гэта, канешне, праезная частка. Але менавіта на гэтым участку рух транспарту абмежаваны хуткасцю 5 кіламетраў на гадзіну, пра што сведчыць адпаведны знак.
Па стане на 16 гадзін рэстарацыя ўсё яшчэ не адчынілася. Затое ахоўнікаў Курапатаў значна паболела. Прыехалі Зміцер Дашкевіч, Зміцер Каспяровіч, Аляксей Шэін, Аляксей Янукевіч і яшчэ багата іншага народу. Пасел Севярынец жартаваў: «Мушкецёры, дваццаць гадоў пасля». І сапраўды, амаль гэткім жа складам каля 20 гадоў таму яны пільнавалі будаўніцтва Мінскай кальцавой ля ўрочышча…
![34419247_1732121560190961_2557813248522977280_n__1__logo.jpg 34419247_1732121560190961_2557813248522977280_n__1__logo.jpg](/img/v1/images/34419247_1732121560190961_2557813248522977280_n__1__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Карацей, ля Курапатаў сабралася вельмі пачэсная кампанія.
Што ў актыве? У актыве тое, што чарговая спроба адкрыцця рэстарацыі зноў сарваная. У актыве тое, што некаторыя бізнесоўцы сто разоў падумаюць, ці звязвацца з пастаўкамі на гэты харчовы аб’ект: рэпутацыйныя страты будуць несумяшчальныя з прыбыткам. Нездарма той жа самы Максім адмаўляўся назваць прозвішча і сваю фірму — разумее, што за гандаль з «рэстарацыяй на костках» ад яго могуць адвярнуцца калегі па працы і іншыя яго кліенты. У плюсе і тое, што ніхто — ніводная машына — не паспрабавала трапіць у «Паедзем паядзім» з мэтаю менавіта пад’ехаць і паесці. Гэта значыць, інфармацыйная кампанія спрацавала. І кліенты рэстарацыі таксама сто разоў падумаюць: ці ехаць туды есці, рызыкуючы наткнуцца на бар’ер пікетоўшчыкаў і аб’ектывы тэлекамер.
![34415898_1732121296857654_320183717358206976_n_logo.jpg 34415898_1732121296857654_320183717358206976_n_logo.jpg](/img/v1/images/34415898_1732121296857654_320183717358206976_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Павел Севярынец абвесціў, што 6 чэрвеня а 12-й гадзіне ля «Паедзем паядзім» адбудзецца паэтычная абарона Курапатаў — паэты будуць чытаць вершы. А вось што далей?
Зразумела, бясконца сачыць за рэстарацыяй не атрымаецца. Яе ўладальнікі могуць па некалькі разоў на дзень абвяшчаць пра адкрыццё, і народ проста перастане збягацца на воклічы — як той хлопчык, што крычаў «Ваўкі! Ваўкі!», і застаўся безабаронным, калі яны сапраўды з’явіліся.
Да таго ж, рэстарацыя, калі яна гатовая, можа адчыніцца ў любы час — хоць у 12 гадзінаў ночы, калі побач не будзе пікетоўцаў.
![34509869_1732120746857709_3334846692921966592_n_logo.jpg 34509869_1732120746857709_3334846692921966592_n_logo.jpg](/img/v1/images/34509869_1732120746857709_3334846692921966592_n_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Але ў абаронцаў ёсць яшчэ шмат розных ідэяў. Адна з іх была агучаная: пры адкрыцці рэстарацыі станавіцца ў чаргу і масава выпісваць кнігу скаргаў. Ёсць і іншыя. Напрыклад, сабатаваць працу гэтага аб’екта, прыходзячы туды ў самую «гадзіну пік», замаўляючы шклянку вады, і седзячы з гэтай шклянкай па тры-чатыры гадзіны — проста займаючы месца. Альбо браніраваць рэстарацыю пад мерапрыемства — і на яго не прыходзіць. У такім выпадку, канешне, рэстарацыя можа браць грошы за «перадзамову», але ў час, калі тое ж самае можна зрабіць у іншых месцах бескаштоўна — нявыгадна. Можна запрасіць на гэты аб’ект правяраючых, і не толькі з санстанцыі: літаральна пад плотам аб’екта змешчаныя нейкія чырвоныя люкі, падазрона падобныя на газасховішча, а непадалёк — запраўка. А калі яно раптам ірване?
Калі не выпускаць гэтага харчовага аб’екта з-пад увагі, працягваючы ствараць яму непрыемнасці рознага кшталту — ён чыста эканамічна прагарыць вельмі хутка.
Улічваючы досвед двух абаронаў Курапатаў, упартасці ў абаронцаў хопіць. А вось наколькі хопіць цярпець страты ўладальнікам аб’екту — пытанне вялікае.
Фота Алены Ляшкевіч