Ахвяра дзяржзабудоўшчыка: ні жылля, ні грошай
Суды, страта грошай і высяленне. Такім шокам для маці дваіх дзяцей стала набыццё кватэры ў дзяржзабудоўшчыка. Хаця Здзелку ў сакавіку 2014 года афіцыйна аформілі ў БРТІ.
Суд Партызанскага раёна Мінска вынес рашэнне аб незаконным продажы кватэры, якую набыла ў "МаналітГрада" Маргарыта Крывіцкая. Тым самым пазбавіўшы сям'ю адзінага жылля.
Маргарыта купіла чатырохпакаёвую кватэру ў “МаналітГрада” па вуліцы Янкоўскага, 34,прадаўшы сваю двухпакаёўку. Здзелку ў сакавіку 2014 года афіцыйна аформілі ў БРТІ. Аднак неўзабаве раптоўна аб’явіўся дольшчык, які прад’явіў правы на кватэру.
— Ён пазваніў мне, сказаў, што гэта яго кватэра і ён будзе са мной судзіцца, — распавяла Маргарыта Крывіцкая.
Як высветлілася, “МаналітГрад” скасаваў дамову з дольшчыкам, які не стаў выплачваць дадатковыя грошы пасля пераразліку, выкліканым крызісам. Аднак выдаткі дольшчыку не былі вернуты.
Суд Партызанскага раёна двойчы разглядаў справу дольшчыка, які падаў позву пасля продажу кватэры. Пры першым разглядзе дольшчыку адмовілі. Але пры паўторным разглядзе суд вынес рашэнне аб незаконным продажы кватэры. А дольшчык пагадзіўся даплаціць неабходную суму.
— Ёсць рашэнне суда, і дольшчык мае поўнае права прыйсці і выселіць мяне. Куды мяне будуць высяляць — з дзіцём непаўналетнім, з дачкой-студэнткай? Куды высяляць? Вось куды?! Я не ўяўляю, як так можна.
Забудоўшчыка абавязалі вярнуць Маргарыце грошы за кватэру. Нават з улікам індэксацыі — 992 мільёны рублёў (альбо 101 тысяча долараў на момант здзелкі) менш чым за паўтара гады ператварыліся ў 64 тысячы долараў.
— Няма ніякіх гарантый, што я наогул атрымаю гэты грошы, — адзначыла Маргарыта.
У «Маналітграда» — чэргі кліентаў за запазычанасцяміпа іншых справах. Кампанія дыскрэдытавала сябе ў будаўнічым бізнесе. Адзін з яе кіраўнікоў, якія мяняліся раз за разам, быў арыштаваны пры атрыманні хабару "ў асабліва буйным памеры". Будучае ў кампаніі адно — ліквідацыя.
— Дзяржава абрабавала, забрала ў мяне ўсё. І цяпер я баюся застацца проста на вуліцы. Ну дзіка, гэта проста дзікунства. Як сёння ў нашай краіне гэта можа быць?! — не разумее Маргарыта Крывіцкая.
Да таго ж Маргарыту, якая сама стала ахвярай у гэтай гісторыі, зрабілі адказчыкам па справе, як і забудоўшчыка. І абавязалі заплаціць дзяржпошліну — 25 мільёнаў рублёў, а таксама судовыя выдаткі дольшчыка ў памеры 13 мільёнаў. Між тым, аспрэчванне рашэння і падача скаргаў вымагае новых выдаткаў.
— Гэта стрэс для ўсёй сям'і. У майго сына — псарыяз. Я не магу заняцца яго лячэннем, у мяне няма магчымасцей. Таму што ўсе затраты ідуць на судовыя выдаткі, — кажа Маргарыта. — Для таго, каб мне падаць скаргі і дайсці да Вярхоўнага суда, трэба заплаціць 50–60 мільёнаў рублёў. Гэта шалёныя грошы, я не ўяўляю, што рабіць.
Адмыслоўцы адзначаюць, што ў рашэнні гэтай справы ёсць розныя варыянты. Суд мог абавязаць забудоўшчыка вярнуць грошы дольшчыку з улікам індэксацыі. Тым больш што ў дольшчыка ўжо ёсць трохпакаёвая кватэра, а ў яго жонкі — двухпакаёвая. Альбо прадаставіць яму іншую кватэру. "Чамусьці суд разглядаў справу вельмі аднабока, і разглядаў толькі варыянт скасавання дамовы куплі-продажу", — падкрэсліў гендырэктар цэнтра гандлю нерухомасцю "ПАКОДАН" Павел Кузняцоў.
Маргарыта Крывіцкая не губляе надзеі і збіраецца звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі.
— Хочацца проста справядлівасці ў гэтым рашэнні. Таму што ну так не бывае, каб проста ўзяць, выкінуць людзей у Мінску на вуліцы — і ўсё. Таму мы будзем, канешне, змагацца і пойдзем да канца, — кажа Маргарыта.
Сваё запаветнае жаданне загадаў і 13-гадовы Арцём: "У новым годзе я б хацеў, каб усе нашы жахлівыя праблемы вырашыліся. Каб у нас было жыллё, і нас не выганялі на вуліцу".
Насамрэч, гэтай сям'і даводзіцца спадзявацца хутчэй на цуд, чым на дзяржаўную справядлівасць.