Aдбылося чарговае паседжанне Грамадскага Трыбуналу над сталінізмам (фота)
На гэты раз удзельнікі Трыбунала, што прайшоў на Сядзібе БНФ, разглядалі справу №3 "Калектывізацыя — боль, тэрор, страх і смерць".
Абвінаваўцамі выступілі дзеці рэпрэсаваных калгаснікаў Зінаіда Тарасевіч і Станіслаў Лісоўскі. Яны распавялі свае ўспаміны і жудасныя факты
біяграфіі сваіх рэпрэсаваных сем'яў. Прыводзім вытрымкі з успамінаў Зінаіды Тарасевіч: ”Трагедыя прыйшла ў ноч з 3 на 4 сакавіка 1930 г. Вечарам, можа ноччу,
як усе палеглі спаць, раптам забрахалі сабакі, пачуўся крык “открывай”. Увайшло чалавек 20 ці больш. Адзін з іх, самы старшы, па нацыянальнасці яўрэй, астатнія - камсамольцы з
навакольных вёсак. Яўрэй кінуўся да бабулі з паперамі: “Подписывайся, что добровольно едешь на высылку!”. Бабуля лямантуе: “Куды вы мяне забіраеце з малымі дзецьмі? Пішыце
мяне ў калгас”. — "Ты чуждый элемент в колхозе", — крычыць яўрэй і кідаецца да бабулі. Бабуля гэтых слоў не зразумела: не ведала, што азначаюць словы
“элемент” і “чуждый”, таму і паглядзела недаўменна на камуністычнага функцыянера. У адказ атрымала непрыстойную лаянку і загад: “Подписывайся,
с..ка!”
Бабуля распісвацца не ўмела, але пад націскам, калі кідаліся ледзь не з нажом, паставіла крыжык на месцы подпісу і тым самым засведчыла, што добраахвотна едзе на смерць,
— паставіла крыж на сабе і сваіх дзетках. Гэта і быў пачатак іх гібелі…..У жывых з роду маёй маці і роду майго бацькі цяпер застаецца толькі адзін чалавек. Я ўшанавала
памяць аб маіх блізкіх — ахвярах бальшавіцкага генацыду на двух помніках. Я хачу, каб імёны маіх родных, старых і пажылых, юнакоў і падлеткаў, бязгрэшных дзяцей і немаўлятак, якія загінулі
пакутніцкай смерцю, былі занесены ў Кнігу Памяці“.
Унук аднаго з расстраляных беларускіх сялян, краязнаўца Станіслаў Лісоўскі распавёў пра лес свайго дзеда і падкрэсліў, што рэпрэсаваных падчас
гвалтоўнай калектывізацыі беларусў больш за паўтара мільены, але ж помнікаў і мемарыяльных знакаў не больш за 40, і гэта ганьба для нашай дзяржавы, для нашага грамадства, якое не
шануе памяць сваіх продкаў. Сам спадар Станіслаў яшчэ ў 1995 годзе на сродкі свае ды жыхароў вёскі Чарнагубава Капыльскага раёну Мінскай вобласці і мясцовага калгасу “Цімкавіцкі”
ўсталяваў у гэтай вёсцы помнік 63 аднавяскоўцам, рэпрэсаваным за гады савецкай улады. Лісоўскі заклікаў грамадскасць займацца мемарыялізацыяй ахвяраў сталінізму.
Гісторык Ігар Кузняцоў прывеў лічбы рэпрэсій, мапы, назваў галоўных вінаватых у масавых рэпрэсіях пры калектывізацыі ў Беларусі — гэта старшыня
СНК Галадзед Н.М. і першы сакратар ЦК КП(б)Б Гей К.В. , якія 10 февраля 1930 г. падалі ў ЦК ВКП(б) дакладную запіску з прапановай прызнаць БССР
республікай агульнай калектывізацыі, адзначыўшы, што ў 2/3 ўсіх раёнаў Беларусі ўзровень калектывізацыі перавысіў 86%. Гэта выклікала пратэст сярод сялян, ніхто не
хацеў ісці ў калгасы. Пачаліся рэпрэсіі —да сеняшняга часу дакладна не вядома лічба нашых суайчыннікаў, якія ў 1932 -34 памерлі ад голаду, былі сасланыя ў Сібір і забітыя альбо
закатаваныя.
Па выніках паседжання, удзельнікі Грамадскага Трыбуналу — гісторыкі, сваякі рэпрэсаваных, грамадскія актывісты — абвінавацілі Сталіна і яго памагатых у
злачынстве супраць чалавечнасці, у генацыдзе супраць беларускага сялянства.
Паводле інфармацыі Грамадскага Трыбуналу