Адкуль бяруцца грошы?

Гэта пытанне аднойчы ўзнікае ў галаве дзіцяці і потым не пакідае чалавека да сканчэння зямнога веку. Мусіць, на тым свеце грошай няма, але шмат хто з тутэйшых, падводзячы рысу, імкнецца назбіраць грошай на ўласнае пахаванне.
 

Не ведаю, як з гэтым спраўляюцца ў цывілізаваным свеце ды сярод дзікуноў, а ў нас грашовае пытанне належыць да экзістэнцыяльна-метафізічных. Нават тыя, хто вывучаў эканоміку, часам не могуць на яго адказаць. А тыя, хто мае свой бізнэс, начамі не спяць у роздуме, дзе ўзяць грошы, каб разлічыцца па крэдытах ці падняць заробкі супрацоўнікам.
Дарэчы, гэта пытанне мае аднолькавую вастрыню і для буйных фірмаў, і для рознай драбязы, якая нават статыстыкай не ўлічваецца. Так пра яе і пішуць у справаздачах Белстата — «сярэдні заробак за паўгода ў арганізацыях, за выключэннем дробных прадпрыемстваў прыватнага сектара». Драбнаце, якая нават працуе часам без належнага юрыдычнага афармлення, плацяць, колькі выпадае. І могуць зусім не плаціць, калі не выпадае. На афіцыйных паказчыках гэта ніяк не адаб’ецца.
Не верыцца, калі чуеш, што дзесьці людзі атрымліваюць і меней беларускага мільёна ў адны рукі за месяц. Але такое здараецца. А меней двух мільёнаў «бруднымі» за месяц нават сярод тых, каго ўлічвае афіцыйная статыстыка, атрымлівае кожны дзявяты работнік. Калі адкінуць падаткі ды розныя абавязковыя плацяжы, атрымліваецца каля 200 долараў, на якія зусім не разгуляешся.
І што зробіш? Ведае працадавец, дзе браць грошы, або не, павінен быць гатовым да таго, каб да канца года падняць сярэдні заробак на сваёй фірме да 500 долараў. Цяжка? Зразумела. Магчыма? Новая старшыня Нацбанку Надзея Ермакова адказвае — так. Цытуем: «Увогуле, заработная плата можа дарасці да 500 долараў, але толькі ў тым выпадку, калі яна будзе зароблена, і выручка паступіць на разліковыя рахункі. Усе ўмовы для таго, каб яна дарасла да такога ўзроўню, ёсць. Для гэтага трэба працаваць...»
Вось якая разумніца, не тое, што былі да яе: сядзелі на злітках з золата і срэбра і не ведалі, якой рады даць растучаму, быццам пустазелле, золата-валютнаму рэзерву краіны. Аказваецца, яго трэба было раздаваць тым, каму для падвышэння заробкаў лепей працаваць не абавязкова. Таму, каму трэба было забараніць лепей працаваць пад пагрозай звальнення. Прыкладам, ёсць бюджэтныя арганізацыі, фонд аплаты працы якіх цалкам залежыць ад штатнай колькасці супрацоўнікаў. Чым іх болей, тым лепей, бо з’яўляецца магчымасць для «эканоміі». Той захварэў — жыве за кошт сацыяльнага страхавання, тая пайшла ў дэкрэт, той выконвае ваенныя абавязкі. На ўсім зарплата эканоміцца, а потым дзеліцца. Не фігуральна, а на самай справе.
Усе бюджэтныя ўстановы, асабліва чыноўніцкія, дзеляцца па доступу да бюджэтных рэсурсаў не толькі па функцыях, але і ў залежнасці ад штатнага раскладу. Чым супрацоўнікаў болей, тым вышэйшыя аклады ў начальства. У першую чаргу.
Лепей — значыць больш эфектыўна. Гэта значыць, меншай колькасцю. Трэба рабіць скарачэнні. Яны і робяцца, колькі я памятаю, пастаянна, але колькасць бюджэтнікаў рознага кшталту толькі расце. Яна расла пры сацыялізме, пры развітым сацыялізме, пры рынкавым сацыялізме, яна і зараз расце, хоць павінна была скараціцца, паколькі нейкая частка эканомікі перайшла да прыватніка.
Чаму? Метафізічны адказ на пытанне не складаны. Вось як на яго адказала Надзея Ермакова: «... Для тых, хто атрымоўвае заробак з бюджэту, ён прапісаны ў выдатковай частцы бюджэту. Усё астатняе насельніцтва, якое атрымлівае заробак на прадпрыемствах, павінна яго зарабіць. Гэта значыць, вырабіць прадукцыю, прадаць, атрымаць выручку».
Але яна забылася дадаць, што выручка павінна быць такой вялікай, каб у прадпрыемстваў пасля пагашэння ўсіх абавязкаў заставаўся прыбытак. Каб было чым плаціць заробкі. Бо адказ, дзе браць грошы, для розных людзей розны. Для бюджэтнікаў — перш-наперш трэба «выбіць фінансаванне». Чым больш атрымаюць бюджэтнікі, тым больш грошай з’явіцца на рынку, тым лепей для камерцыйных прадпрыемстваў, бо на рынку з’явіцца плацежаздольны попыт. Магчыма, і на прадукцыю іх прадпрыемства.
Вось і атрымоўваецца, чым больш бюджэтнікаў, тым лепей. А іх болей тады, калі яны дрэнна працуюць або не працуюць увогуле.
Пры гэтым Надзея Ермакова лічыць, што эмісійныя грошы на выплату заробкаў у выглядзе крэдытавання не пойдуць. Але, як сведчыць статыстыка Нацыянальнага банка, аб’ём шырокай грашовай масы ў чэрвені павялічыўся на 5,5% пасля падвышэння на 4,4% у маі, на 3% у красавіку і на 2,8% у сакавіку. На думку незалежных экспертаў, гэта з’ява ў вялікай ступені абумоўлена захадамі ўладаў па адміністратыўнаму падвышэнню заробкаў.
Дзе браць грошы, яны ведаюць...