Адукацыйная кабала. Чыноўнікі рыхтуюць змены ў заканадаўства, пасля якіх «саскочыць» з размеркавання наўрад ці ўдасца

Калі цяперашнія законы, датычныя адукацыі, яшчэ маюць нейкія лазейкі, праз якія можна пазбегнуць размеркавання, то пасля прыняцця змен, скасуюцца і гэтыя магчымасці. Моладзь фактычна акажацца ў рабстве перад дзяржавай.

БНТУ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

БНТУ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі плануюцца чарговыя змены ў заканадаўства аб адукацыі. Яны закрануць правілы размеркавання выпускнікоў ВНУ і ССНУ. Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі», падрыхтаваны ўрадам, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. «Зеркало» вывучыла дакумент і расказвае падрабязнасці будучых новаўвядзенняў.

Папраўкі, прапанаваныя законапраектам, змяняюць не асноўныя правілы, але даволі істотныя нюансы размеркавання выпускнікоў ВНУ. У выніку для маладых спецыялістаў пазбегнуць адпраўкі на адпрацоўку стане яшчэ складаней, чым цяпер.

Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма: менавіта пра неабходнасць размяркоўваць больш студэнтаў ужо каторы год гавораць чыноўнікі — ад Міністэрства адукацыі да Лукашэнкі. Праўда, чакалася, што ў 2024 годзе будзе ўведзена адпрацоўка нават для «платнікаў», але пакуль гэтага не адбылося, а міністр адукацыі Андрэй Іванец увесну паведаміў, што гэтае пытанне на час адкладваецца. Не павялічыліся і тэрміны адпрацоўкі.


Глядзіце таксама

Новы рэцэпт «свабоднага дыплома»

З'явіцца новая катэгорыя выпускнікоў, якая будзе мець стоадсоткавую магчымасць пазбегнуць адпраўкі на адпрацоўку ў аддаленыя райцэнтры. Гэта студэнты, якія самі сталі сілавікамі.

Цяпер тыя, хто вучыўся на дзённым, а потым перавёўся на «завочку», падлягаюць размеркаванню, калі правучыліся вочна хоць бы палову тэрміну. Але калі на канец завочнай вучобы яны працуюць па спецыяльнасці або па ваенным кантракце, такіх не размяркоўваюць.

Цяпер жа, каб атрымаць у такой сітуацыі «свабодны дыплом», працаваць па спецыяльнасці будзе не абавязкова. Дастаткова паступіць на працу ў сілавыя структуры — КДБ, мытню, пракуратуру, ваенізаваныя арганізацыі або Службу бяспекі Лукашэнкі.

Усім астатнім выкруціцца будзе значна цяжэй.

Размеркаванне для сямейных

Цяжарным выпускніцам будуць пры наяўнасці працоўных месцаў прадастаўляць на выбар размеркаванне ў населеныя пункты не толькі па месцы жыхарства мужа або бацькоў, як цяпер, але і па месцы жыхарства самой жанчыны.

А вось размеркаванне па месцы жыхарства мужа і жонкі ўскладніцца.

Цяпер гэты пункт гучыць так: жанатым і замужнім выпускнікам «месца працы прадастаўляецца па жаданні выпускніка і пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства (працы) сужэнца».

А будзе так: «Месца працы прадастаўляецца пры наяўнасці магчымасці працаўладкавання па месцы жыхарства (працы) жонкі (мужа) альбо іншае наяўнае месца працы. Рашэнне аб размеркаванні па месцы жыхарства і (або) працы жонкі (мужа) прымаецца па ўзгадненні з арганізацыяй — заказчыкам кадраў у выпадках і парадку, якія вызначаюцца ўрадам».


Глядзіце таксама

Як бачым, словы «па жаданні выпускніка» зніклі, затое з'явілася магчымасць размяркоўваць жанатых і на «іншыя месцы» без іх згоды. А вось у арганізацыі, якая прэтэндавала на «сямейнага» выпускніка, будуць пытацца згоды яго адпусціць, перш чым адправіць яго ў іншы горад.

Тое самае прадугледжана для выпадкаў, калі абодва сужэнцы размяркоўваюцца разам у адным навучальным або каляндарным годзе.

Дзеці пацярпелых сілавікоў

Гэтак жа, як з сямейнымі, мяняюцца правілы для дзяцей вайскоўцаў, міліцыянтаў, супрацоўнікаў КДБ, афіцэраў іншых сілавых структур, ветэранаў вайны ў Афганістане, якія сталі інвалідамі або загінулі ў сувязі са службай.

Цяпер у іх льгота: можна размеркавацца па месцы жыхарства бацькоў або сужэнца (калі там патрабуюцца спецыялісты), а на адпрацоўку ў іншы населены пункт могуць адправіць толькі са згоды самога выпускніка.

Згодна з новымі папраўкамі, такая згода патрабавацца не будзе. Гэта значыць, пазбегнуць размеркавання ў чужы горад не атрымаецца.

Адпрацоўка для «няўдалых» мэтавікоў

Цяпер студэнты, якія вучацца па мэтавым накіраванні, павінны адпрацаваць пяць гадоў. Але што калі арганізацыя-заказчык закрылася ці ж не можа з нейкіх прычын прыняць свайго мэтавіка на працу? Цяпер, калі дагавор мэтавай падрыхтоўкі скасаваны па ініцыятыве заказчыка, студэнт можа знайсці новага або адлічыцца і не павінен кампенсаваць грошы за вучобу.

Новы алгарытм для такіх выпадкаў наўрад ці спадабаецца мэтавікам. Згодна з папраўкамі, калі новага заказчыка не знайшлося, студэнтам ВНУ і ССНУ пры наяўнасці месцаў прапануюць перавесціся на бюджэтную форму навучання.


Глядзіце таксама

Пры гэтым ухіліцца не атрымаецца. Калі экс-мэтавікі адмовяцца ад пераводу на бюджэт, то будуць адлічаныя і абавязаныя выплаціць дзяржаве ўсю суму сродкаў, затрачаных на іх падрыхтоўку (хоць першапачаткова дзяржава за іх зусім не плаціла).

Калі ж студэнт не адлічыцца, а перавядзецца і скончыць вучобу на бюджэце, то яму давядзецца адпрацоўваць не два гады, як звычайным бюджэтнікам, а «не менш за пяць гадоў», як і мэтавікам, у якіх нічога не сарвалася.

Пераразмеркаванне на асаблівым кантролі

У студэнтаў ёсць магчымасць папрасіць ВНУ (ССНУ) аб пераразмеркаванні, калі прадастаўленае месца працы іх не задавальняе. Ім не заўсёды ідуць насустрач, але асабліва складана тым, хто адвучыўся на медыцынскіх і сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. У першым выпадку ВНУ або ССНУ павінна ўзгадніць перавод або пераразмеркаванне выпускніка з Міністэрствам аховы здароўя, у другім — з абласным (Мінскім гарадскім) выканаўчым камітэтам.

Цяпер жа такі кантроль устанаўліваецца наогул для ўсіх выпускнікоў, якіх размеркавалі ў сельскую мясцовасць, — незалежна ад спецыяльнасці. А таксама, у дадатак да сельскай гаспадаркі, для напрамкаў «Ветэрынарыя» і «Рыбная гаспадарка». Для ўсіх такіх выпускнікоў пераразмеркаванне будзе магчымым толькі са згоды аблвыканкамаў або Мінскага гарвыканкама.

Да іх дадаюцца і спартсмены. Тых, хто вучыўся па напрамку «Фізкультура і спорт», можна будзе пераразмеркаваць толькі па ўзгадненні з Мінспорту.

«Саскочаць» толькі сем'і дэпутатаў, дыпламатаў і сілавікоў

Магчымасці пераразмеркавання змяншаюцца і для сямейных.

Цяпер маладыя спецыялісты, якія не адпрацавалі ўвесь тэрмін, вызваляюцца ад кампенсацыі кошту вучобы, калі яны запыталі пераразмеркаванне ў горад, дзе жыве, працуе ці служыць іх муж (жонка), а працоўнага месца там не знайшлося. Умова толькі адна: муж павінен знаходзіцца ў Беларусі альбо быць супрацоўнікам замежнай дыпмісіі.

Аднак цяпер такая льгота — «сысці з адпрацоўкі і не плаціць, калі не дазволілі пераразмеркавацца» — будзе даступная далёка не ўсім жанатым і замужнім маладым спецыялістам. А толькі тым, чый муж (жонка):

  • былі абраныя на выбарную пасаду ў дзяржорганы;
  • былі накіраваны на дыпламатычную працу за мяжой;
  • з'яўляюцца вайскоўцамі (акрамя тэрміновай службы, курсантаў, рэзервістаў);
  • з'яўляюцца супрацоўнікамі КДБ, мытні, пракуратуры, ваенізаваных арганізацый, Службы бяспекі Лукашэнкі.

Пасля арміі

Для маладых спецыялістаў уводзіцца дадатковая гарантыя на выпадак іх прызыву ў войска. Цяпер, калі маладога чалавека прызвалі і ён быў звольнены для праходжання службы, але затым нешта пайшло не так і на службу яго не ўзялі, наймальнік меў права адмовіцца браць яго назад, і ў такім выпадку хлопца пераразмяркоўвалі.


Глядзіце таксама

Цяпер жа арганізацыі абавязалі прымаць тых маладых спецыялістаў, ад каго адмовілася армія, назад на адпрацоўку на працягу пяці дзён.

Калі папраўкі пачнуць дзейнічаць?

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі» пакуль не прыняты. Ён толькі нядаўна быў унесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў. Наперадзе ў яго — галасаванне ў двух чытаннях (што можа прайсці хутка або зацягнуцца на месяцы), а затым — адабрэнне ў Савеце Рэспублікі і падпісанне ў Лукашэнкі.

Пасля афіцыйнага апублікавання закона яго асноўныя палажэнні ўступяць у сілу праз шэсць месяцаў.